11.01.2024 Тэгі: адміністратыўны пераслед, грамадства, аналітыка, рэпрэсіі Цягам мінулага году па ўсёй Беларусі працягвалася хваля жорсткіх рэпрэсій. Па звестках праваабаронцаў "Вясны", агулам за 2023 год з палітычным пераследам сутыкнуліся не менш за 6 386 чалавек, з якіх амаль 4 500 асудзілі па адміністрацыйных справах. Не менш за 2 000 чалавек у мінулым годзе прайшлі праз арышты і нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў часовых ізалятарах, дзе "палітычным" не выдаюць ані матрацы, ані сродкі гігіены. "Вясна" ў лічбах распавядае пра адміністрацыйны пераслед у 2023 годзе, а таксама пра тое, за якія абсурдныя прычыны іх кідалі за краты і прызначалі вялікія штрафы.

Колькасць рэпрэсій за мінулы год 

Па інфармацыі праваабарончага цэнтру "Вясна", у мінулым годзе сутыкнуліся з рознымі відамі рэпрэсій мінімум 6 386 чалавек. З іх 1 776 — жанчыны, яшчэ 4 566 — мужчыны.

Але ўсе лічбы могуць быць значна большым праз тое, што ў праваабаронцаў няма поўных звестак пра рэпрэсіі.

Мапа рэпрэсій у Беларусі  

Большую колькасць рэпрэсій праваабаронцы зафіксавалі ў Мінску і мінскай вобласці — 1 535 чалавек. Наступнымі ідуць Гомельская і Гродзенская вобласці — 1 345 і 1 023 чалавекі.

Адміністрацыйны пераслед у 2022 годзе 

Паводле праваабаронцаў, летась па ўсёй краіне адбылося не менш за 4 466 судоў паводле "палітычных" артыкулаў. Беларускія суды прызначылі не менш за 1 822 штрафы на агульную суму ў 1 524 492 рублі (амаль 466 тысяч даляраў). Таксама суддзі прызначылі мінімум 2 005 арыштаў. Агулам у ізалятарах беларусы адбылі мінімум 22 988 сутак (амаль 64 гады).

Акрамя гэтага, па інфармацыі "Вясны", судамі ў 22 выпадках былі прызначаны грамадскія працы, а таксама з розных прычынаў спыненыя 38 справаў.

Жорсткія ўмовы ўтрымання 

Для "палітычных" арыштантаў цягам трох з паловай гадоў ствараюцца "спецыяльныя" ўмовы ў камерах часовых ізалятараў. Увесь гэты час людзям не выдаюць сродкі гігіены, зменнага адзення, пасцельнай бялізны. Іх не выводзяць ані ў душ, ані на свежае паветра. У такіх умовах некаторых арыштаваных могуць утрымліваць па некалькі месяцаў запар.

"Палітычныя" камеры ўвесь час перапоўненыя. Людзі вымушаны спаць на падлозе, пад ложкамі, на лаўцы. У камеры саджаюць бяздомных людзей у якасці дадатковага ціску. Ноччу і днём бесперапынна гарыць святло.

Для затрыманых не прымаюць перадачы, а мыла і туалетную паперу ім прыходзіцца часам выпрошваць у адміністрацыі па некалькі дзён.

Цёплай вады ў камерах звычайна няма, а тую, што цячэ з-пад крана, вельмі не рэкамендуецца піць.

На медыцынскую дапамогу арыштантам разлічваць не прыходзіцца, пры гэтым лекі для іх з волі таксама не прымаюць.

Самыя абсурдныя адміністрацыйныя справы ў 2023 годзе 

Цішотка з лагатыпам палка Каліноўскага

Напрыканцы красавіка 2023 года ў Баранавічах ноччу ў бары "Вуглі" затрымалі мясцовага жыхара. Прычынай стала цішотка з лагатыпам палка Кастуся Каліноўскага, які быў прызнаны "экстрэмісцкім". За гэта на яго склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП.

У выніку суд пастанавіў аштрафаваць мужчыну на 740 рублёў (20 базавых велічыняў), а таксама канфіскаваць цішотку.

