22.02.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У суд накіравалі крымінальную справу ў дачыненні да Алены Жылачкінай (Жываглод), Паўла Лібера, Паўла Марыніча і Аляксандра Дабравольскага, якія, паводле абвінавачвання, "распрацавалі план па зрыву рэспубліканскага рэферэндуму ў 2022 годзе". Іх будуць судзіць завочна. Чатырох чалавек абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 191 КК у "перашкодзе працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненым з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове". Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць 27 снежня.

kalazh_zhyvahlod_dabravolski_liber_maryn
Алена Жываглод, (злева направа) Павел Лібер, Аляксандр Дабравольскі, Павел Марыніч

Па матэрыялах справы, фігуранты разам з іншымі асобамі ў студзені-лютым 2022 года ўдзельнічалі ў распрацоўцы і рэалізацыі адзінага плана супрацьпраўных дзеянняў для зрыву рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі, прызначанага на 27 лютага 2022 года. Згодна з планам, па месцы працы і жыхарства членаў Цэнтрвыбаркама і камісій па рэферэндуме павінны былі накіроўвацца лісты з тэкстам, распрацаваным абвінавачанымі не пазней за студзень 2022 года. У прыватнасці, у лістах утрымліваліся пагрозы для запалохвання, фарміравання сумневу ў правамернасці сваіх дзеянняў і пачуцця віны за працу ў складзе выбарчых камісій, выклікаліся ўяўленні аб немагчымасці дзеючай улады забяспечыць іх бяспеку. У іх таксама патрабавалася даць "экстрэмісцкаму фармаванню" "Честные люди" неабходныя ім звесткі, рабіліся неабгрунтаваныя заявы аб фальсіфікацыях яўкі на рэферэндум і вынікаў галасавання.

Адзначаецца, каб "давесці распрацаваны адзіны план супрацьпраўных дзеянняў да неабмежаванага кола людзей, абвінавачаныя і іншыя асобы 21 студзеня 2022 года правялі прэс-канферэнцыю аператыўнага штаба дэмакратычных сіл". Яе відэазапіс у гэты ж дзень быў размешчаны на відэахостынгу YouTube і іншых інтэрнэт-рэсурсах. Заклікі вырабляць і накіроўваць лісты з распрацаваным тэкстам чальцам ЦВК і камісій рэферэндуму размяшчаліся таксама ў розных мэсэнджарах і сацсетках.

"Усведамляючы ўласную безгрунтоўнасць, адсутнасць падтрымкі і аўтарытэту ў беларускім грамадстве, абвінавачаныя ініцыявалі накіраванне падобных лістоў ад імя Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, іншых дзяржаўных органаў, а таксама службовых і іншых асоб, якія не мелі дачынення да такой супрацьпраўнай дзейнасці", – адзначылі ў Генпракуратуре.

Адзначаецца, што ў выніку ў адрас членаў ЦВК і камісій па рэферэндуме накіравана не менш за 11 тыс. лістоў з пагрозамі.

Алена Жываглод – кіраўніца ініцыятывай "Сумленныя людзі", Аляксандр Дабравольскі – палітык, старшы дарадца Святланы Ціханоўскай, Павел Лібер стварыў платформу для галасавання "Голас", Павел Марыніч з’яўляецца кіраўніком "Маланка Медыя".

Крыніца: У суд перадалі справу "за спробу зрыву рэферэндуму". Чатыры яе фігуранты будуць судзіць завочна