15.02.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Віцебскім абласным судзе 15 лютага распачаўся суд над 37-гадовым грамадзянінам Украіны Андрэем Шмаем. Яго абвінавачваюць па двух цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 358 (шпіянаж) і арт. 358-1 (агентурная дзейнасць), па якіх украінцу пагражае да 15 гадоў зняволення. Справу разглядае Яўген Бурунаў. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме.
Андрэй утрымліваецца пад вартай з 19 студзеня 2023 года ў СІЗА-2. Затрымалі яго наўпрост на працоўным месцы. Доўгі час сям’я не ведала, што з ім здарылася, і толькі праз два тыдні жонцы Андрэя патэлефанавалі з органаў. Чалавек, які назваўся следчым, папрасіў перадаць дакументы Андрэя. Больш ніякіх падрабязнасцяў ён не паведаміў.
Мужчына нарадзіўся ў Чарнігаве і мае ўкраінскае грамадзянства. У Беларусь ён пераехаў пасля жаніцьбы. Сям'я ўжо 10 гадоў жыла ў Віцебску. Працаваў Андрэй рабочым па абслугоўванні будынкаў Віцебскага аблвыканкаму.
У фільме АНТ пра тэракт у Мачулішчах і сетку СБУ, які выйшаў 5 красавіка 2023 года, у Беларусі гаворыцца, нібыта Андрэй Шмай рэгулярна адпраўляў інфармацыю пра сітуацыю ў аблвыканкаме праз мэсэнджар Signal ва Украіну свайму малодшаму брату Руслану, які служыць у Чарнігаўскім аператыўным упраўленні "Поўнач" і з'яўляецца намеснікам камандзіра ў аператыўных справах. У фільме таксама сцвярджаецца, што перапіска была зашыфраванай, хаця Андрэй Шмай тлумачыць, што проста выдаляў паведамленні, калі іх збіралася шмат.
Вядома, што Андрэй Шмай – былы вайсковец, з 2006 па 2013 г. Служыў на беларуска-ўкраінскай мяжы інспектарам пункта пропуску "Ярылавічы". Потым пераехаў у Віцебск, уладкаваўся рабочым па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў –- выконваў розныя работы, звязаныя з падтрыманнем матэрыяльнай часткі ўстановы (абслугоўванне электрыкі, сантэхнікі і іншыя бягучыя работы, якія не патрабуюць высокай кваліфікацыі).
Крыніца: Супрацоўніка віцебскага аблвыканкаму судзяць за "агентурную дзейнасць" на карысць Украіны