23.02.2024 Тэгі: грамадства, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, затрыманні, гісторыі вязняў, вайна ва Украіне З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларусы актыўна праяўляюць антываенную пазіцыю: ладзяць маршы і пікеты, псуюць чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расейскай ваеннай тэхнікі, падрываюць расейскія ваенныя самалёты, дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, ваююць на баку Украіны. 27 лютага 2022 году па ўсёй Беларусі на акцыях пратэсту супраць вайны і рэферэндуму затрымалі больш за 800 чалавек. У другую гадавіну ўварвання "Вясна" пагутарыла з двума з іх — пра тое, чаму маўчаць было больш немагчыма, а таксама пра наступствы гэтага. З мэтаў бяспекі іх імёны не называюцца.
Ад "сутак" да прастрэленых каленяў
Маналог першы: «У мяне не было магчымасці супраціўляцца інакш»
«Я даведаўся пра вайну ў першыя дзясяткі хвілінаў: ноччу прачытаў навіны. Не адразу ў гэта паверыў. Калі навіны з’явіліся ў правераных крыніцах, быў шок. Памятаю, што быў стан адрэналіну, я так і не змог заснуць. Мая дзяўчына стала тэлефанаваць сваякам, якія жылі ва Украіне. Я паехаў мяняць грошы на вакзал, бо разумеў, што зараз беларускі рубль рухне.
У той момант у Беларусі былі выбары. 27 лютага я сыйшоў з працы і паехаў на адзін з мінскіх участкаў — хацелася выказаць пазіцыю. Я разумеў рызыкі быць затрыманым, але хацеў, каб людзі ў іншых краінах бачылі, што беларусы не абыякавыя да сітуацыі. Я бачыў, як і на іншых людзі проста стаялі і гутарылі паміж сабой, але калі я прапаноўваў знаёмым, якіх там сустрэў, выказаць пэўную актыўнасць, ніхто асаблівага жадання не выяўляў. Так бы ўсё і закончылася, калі б бабуля, якая праходзіла міма, не крыкнула б: “Слава Украіне!” Усе адказалі і на пару хвілін надыйшла актыўнасць. Потым усе сталі разыходзіцца, і нас з сябрам затрымалі ў адным з суседніх двароў. Мы не паспелі скінуць Матольку відэа, якое заснялі на ўчастку.
У мікрааўтобусе сказалі глядзець у падлогу, пакуль ехалі, збіралі людзей па горадзе. У РАУС усё было фармальна. Мы сядзелі ў спортзалі, затрыманых было каля 30-40 чалавек. Было трывожна, бо не ведаў, што будзе далей. Побач сядзеў хлопец, якога ванітавала — я даў яму цэлафанавы пакет, болей дапамогі ён не дачакаўся. Калі мяне павялі афармляць і я адмовіўся даваць пароль ад тэлефона, мяне збілі. Пасля гэтага не было крыві, пачырванела скура на твары і быў сіняк на спіне. У той момант я адчуў небяспеку сітуацыі.
У ІЧУ на Акрэсціна на пяць месцаў было 14 чалавек. Усе былі затрыманыя за антываенны пратэст. Сярод іх быў маладзён з украінскімі каранямі, якога вельмі збілі ў Першамайскім РАУС, яму была патрэбная дапамога, каб хадзіць, бо ногі распухлі. Яго затрымалі, бо ён спрабаваў дапамагчы выбрацца сваім сваякам з тэрыторый, дзе ішлі ваенные дзеянні. Для гэтага ён тэлефанаваў на ўкраінскія нумары з беларускага, дамаўляўся пра розныя пытанні, шукаў валанцёраў, людзей, хто мог з’ездзіць да сваякоў ці падзяліцца палівам. Ён здзіўляўся, чаму яго збіваюць, бо ён жа рабіў усё адкрыта і гатовы быў распавесці пра гэта. А супрацоўнік, які яго затрымаў, радаваўся, што ўзяў украінскага шпіёна.
