15.02.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм У Гомельскім абласным судзе 15 лютага распачынаецца працэс над 28-гадовым жыхаром Петрыкава Іванам Сухамеравым. Яго абвінавачваюць адразу паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх – "здрада дзяржаве" і "ўдзел у ваенных дзеяннях". Падрабязнасці абвінавачвання невядомыя. Суд таксама будзе адбывацца ў закрытым рэжыме. Верагодна, пад вартай ён утрымліваецца з сярэдзіны чэрвеня 2023 года – тады мужчыну судзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Тэлеграм-каналы сілавікоў пісалі, што ён нібыта быў затрыманы пры нелегальным пераходзе мяжы ў Беларусь.
Івану Сухамераву інкрымінуюць наступныя артыкулы:
- ч. 1 арт. 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу);
- ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі);
- ч. 1 і 2 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці);
- арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
- ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім);
- ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
- арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
- ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
- ч. 2 арт. 290-5 (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі).
Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Багінскі.
Як пісаў "Штодзень", у 2017 годзе хлопец атрымаў дыплом сацыяльнага педагога па заканчэнні Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна. Прыблізна з гэтага часу, як бачна па ягоных сацыяльных сетках, ён пачаў крытычна выказвацца на адрас улады. Асабліва актыўна мужчына выступаў супраць адыёзнага дэкрэта “Аб дармаедах”.
Падтрымайце вязня: СІЗА-3, Гомель, Кніжная 1А, 246003, Іван Аляксандравіч Сухамераваў
Мінімум 55 фігурантаў. Распавядаем, каго і як у Беларусі пераследуюць за "здраду дзяржаве"
Крыніца: 28-гадовага жыхара Петрыкава абвінавачваюць у "здрадзе дзяржаве" і яшчэ па 9 палітычных артыкулах