Ілюстрацыйнае фота 21 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, у Мінску пачаліся затрыманні палітычных актывістаў.

Праваабаронцам стала вядома, што 21 сакавіка быў затрыманы палітык Уладзімір Някляеў. Зараз ён знаходзіцца ў Ленінскім РУУС Мінска. Верагодна, яго забралі адбываць 10-суткавы арышт, які ён атрымаў яшчэ ў лістападзе мінулага года і дагэтуль не адбыў. Тады яго пакаралі нібыта за заклікі да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве “Марш абураных беларусаў 2.0”. 

Пра лёс Някляева спрабуе даведацца ў РУУС яго адвакат. Але пакуль там кажуць, што палітыка там няма.

Таксама каля свайго дома затрыманы Вячаслаў Сіўчык, яго адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна.

Праваабаронцы даведаліся пра затрыманне актывіста Максіма Вінярскага. Яго затрымалі на вуліцы, калі той гуляў з сабакам. Ён дастаўлены ў РУУС Першамайскага раёна.

Па папярэдняй інфармацыі, супрацоўнікі праваахоўных органаў шукаюць палітыка Мікалая Статкевіча

Праваабарончы цэнтр "Вясна" сочыць за сітуацыяй. Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Хваля затрыманняў перад Днём Волі: Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Максім Вінярскі Дапоўнена