09.02.2024 Тэгі: выбары-2024 Згодна з каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў этап перадвыбарнай агітацыі пачаўся ў апошні дзень студзеня і скончыцца 24 лютага – за дзень да асноўнага дня галасавання. Ужо мінула амаль палова тэрміна, адведзенага патэнцыйным дэпутатам з мэтай паказаць сябе і схіліць выбаршчыкаў галасаваць за сваю кандыдатуру. Ці карыстаюцца кандыдаты гэтым правам і як ідзе перадвыбарная агітацыя ў рэгіёнах Міншчыны? З кампаніяй "Праваабаронцы за свабодныя выбары" аналізуем па старонках сайтаў дзяржаўных раённых газет, як у Мінскай вобласці (не)праходзіць перадвыбарная агітацыя.

Нагадаем, згодна арт. 45 Выбарчага кодэкса грамадзянам Рэспублікі Беларусь, палітычным партыям, іншым грамадскім аб'яднанням, працоўным калектывам, давераным асобам кандыдатаў у дэпутаты даецца права свабоднага і ўсебаковага абмеркавання перадвыбарных праграм кандыдатаў у дэпутаты, іх палітычных, дзелавых і асабістых якасцей, правядзення агітацыі за ці супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, а таксама падчас сустрэч з выбаршчыкамі.

"Абмежаваныя рэпрэсіўнымі законамі і практыкай". Расказваем пра перадвыбарчую агітацыю

З аналітыкамі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" расказваем, чаму менавіта этап агітацыі грае ключавую ролю на выбарах, якія (не)існуюць умовы ў Беларусі для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў, як фінансуецца гэты дарагі этап і якія парушэнні часцей за ўсё фіксуюцца падчас агітацыі.

Дзяржаўная газета "Голас Любаншчыны" за апошнія дзесяць дзён не размясціла на сваім сайце ніводнай публікацыі, прысвечанай агітацыйнай "барацьбе" дзяржаўных кандыдатаў у дэпутаты. У раёнцы пішуць аб трэнінгу для кіроўнага складу УВК, дыялогавых пляцоўках, размяшчаюць статыстычныя дадзеныя і адказы на "вострыя" пытанні аб выбарах*. У той жа час – ні слова аб будучых дэпутатах і тым, чым яны займаюцца падчас самага, бадай, напружанага перыяду кампаніі – агітацыі.

"Крупскі веснік" у адмысловай рубрыцы "Адзіны дзень галасавання" з 31 студзеня піша шмат аб чым, але толькі не аб кандыдатах у дэпутаты і іх перадвыбарнай агітацыі. Вось загалоўкі некаторых публікацый:

  • Владимир и Анна ТКАЧЕНКО: "Мы всегда ходим на выборы с чувством долга и ответственности",
  • Алла КАРПЕЙЧИК: "Мы должны быть активными, посетить избирательный участок, оставить свой голос",
  • Людмила ГУР: "Я хожу на выборы, потому что это, прежде всего, мой гражданский долг",
  • Ольга ХАЦКЕВИЧ: "Участие в выборах разного уровня – наше участие в управлении страной",
  • Василий ЛЫСКОВЕЦ: "Выборы – это наш шанс и, конечно же, наш гражданский долг!"

"Хто ўсе гэтыя людзі? Кандыдаты ў дэпутаты? Не. Як гэта не крыўдна можа гучаць, але яны – простыя статысты, акторы другога ці нават трэцяга плану ў дэкарацыі пад назвай выбары*. Іх задача – сваім удзелам у масоўцы легітымізаваць "абранне" ў дэпутаты тых, хто нават не з’яўляецца ў публічнай прасторы", – каментуе прадстаўнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

"Раённы веснік" Чэрвеншчыны таксама размяшчае на сваіх старонках матэрыялы пра выбары*, напрыклад, "Председатель Червенского сельисполкома информирует население на тему проходящей электоральной кампании", "Заместитель председателя Червенского райисполкома рассказала трудовым коллективам о проходящей электоральной кампании", "Учащиеся средней школы № 4 подготовили пригласительные письма для родителей на Единый день голосования" і таму падобнае. Аб кандыдатах у дэпутаты не ўзгадваецца ні слова.