Я ведаў пра ўсю несправядлівасць сістэмы, але нібыта “памацаў” яе рукамі, толькі калі мне далі 20 сутак. Была крыўда, горыч і несправядлівасць. Пасля суда чалавек 80 сагналі ў камеру на дзесяцярых, там і на кукішках складана было сядзець. Перад тым, як перавезці ў Жодзіна, на Акрэсціна чатыры гадзіны стаялі ў мароз на вуліцы. У Жодзіна быў пастаянны прэсінг і прыгнёт з любым кантактам з супрацоўнікам, яны пастаянна ганялі нас, нельга было падымаць галаву ў калідоры. У камеры на дзесяць чалавек нас часцей за ўсё было 32 чалавекі. За гэты час у нас не было ніводнага канфлікту, хаця нагодаў было шмат. Гэта адна з найлепшых групаў людзей, з якой я знаходзіўся пэўны час. Здаралася, што збівалі — за тое, што ўначы чытаў кніжку, ці за тое, што ў чалавека даўгія валасы. У нас быў адзін душ — і тое з пярцовым газам. У душы на чатыры лейкі была ўся камера адначасова — 32 чалавекі, у гэты натоўп распылілі газ. Моцна трапіла ў пару чалавек, якім было вельмі дрэнна. Я чуў, што яны распылялі балончык і наўпрост у камеру, але праз скразняк пярцовы газ паляцеў у супрацоўнікаў.
За гэты час не было і моманту, каб я шкадаваў. Я зрабіў тое, што хацеў і заплаціў адпаведны кошт. У мяне не было магчымасці супраціўляцца інакш».
Маналог другі: «Адразу ўспомніліся кадры з ваенных фільмаў, калі габрэяў у канцлагерах запрашалі «памыцца», але з іншай мэтай»
«24 лютага 2021 году ў мяне быў татальны шок да ступені поўнай разгубленасці і эмацыйнага гневу. Як сёння памятаю, калі зранку прачнуўся на працу прыкладна а 7-й і на тэлефоне былі сотні паведамленняў, якія працягвалі паступаць адзін за адным. Выйсці на мітынг супраць вайны і крыві суседзяў — гэта найменшае, што я мог зрабіць у той момант. Калі агрэсар знішчае гарады і людзей (асабліва калі сярод якіх ёсць твае сябры, іх родныя і знаёмыя), то выйсці на вуліцу — гэта па сутнасці нішто. Можа, яшчэ і невялчкі шанец на тое, што суседзі і свет пабачаць, што беларускі народ — не тое самае, што беларускі лукашэнкаўскі рэжым. Наступствы я разумеў больш чым ясна.
Пасля затрымання я некалькі дзён быў на Акрэсціна. У першай камеры на чатыры чалавекі нас было прыкладна 20-22 чалавекі, у іншай — на 12 чалавек нас было прыкладна 60-65. Батарэі грэлі вельмі моцна. Мы былі літаральна як у лазні, вільгота цякла па сценах і па людзях. Сярод нас было два непаўнагадовых хлопца, аднаму з іх стала дрэнна. Добра, што «кармушка» была адчынена і мы яго пасадзілі каля яе і далі вады, каб ён не страціў прытомнасць. Калі быў «адбой» адзін з супрацоўнікаў Акрэсціна адчыніў дзверы, сказаў: «Нешта вас тут ужо рэальна зашмат» і перавёў частку ў іншае памяшканне.
Пасля суду (лепей, канешне, сказаць “цырку”), мяне перавезлі ў жодзінскую турму, бо месцаў для затрыманых у Мінску не хапала. Камера, дзе нас утрымлівалі, знаходзілася каля пад’езду, куды падвозілі затрыманых на аўтазаках. Як толькі адчынялі дзверы аўтазакаў, как літаральна выгрузіць людзей, адразу быў чуваць гучны брэх турэмных сабакаў, якіх спецыяльна падводзілі да аўтазакаў (а потым нават непасрэдна ў турму падчас «шмона»), каб запужаць затрыманых. Гэты брэх мы чулі ўсю сераду і чацвер (хаця мітынгі былі ў нядзелю). Хоць у нас і не было сувязі са знешнім светам, але мы зрабілі выснову, што людзі выходзілі на пратэсты потым і ў панядзелак, і ў ауторак (што аказалася праўдай). У жаночых камерах былі як дзяўчыны 18-19 гадоў, так і шмат пенсіянерак. Хапалі ўсіх. Першыя некалькі дзён у камеры на 8 чалавек плошчай прыкладна 20 квадратных метраў нас было 16 чалавек. Днём забаранялася сядзець на «нарах». Только на падлозе і за сталом, дзе памяшчалася ў лепшым выпадку 8-10 чалавек.
