У Берасці 21 сакавіка распачаўся новы суд па пазову мясцовых жыхароў супраць будаўніцтва прадпрыемствам "АйПаўер" акумулятарнага завода. Перад пачаткам паседжання суддзя суда Маскоўскага раёна Берасця Аляксей Карагода запатрабаваў, каб людзі, якім не хапіла месца, пакінулі залю, але ніхто не пагадзіўся, многія прыселі на кукішкі.
Суддзя патлумачыў сваю прапанову клопатам аб пажарнай бяспецы, што не зашкодзіла зачыніць перапоўненую залу на ключ, каб не заходзіла яшчэ болей людзей. Пазоўнікі хадайнічаюць аб прадастаўленні большага памяшкання, каб усе жадаючыя маглі змясціцца, суддзя адмаўляе.
У судзе прысутнічаюць грамадскія актывісты, прадстаўнікі СМІ, нераўнадушныя грамадзяне, а таксама праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін.
У судзе разглядаецца пазоў грамадскага аб’яднання “Экадом” і жыхара вёскі Булькава Дзям'яна Лепясевіча, якія патрабуюць прыпынення гаспадарчай дзейнасці да правядзення паўторных грамадзкіх слуханняў па будаўніцтве шкоднага прадпрыемства. Адказчыкі гэты зыск не прызнаюць.
Наступнае хадайніцтва аб прадстаўленні дакументаў, датычных новабудоўлі і экспертызы, а таксама аб выкліку ў якасці сведкі галоўнага санітарнага лекара горада, таксама адхіленае.
Прадстаўнікі прадпрыемства АйПаўер, не згодныя з хадайніцтвам, паколькі патрабаванні пазаўшчыкоў адрозніваюцца ад заяўленых патрабаванняў.
Прадстаўнікі пазоўніка хочуць, каб ім былі прадстаўленыя зыходныя дадзеныя, згодна з якімі вызначалася адзнака уздзеяння на акаляючую прастору (АУАП), якая рабілася для грамадскіх слуханняў?
Прадстаўнік “Айпаўер” лічыць у сваю чаргу, што тое, што пазоўнікі ня ведалі аб грамадзкіх слуханнях, не з'яўляецца падставай для правядзення паўторных слуханняў. Патрабаванні пазаўнікоў не законныя, таму просіць адмовіць у задавальненні зыска.
Нагадаем, 12 сакавіка Берасцейскі абласны суд не задаволіў пазоў грамадскага аб’яднання “Экадом” адносна прыпынення будаўніцтва завода акумулятараў пад Берасцем. Паседжанне было адкрытым, за ім назіралі каля пяцідзесяці чалавек:
“Вызначэнне суда Маскоўскага раёна Берасця ад 7 лютага 2018 года пакінуць без змен. А прыватную скаргу грамадскага аб’яднання “Экадом” – без задавальнення”.
Крыніца: Берасце: яшчэ адна спроба праз суд спыніць будаўніцтва акумулятарнага завода