Ёсць і іншыя прыклады. На сайце смалявіцкай раённай газеты сярод іншага знаходзім публікацыю, прысвечаную сустрэчы кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Жодзінскай выбарчай акрузе № 64 Юрыя Марэцкага з выбаршчыкамі пасёлка Зялёны Бор. Мяркуючы па фотаздымку, які суправаджае матэрыял, цікавасць да сустрэчы праявіла невялікая колькасць месцічаў. Напісана, што на яе прыйшлі "кіраўніцтва і работнікі сельвыканкама, прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый пасёлка і іншыя нераўнадушныя грамадзяне". Але пазіруе кандыдат на фоне ўсяго трох чалавек у крэслах. Тым не менш, "удзельнікі актыўна задавалі пытанні кандыдату, дзяліліся набалелым і агучвалі пажаданні".

У Лагойскім раёне кандыдаты ў дэпутаты праводзяць сустрэчы ў працоўных калектывах. Прынамсі, 7 лютага яны сустракаліся з выбаршчыкамі ў ДЭУ-67 і Лагойскім камгасе. Т. Лаўрыновіч і Я. Паповіч азнаёмілі землякоў з сваімі перадвыбарнымі праграмамі і заклікалі прыйсці галасаваць на выбарчыя ўчасткі.

Адны з самых кіпучых кандыдатаў у дэпутаты (або журналістаў дзяржаўных газет, якія асвятляць працу кандыдатаў) – у Барысаўскі раёне. На сайце дзяржаўнай газеты "Адзінства" размешчана тры публікацыі, прысвечаныя сустрэчам патэнцыйных дэпутатаў з выбаршчыкамі. Шматпланавыя фотаздымкі дазваляюць выявіць, што на сустрэчы з кандыдатамі прысутнічаюць выбаршчыкі, але, на жаль, яны не перадаюць атмасферы сустрэч і не ўтрымліваюць ніякай інфармацыі аб тым, як гэтыя людзі туды патрапілі. Але некаторыя высновы ўсё ж зрабіць можна.

Усе сустрэчы праводзяцца ў працоўных памяшканнях. Аб гэтым сведчаць як самі фотаздымкі, гэтак і тэкставае суправаджэнне да іх. Ускосна можна зрабіць таксама выснову і аб тым, што сустрэчы праводзяцца ў працоўны час.

Вось гэта сустрэча кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Барысаўскай сельскай выбарчай акрузе № 63 Руслана Касыгіна з працоўным калектывам Барысаўскага філіяла УП “Светоприбор” ОО “БелТИЗ”. За вокнамі – светла, гэта яшчэ дзень, нават не вечар.

А на гэтых фотаздымках сустрэча кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Барысаўскай сельскай выбарчай акрузе № 63 Алы Руткоўскай з адным з трох працоўных калектываў: раённага цэнтру народнай творчасці, або Старабарысаўскай дзіцячай школы мастацтваў, або Старабарысаўскага сельскага Дома культуры. За вокнамі – яркае белае святло. Варта заўважыць, што на фоне адной і той жа сцяны прыкладна ў адзін і той жа час сфатаграфаваныя абсалютна розныя людзі. 

На двух апошніх фотаздымках сустрэча кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Барысаўскай сельскай выбарчай акрузе № 62 Аляксандра Шыпулы з адным з трох працоўных калектываў: СДзЮШАР, або ААТ "140 ремонтный завод", або СШ № 2. За вокнамі – таксама дзень дзень, а на гадзінніку – 10:58.

Аўтары адной з публікацый на сайце газеты "Адзінства" пасля апісання сустрэчы кандыдата з працоўным калектывам заўважаюць: "Напомним, что Избирательный кодекс Республики Беларусь гарантирует всем кандидатам в депутаты равные права и возможности в период проведения агитации". Але праваабаронцы задаююцца пытаннямі, ці так ужо і гарантуе, ці такія ўжо і роўныя? А як жа быць з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу, чым, па сутнасці, і з’яўляецца магчымасць для "сваіх" кандыдатаў бесперашкодна трапляць на тэрыторыю прадпрыемстваў, арганізацый і там праводзіць агітацыю ў працоўны час?

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Як у Беларусі выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс на выбарах*

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тлумачыць, што такое адміністрацыйны рэсурс, ці прадугледжаны за яго выкарыстанне кандыдатамі санкцыі і распавядае, як ён выкарыстоўваўся ў Беларусі падчас мінулых выбараў.

Крыніца: Глядзім, як (не)агітуюць на Міншчыне і выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс