22.02.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Не выйшлі на волю гомельскія актывісты
Былы палітвязень Аляксей Раманаў і актывіст Васіль Палякоў правялі за кратамі ўжо па 30 сутак арышту. Цяпер супраць іх могуць быць распачатыя крымінальныя справы.
Тое, што вязні не выйшлі на волю, заўважыла «Радыё Свабода».
Аляксея Раманава затрымалі падчас студзеньскага рэйду сілавікоў. Яго арыштавалі на 15 сутак па артыкуле аб распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а затым дадалі яшчэ 15 сутак. Аляксей павінен быў выйсці на волю 22 лютага, але яго не адпусцілі.
Таксама пасля 30 сутак арышту не выйшаў на волю гомельскі актывіст Васіль Палякоў. Яго затрымалі падчас рэйду і два разы прысудзілі па 15 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах.
У Бярозаўцы на 15 сутак арыштавалі назіральніцу на выбарах 2020 года
У Бярозаўцы мясцовую жыхарку Гражыну Гетка арыштавалі на 15 сутак, піша тэлеграм-канал "Затрыманні, суды ў Лідзе". Па якім артыкуле 19 лютага судзілі жанчыну-невядома.
У 2020 годзе Гетка была назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах. У верасні 2023 года яе аштрафавалі на 30 базавых велічынь па артыкуле аб распаўсюдзе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў.
За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў затрыманы лідчанін
На адным з каналаў сілавікоў 21 лютага з'явілася інфармацыя аб палітычна-матываваным затрыманні жыхара Ліды і змяшчэнні яго ў ІЧУ.
На відэа мужчына кажа:
"Я, жыхар Ліды, затрыманы супрацоўнікамі міліцыі за тое, што ў сетцы Інтэрнэт распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы. У зробленым раскайваюся, больш паўтараць такога не буду. Віну сваю прызнаю цалкам".
Двух святароў з Віцебшчыны абвясцілі ў вышук
У Расіі абвясцілі ў вышук двух святароў з Віцебшчыны.
Ксёндз Вячаслаў Барок, былы пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў гонар св. Язафата Кунцэвіча, што ў Расонах, і Андрэй Вашчук, былы пробашч віцебскай рымска-каталіцкай парафіі Святога Духа, былі вымушаны пакінуць Беларусь, дзе іх пераследавалі за шчырасць у выказваннях і антываенную пазіцыю, паведамляе "Віцебская вясна".
Крыніца: Святароў абвясцілі ў вышук, новыя арышты: хроніка пераследу 22 лютага