Фота на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны

У судзе Наваполацка 17 жніўня адбыўся суд над мужчынам, якога затрымалі напярэдадні раніцай. Яго абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Падставай для затрымання стаў апублікаваны ў Instagram фотаздымак жыхара Наваполацка з адпачынку ў Грузіі, на якім ён стаіць на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны. Пры гэтым фота было апублікавана яшчэ 8 жніўня 2021 года, але міліцыянты заўважылі яго толькі праз два гады.

Навапалачанін у судзе віну прызнаў часткова. Ён растлумачыў, што ў памяць пра турыстычнае падарожжа ў Грузію ў 2021 годзе размясціў на сваёй старонцы фота, на якім таксама была выява сцягоў Грузіі і Украіны, аднак не меў мэты правесці пікетавання. Акрамя гэтага, ён адзначыў, што "факт публікацыі фота з выявай сцяга Украіны і падзеямі, якія адбываюцца ва Украіне — супадзенне".

У выніку суддзя Зінаіда Балаболава прызнала мужчыну вінаватым у пікетаванні ўкраінскім сцягам і асудзіла яго да 15 сутак арышту.

Аплікацыя "Zerkalo" у тэлефоне

У судзе Бярэзінскага раёна 11 верасня асудзілі мужчыну паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Паводле матэрыялаў справы, у яго тэлефоне міліцыянты знайшлі аплікацыю "Новости Беларуси — Zerkalo.io".

На судзе ён прызнаў віну і патлумачыў, што набыў тэлефон за месяц да затрымання з ужо ўсталяванай аплікацыяй, але не выдаліў яе.

Суд адзначыў, што забароненую інфармацыйную прадукцыю мужчына захоўваў менавіта для распаўсюду, што пацвярджаецца ў тым ліку тым, што "ён забяспечыў доступ супрацоўніка міліцыі да экстрэмісцкіх матэрыялаў, тым самым распаўсюдзіў гэту прадукцыю".

Вынікам суда стаў 15-сутачны арышт.

"Распаўсюд" уласных "экстрэмісцкіх" песень  

Напачатку траўня ў Гомелі адбыўся суд над удзельнікамі гурта "Дети хрущёвок", у тым ліку і над лідарам гурта Янам Дворакам. Яго абвінавацілі ў вырабе і захоўванні для распаўсюду музычных кампазіцый "2020", "Таракан (Дэма)", "Папицот", якія ад 11 красавіка былі прызнаныя "экстрэмісцкімі" судом Цэнтральнага раёна Гомеля.

Суддзя Андрэй Лагуновіч 5 траўня прызнаў Яна вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП і арыштаваў яго на 10 сутак. Астатніх музыкаў арыштавалі на пяць і сем сутак.

Лідар гурта "Дети хрущёвок", песні якога прызналі "экстрэмісцкімі", распавёў пра пераслед за сваю творчасць

Лідар і вакаліст гурта "Дети хрущёвок" Ян Дворак распавёў "Вясне" пра тое, як іх творчасць прыраўнялі к "экстрэмізму", затрыманне, "суткі" ў гомельскім ізалятары і сувязь з TOR BAND.

"Сябар" у VK з "экстрэмісцкай" аватаркай

Напрыканцы верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва разглядзелі справу супраць мясцовага слесара. Яго абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" па арт. 19.11 КаАП.

Так, згодна з пратаколам, "мужчына з дапамогай свайго акаўнта, у адкрытым доступе ва ўкладцы "сябры" размясціў візуальны матэрыял у выглядзе тэксту Belsat, размешчаны на "аватарцы" карыстальніка электроннай анкеты сацыяльнай сеткі "Укантакце" пад назвай Belsat Tv".

На судзе мужчына пацвердзіў, што ведаў пра ўключэнне "Белсата" ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, але на момант, калі ён дадаваў акаўнт у сябры, "экстрэмісцкай" аватаркі не было. Сваю віну ён не прызнаў.

Вынікам суда стаў 15-сутачны арышт.

Выкананне гімну Украіны ў караоке-бары 

У красавіку ў судзе Маскоўскага раёна Брэста разглядзелі справу супраць мужчыны, якога абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" паводле арт. 24.23 КаАП. Паводле пратакола, мужчына ноччу з 30 на 31 сакавіка, знаходзячыся ў мясцовым караоке-бары, праспяваў гімн Украіны, "чым публічна выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы". Віны сваёй ён не прызнаў і патлумачыў, што рабіў гэта насуперак мужчыну, які прасіў не спяваць украінскія песні.

