15.02.2024 Тэгі: умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма “Пакаранне ў зняволенні: інструмент выпраўлення ці знявагі? Міжнароднае і нацыянальнае права і практыка” – канферэнцыю на гэтую тэму праводзіць 20 лютага ў Вільні праваабарончая ўстанова “Лекары за праўду і справядлівасць”.
Ледзьве не кожны дзень з“яўляецца інфармацыя аб жорсткіх умовах, у якіх утрымліваюцца вязні ў следчых ізалятарах або зняволеныя ў калоніях. Аднак у месцах зняволення ёсць свайго роду “турмы ў турме” – гаворка ідзе пра штрафныя ізалятары (ШІЗА), і карцэры, і памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Рэдка які палітвязень не мае асабістага досведу адбывання дадатковага пакарання ў гэтых памяшканнях.
Праваабаронцы адзначаюць, што беларускае заканадаўства і падзаконныя нарматыўныя акты змяшчаюць шэраг палажэнняў, якія ўзаконьваюць такія умовы ўтрымання ў ШІЗА, што іх магчыма расцэньваць як жорсткія, бесчалавечныя, якія зневажаюць чалавечую годнасць. Напрыклад, у ШІЗА не выдаецца пасцельная бялізна, забаронена мець пры сабе прадукты харчавання або набываць іх, не дазваляецца перапіска. Але ёсць нямала паведамленняў і пра наўмыснае стварэнне жорсткіх, бесчалавечных умоў і нават катаванні ў дачыненні да палітвязняў пры адбыванні імі пакарання ў ШІЗА.
“Лекары за праўду і справядлівасць” арганізавалі экспертнае даследаванне праблемы захавання правоў зняволеных пры змяшчэнні іх у штрафныя ізалятары (карцэры, ПКТ).
Акрамя прэзентацый вядомых экспертаў, пад час канферэнцыі прадугледжваецца калектыўнае абмеркаванне праблемы, магчымасці і спосабы яе вырашэння на сучасным этапе.
Арганізатары запрашаюць зацікаўленых асоб прыняць удзел у канферэнцыі.
Уваход вольны, аднак для стварэння спрыяльных умоў для ўдзельнікаў варта папярэдне зарэгістравацца.
Для рэгістрацыі запоўніце, калі ласка, простую форму, перайшоўшы па спасылцы
Дзе: Цэнтр беларускай культуры і супольнасці, Вільня, Vilniaus g. 20
Час: 20 лютага (аўторак) ў 10.00.
Крыніца: Штрафны ізалятар, карцэр, ПКТ: інструмент выпраўлення ці знявагі?