15.02.2024 Тэгі: выбары-2024 Пры аналізе перадвыбарных абацанняў кандыдатаў у дэпутаты ў Мазырскі гарадскі і раённы саветы ўвагу звяртае іх агульны і прапагандысцкі характар: за рэдкім выключэннем перадвыбарныя праграмы кандыдатаў уяўляюць сабой набор дэкларатыўных ідэалагічных штампаў без аніякай канкрэтыкі задач, якія народныя абранцы ставяць перад сабой.
Так, кандыдат па Першамайскай выбарчай акрузе №29 Аляксей Цалко выступае за выхаванне падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму, захаванне нацыянальных традыцый і сцвярджэнне ў грамадстве агульначалавечых маральных і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Вось так глабальна і ні аб чым.
Кандыдат па Маладзёжнай выбарчай акрузе №11 Сяргей Канаш дэкларуе непахіснасць канстытуцыйнага ладу, палітычную стабільнасць і паступальнае развіццё, а таксама вяршэнства права і роўнасць усіх перад законам.
Кандыдатка па Студэнцкай выбарчай акрузе №33 Вольга Арцёменка паўтарае за ім той жа самы набор ідэалагічных клішэ: выхаванне патрыятызму ў маладога пакалення, умацаванне пераемнасці пакаленняў, умацаванне суверэнітэту нашай краіны, стабільнасць і парадак у дзяржаве.
За умацаванне міру, захаванне суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь, сяброўства і паразуменне з іншымі народамі, павышэнне дабрабыту беларусаў, захаванне гістарычных каштоўнасцяў, парадак і стабільнасць выступае таксама кандыдат па Катлоўскай выбарчай акрузе №10 Алеся Сіліч. Валерый Наныўка, кандыдат па Кааператыўнай выбарчай акрузе №14 абяцае выбарцам падтрымліваць курс, накіраваны на ўмацаванне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, палітычнай і сацыяльна-эканамічнай стабільнасці, традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, гістарычнай памяці.
Падобныя абяцанні і ў кандыдаткі па Медыцыйнскай выбарчай акрузе №7 Будкоўскай Галіны: палітычная стабільнасць, духоўна-маральныя традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, вяршэнства права і роўнасць усіх перад законам.
Складваецца ўражанне, што на Мазыршчыне адсутнічаюць сацыяльна-эканамічныя праблемы і выбарцам, акрамя «міру, парадку і стабільнасці» больш абяцаць няма чаго.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Крыніца: "За мір, парадак, стабільнасць і камфортнае даўгалецце": перадвыбарныя абяцанні мазырскіх кандыдатаў