27.02.2024 Тэгі: праваабаронцы, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў Галавінскі суд Масквы 27 лютага вынес прысуд праваабаронцу, сустаршыні цэнтра "Мемарыял" Алегу Арлову. Яго абвінавацілі ў "паўторнай дыскрэдытацыі" войска паводле ч.1 арт. 280.3 Крымінальнага кодэкса РФ і асудзілі на два з паловай гады калоніі.

Каментуючы крымінальны пераслед і знволенне расійскага праваабаронцы сябра Рады ПЦ "Вясна" Канстанцін Старадубец адзначае:

"Прысуд Алегу Арлову - гэта відавочная помста выбітнаму праваабаронцу за тое, што ён называў рэчы сваімі імёнамі: вайну – вайной, забойствы – забойствамі, а фашызм – фашызмам. Турэмнае зняволенне за выказванне меркавання – чарговы відавочны сімптом "цяжкай хваробы" расійскай судовай сістэмы, у прыватнасці, і ўсёй улады краіны ў яе цяперашнім стане.

Алег Арлоў і "Мемарыял" – шматгадовыя калегі і сапраўдныя аднадумцы "Вясны". Таму для нас гэты прысуд яшчэ больш абуральны.

Год таму, пасля прысуду ў "справе Вясны", Арлоў сказаў, што "калі апынаешся ў Беларусі, то бачыш, што Расіі яшчэ ёсць куды падаць". Сёння мы пабачылі жахлівую глыбіню гэтай бездані."

Нагадаем, Алег Арлоў неаднаразова наведваў Беларусь, меў шчыльныя кантакты з праваабаронцамі, ведаў пра сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне. Ён падтрымліваў на першым судзе ў 2012 годзе кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага.

Былы старшыня праўленьня ПЦ «Мэмарыял» Алег Арлоў на судзе па справе Алеся Бяляцкага (у другім радзе па центры ў акулярах)
Алег Арлоў на судзе па справе Алеся Бяляцкага (у другім радзе па центры ў акулярах)

Апошні раз, калі Арлоў збіраўся прысутнічаць 3 сакавіка 2023 года на абвяшчэнні прысуду фігурантам справы "Вясны", яму падчас пасадкі на самалёт да Мінска заявілі што рашэннем уладаў Беларусі яму забаронены ўезд у краіну.

"Ні пра што не шкадую і ні ў чым не раскайваюся": вынесены прысуд сустаршыні цэнтра "Мемарыял" Алегу Арлову

Падставай для пераследу стала публікацыя рускага перакладу артыкула Арлова "Яны хацелі фашызму, яны яго атрымалі".

Крыніца: Канстанцін Старадубец: "Прысуд Арлову — помста выбітнаму праваабаронцу за тое, што ён называў рэчы сваімі імёнамі"