20.02.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязня, які адбывае тэрмін на "хіміі", аштрафавалі за атрыманне "замежнай дапамогі" ад INeedHelpBY
У Оршы 1 лютага адбыўся суд над палітвязнем Дзянісам Сяргеевым паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці). Дзяніса затрымлівалі ў ПУАТ-36 23 студзеня падчас рэйду КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятыву INeedHelpBY.
Паводле пратаколу, палітвязень "атрымаў і выкарыстаў замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на агульную суму 244 рублі і 38 капеек, пералічаных прадстаўнікамі экстрэмісцкага фармавання INeedHelpBY у адрас інтэрнэт-крамы "Еўраопт".
Суддзя Юлія Хаткевіч прызначыла Дзянісу штраф памерам 1 000 рублёў (25 базавых велічыняў) з кампенсацыяй сумы "замежных" аплат у Е-дастаўцы.
Для палітвязня Міколы Статкевіча не прынялі рэчавую перадачу і медычную бандэроль
Нагадаем, Статкевіч, асуджаны да 14 гадоў калоніі, знаходзіцца за кратамі амаль 4 гады. Але ўжо 373 дні ад палітвязня няма ніякіх звестак. У другой палове лістапада сваякі Мікалая праз "другія рукі" атрымалі інфармацыю, што ён сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару.
Жонка палітвязня Марына Адамовіч была затрымана 23 студзеня падчас рэйда КГБ. Яе асудзілі за "дробнае хулігнаства" да 15 сутак арышту.
19 лютага на сваёй старонцы ў фэйсбуку жанчына напісала, што з калоніі ў чарговы раз вярнулі рэчавую перадачу і медычную бандэроль.
Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу
Былога палітвязня Андрэя Кудзіка знайшлі на "сутках"
20 лютага стала вядома, што актывіст з Вілейкі знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ, дзе адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Па якім артыкуле — пакуль не вядома.
Нагадаем, сувязь з былым палітвязнем знікла 15 лютага. У мінулым кастрычніку яму ўжо прызначылі 15 сутак арышту за віншаванне Украіны з Днём Незалежнасці ў TikTok.
Крыніца: Новыя затрыманні і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 20 лютага