Вядома, што незадаволены мужчына — грамадзянін РФ. Паводле яго сведчанняў, берасцеец прасіў яго з'ехаць з Беларусі і спяваў без мікрафона гімн Украіны, нягледзячы на шматлікія просьбы гэтага не рабіць.

Затрымалі мужчыну толькі 7 красавіка. Яго прызналі вінаватым у "пікетаванні" і прызначылі сем сутак арышту.

Хэштэг са словамі "Жыве Беларусь" 

Справу прадпрымальніка Дзмітрыя Сторажава 27 кастрычніка разглядзела наваполацкая суддзя Зінаіда Балаболава. Паводле пастановы суда, Сторажаў падчас судовага працэсу прызнаў, што ў 2021 годзе апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram фотаздымак з хэштэгам "#жывебеларусь Собрались!" На фотаздымку быў ён з сябрамі, ніякай "апазіцыйнай" атрыбутыкі пры іх не было.

У судзе зачыталі міліцэйскі рапарт ад 26 кастрычніка пра тое, што 20 кастрычніка гэты фотаздымак яшчэ быў на старонцы Сторажава, але праз тры дні ён быў выдалены. Міліцыянты паспелі зрабіць скрыншот, і ён стаў галоўным доказам супраць Сторажава. Суддзя Балаболава прызнала мужчыну вінаватым паводле арт. 24.23 КаАП і прызначыла яму 13 сутак арышту.

Фота белага сабачкі ў чырвоным камбінезоне

Наваполацкага лекара-стаматолага Аляксандра Грудніцкага двойчы асудзілі на 15 сутак, ягоную жонку Аллу Грудніцкую двойчы аштрафавалі. Прычым апошні штраф, які прысудзіла суддзя Зінаіда Балаболава, складае ажно 3 700 рублёў (100 базавых велічыняў), а агульная сума штрафаў — 4 810 рублёў.

22 жніўня Аллу прызналі вінаватай у "несанкцыянаваным пікетаванні" па арт. 24.23 КаАП. Паводле пратакола, жанчына размясціла ў "Аднакласніках" фотаздымак белага сабачкі ў камбінезоне чырвонага колера. Пад фотаздымкам быў подпіс: "Жыве Беларусь!!!!! Насилию нет!!!".

Сваёй віны жанчына не прызнала ні на адным, ні на другім судовым працэсе.

БЧБ-нашыўка на куртцы

Напачатку кастрычніка ў Пінскім раёне затрымалі пажылога мужчыну, які пайшоў на паляванне ў куртцы з бел-чырвона-белай нашыўкай. Гэта расцанілі як "несанкцыянаваны пікет" і склалі супраць яго пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.

Згодна з пратаколам, раніцай у лесе мужчына "пры правядзенні палявання на дзікіх жывёлаў з мэтай выказаць пратэст супраць дзейнай улады, зладзіў адзіночны пікет з выкарыстаннем пратэставай сімволікі, а менавіта, зладзіў паляванне з эмблемай у выглядзе бел-чырвона-белага сцяга на правым рукаве курткі".

Паляўнічы на судзе прызнаў віну. У выніку суд прызначыў яму штраф памерам 40 базавых велічыняў (1 480 рублёў).

Размяшчэнне ўласнай карціны ў кавярні

Мастачку Ганну Крук затрымалі ўвечары 29 лістапада 2023 года ў кавярні "Маркс" у Мінску. Праз два дні над мастачкай адбыўся суд паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).

Паводле пратакола, Ганна "дэманстравала карціну з БЧБ-сцягам, што стала даступна неабмежаванаму колу асобаў".

Сваю віну Крук не прызнала і патлумачыла суду, што сапраўды размясціла ў кавярні сваю карціну, але на ёй няма выявы бел-чырвона-белага сцяга. У выніку суд пастанавіў арыштаваць дзяўчыну на 13 сутак.

Крыніца: Мінімум 2 000 арыштаваных: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў 2023 годзе