Праз некалькі дзён нам у камеру дадалі іншых людзей. У выніку паўтара тыдні нас быў 31 чалавек на 20 квадтраных метраў, дзе прыкладна 2-3 кв. метры займала прыбіральня. Шчыра кажучы, было няпроста. Але чалавек прызвычайваецца да ўсяго. Каб канцэнтравалі ўвагу на ўмовах утрымання, было б псіхалагічна цяжэй. А так проста прынялі гэта як аксіому, бо паўплываць ні на што мы самі не маглі. Час ад часу нам давалі невялічкі кавалак мыла і газеты ў якасці туалетнай паперы. Перадачкі не прымалі. Як казалі потым сваякі, ім адмаўлялі прымаць перадачкі са словамі: «Мы іх усім неабходным забяспечваем».
Праз тыдзень у нядзелю нас вырашылі павесці ў душ. Гэта было невялікае памяшканне з васьмі душавымі інсталяцыямі, толькі шэсць з якіх працавала. Памыцца хаця б па хвіліне там маглі адначасова максімум 20-25 чалавек, нас туды запіхнулі 60-65. Чаму яскрава памятаю той момант, бо мне адразу ўспомніліся кадры з ваенных фільмаў, калі габрэяў у канцлагерах запрашалі «памыцца», але з іншай мэтай. Вось у той момант быў такі ж кантэкст. Нас распранулі і набілі гэта памяшканее людзьмі з дзьвух камер (то бок прыкладна 60-65 чалавек), зачынілі на замок дзверы. Мы стаялі і таўкліся адзін аб аднаго, бо прасторы не было зусім. Усе былі мокрыя ад вільготнасці, але нямытыя. Сярод нас у той момант было нямала маладых людей узросту 20-23 гады, якія пачалі крычаць і шалець, іншыя больш стрыманыя мужыкі пачалі іх супакойваць, бо нас маглі ўсіх пабіць з-за паводзін гэтай групы. Але тыя не супакойваліся нават калі амапаўцы, якіх прывязлі у турмну спецыяльна сачыць на намі, пачалі крычаць і біць у жалезныя дзверы дубінкамі, каб усе супакоіліся. Нажаль, нават мы самі унутры не змаглі супакоіць гэтых маладых ёлупней, пасля чаго дзверы адчыніліся. Частка паспела выбегчы, астатнім дастаўся «пярцовы газ». Зразумела, ніхто асабліва памыцца не паспеў і нас мокрых завялі па камерам.
Кожны дзень у нас таксама быў «шмон». Нас вывадзілі ўсіх з камер і ставілі на расцяжку. Тварам да сцяны, рукі на сцяне і ладонямі да твару. Гэта была латарэя, каго ж з усёй камеры сёння выберуць амапаўцы, каб пабіць цябе па нагах і паставіць на максімальную расцяжку. Калі хтосьці падаў, то іх лупілі і ставілі ў першапачатковае становішча. Кармілі ў асноўным бігусам з няякаснай капусты і хлебам. У нядзелю быў «святочны» сняданак: рыс з кавалачкам масла. Так і праходзілі два тыдні ў Жодзіна.
Пасля вызвалення ў першы год пасля паўнамасштабнага ўварвання я ўдзельнічаў у дабрачынных марафонах, дзе збіралі грошы і іншую дапамогу, Потым у дадатак да іншых ініцыятыў пачаў самастойна фарміраваць паштовыя пасылкі ва Украіну сваім знаёмым, сябрамі і іх блізкім, якія там засталіся і жывуць пад пастаяннымі абстрэламі і рызыкай быць забітымі. Першы час накіроўваў пауэрбанкі і ежу з працяглым тэрмінам захоўвання і простым спосабам прыгатавання, бо ў 2022-2023 гадах ва Ўкраіне было шмат блэкаўтаў праз атакі на аб’екты энергетычнай інфраструктуры. Зараз сітуацыя канешне трохі лепшая з гэтым. Нягледзячы на ўсё гэта, не шкадую ні разу пра тое, што выказаў антываенную пазіцыю. Я дарослы чалавек і магчымыя наступствы пралічваў загадзя. Безумоўна, шкада, што давялося з’ехаць без магчымасці цяпер бачыцца з мамай і бабуляй. Але так ці інакш, я пралічваў такі сцэнар таксама. Усе ўчынкі, у тым ліку і грамадская пазіцыя, ў нашым жыцці маюць сваю цану. Некаторыя з іх вельмі высокую».