17.01.2024 Тэгі: ААН, палітвязні, умовы ўтрымання Суд Івацэвіцкага раёна 15 студзеня пастанавіў замяніць палітвязню Рыгору Кастусёву, асуджанаму да 10 гадоў калоніі, рэжым утрымання на турэмны. Такое рашэнне прыняў суддзя Сяргей Кухацкавольцаў па выніках пасяджэння па відэасувязі. У зняволенні ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне. З гэтай нагоды юрысты "Вясны" адправілі запыт спецдакладчыкам ААН.
Рыгор Кастусёў — 66-гадовы вядомы апазіцыйны палітык і старшыня партыі БНФ. Яго арыштавалі ў красавіку 2021 года па крымінальным абвінавачванні ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" і асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пасля арышту ў спадара Кастусёва дыягнаставалі рак, аднак гэта не паўплывала на змякчэнне ўмоваў утрымання. У жніўні 2023 года ён прайшоў анкалагічнае абследаванне, але вынікі праверкі не былі паведамленыя ні яму, ні яго сям'і, ні яго адвакату. Нягледзячы на пагаршэнне здароўя, Кастусёў чатыры разы змяшчаўся ў штрафны ізалятар (ШІЗА) на тэрмін да 15 сутак кожны. 11 лістапада 2023 года палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на чатыры месяцы, а цяпер — на турэмны рэжым.
Праваабаронцы канстатуюць, што за час утрымання пад вартай стан здароўя Кастусёва сур'ёзна пагоршыўся. Доступ да інфармацыі пра яго здароўе і адпаведнага лячэння строга абмежаваны. Устаноўленыя ўмовы адбыцця крымінальнага пакарання не ўлічваюць цяжкі стан яго здароўя, не дазваляюць яму прайсці якаснае лячэнне і ставяць пад пагрозу яго жыццё.
З гэтай нагоды юрысты "Вясны" звярнуліся да спецыяльных дакладчыкаў ААН па Беларусі і па здароўі, каб тыя патрабавалі ва ўладаў Беларусі інфармацыю пра ўмовы ўтрымання і стан здароўя Рыгора Кастусёва, а таксама лячэнні, якое яму аказваецца. Акрамя гэтага, юрысты заклікалі спецдакладчыкаў накіраваць тэрміновы заклік да ўладаў з просьбай забяспечыць Кастусёву належнае лячэнне.
Калі вы сутыкнуліся з парушэннямі з боку дзяржавы, звяртайцеся па дапамогу з абскарджаннем да юрыдычнай службы "Вясны": Telegram: @zvarot96 і Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..