Праваабаронцы «Вясны» 21 сакавіка прэзентавалі фотаальбом з аднаіменай назвай, прысвечаны леташнім падзеям.
Рэдактар кнігі Алена Лапцёнак распавяля, што галоўным героем фотаальбоама з’яўляецца народ – людзі, якія выйшлі на акцыі супраць дэкрэта №3. Акрамя таго, вялікая частка фотаальбома аддадзена падзеям 25 сакавіка, а таксама абаронцам Курапатаў, таму што дзякуючы нязломнай барацьбе ўдалося прыпыніць дзеянне дэкрэта і адбіць пляцоўку каля Курапатаў, якая знаходзіцца ў ахоўнай зоне.
У фотакнігу ўвайшлі аўтарскія фотаздымкі Уладзя Грыдзіна, Сяргея Гудзіліна, Антона Матолькі, Віталя Ругайлы і іншых.
Вокладка ўключае плакат са сцяной Шчокінай, якая стала сімвалам мінулага года, дзе на працягу часу з’яўляліся новыя сацыяльна-палітычныя графіці.
“Сапраўды мы ўжо шмат гадоў жывем у краіне, дзе ўсе ўсё разумеюць, але разам з тым усё застаецца ў тым жа самым выглядзе: акцыі, пасадкі, вызваленні і так по коле”, - сказала Алена Лапцёнак.
У выданне ўвайшло каля 200 аўтарскіх здымкаў, а таксама фотаздымкі з адкрытых крыніц. Фотаальбом выдадзены на дзвюх мовах: збольшага зроблены на беларускай, а ў канцы ёсць пераклад подпісаў на старонках на англійскую.
Пра ідэю і неабходнасць выдання такога альбома распавёў старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі.
“Ва ўсім новым ёсць частка старога. Калі мы прыдумалі назву для гэтай кнігі і яна ўжо пайшла ў друк, прыйшла на памяць іншая кніга – “Менская вясна 1996”. І калі мы рабілі назву для гэтага альбома, мы абсалютна не згадвалі кніжку, але так атрымалася, што нашыя гарачыя вёсны адбываюцца фактычна штогод, і мінулы год тут не быў выключэннем”, - сказаў ён.
Тэксты для фотаальбома пісалі Алесь Бяляцкі і Алена Лапцёнак, якія прасачылі ўсе асноўныя падзеі, якія адбываліся на працягу 2017 года, і ў выніку атрымалася дастатковага драматычная гісторыя.
“Адчуванне драматычнасці беларускай гісторыі, пэўных лёсаў людзей, падмацаванае выдатнымі фатаздымкамі, склала аснову кніжкі”, - падкрэсліў праваабаронца.
2017 год быў напруджаны і даў зусім іншыя лічбы ў параўнанні з папярэднім годам. Толькі па падліках праваабаронцаў было больш за 250 адміністрацыйных арыштаў, у той час, як ў 2016 годзе – толькі адзін. Штрафы таксама былі вельмі папулярнымі, і зафіксаваны 551 выпадак прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу за ўдзел у масавых мерапрыемстваў. Агульная сума штрафаў складае больш за 135 000 еўра без уліку журналістаў.
“Канешне, гэта было выклікана масавымі акцыямі, бояззю ўлады згубіць кантроль над грамадствам, гэта быў сур’езны выклік праваабарончым арганізацыям.
Практыка адміністрацыйнага пераследу працягваецца і ў гэтым годзе, і літаральна сёння ў гэтыя хвіліны мы гэта адчуваем”, - адзначыў Алесь Бяляцкі ў сваёй прамове.
У фотаальбоме апроч мірных акцый пратэсту нададзена ўвага і крымінальным справам, якія адбываліся ў 2017 годе. Праваабаронцамі зафіксавана 40 асобаў, якія падвергліся крымінальнаму пераследу за сваю грамадскую і палітычную дзейнасць, 35 з іх праходзілі па справе “Белага легіёну”.
“Самае абуральнае, што выпусціўшы ўсіх людзей з-пад арышту, і такім чынам падцвердзіўшы іх невінаватасць, улады нават прабачэння не папрасілі, я ўжо не кажу пра выплаты нейкіх кампенсацый”, - сказаў кіраўнік “Вясны”.
Таксама ён ўзгадаў справу супраць кіраўнікоў РЭПа – Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, якія і зараз знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезде. Частка кнігі “Вясна-2017” прысвечана ім.
“Справа гэтая нескончаная, яна перайшла ў гэты год, працягнутыя следчыя дзеянні да траўня і за гэты час сотні шараговых актывістаў РЭПа па ўсёй Беларусі выклікаліся на допыты. Мы ў гэтым бачым прэсінг у адносінах да незалежнага прафсаюза, пэўны сігнал страху, які ўлады распаўсюджваюць у адносінах да беларускай грамадзянскай супольнасці, каб перашкодзіць актыўнасці і актуалізацыі тых праблемаў, якія ставяць грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі”, - упэўнены Алесь Бяляцкі.
Напрыканцы прэзентацыі ён дадаў:
“Асноўныя вехі адлюстраваныя ў гэтым альбоме, і я спадзяюся, што дзякуючы выдатнай працы фатографаў, гэтая кніга не будзе сумнай, а яе можна будзе паглядзець і ўсвядоміць масштабы рэпрэсій, якія ўлады ўжываюць у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў.
А мы будзем працягваць сваю дзейнасць, свае інфармацыйныя праекты, маніторыць сітуацыю і расказваць людзям праўду”.