Палітвязень Міхаіл Жамчужны. Фота: Радыё Свабода У судзе Горацкага раёна Магілёўскай вобласці 13 сакавіка адбыўся разгляд скаргі палітвязня Міхаіла Жамчужнага на вынесеныя яму спагнанні ў верасні-кастрычніку 2017 года адміністрацыяй калоніі №9.

Так, кіраўніцтва папраўчай установы неаднойчы выносіла спагнанні палітзняволенаму за яго адмовы следаваць у атрад сфарміраваны з асуджаных з нізкім статусам. За гэта ў верасні-кастрычніку Міхаілу Жамчужнаму было вынесена чатыры спагнанні: адзін месяц змяшчэння ў ПКТ ад 4 верасня, па дзесяць сутак ШІЗА – 5 кастрычніка і 16 кастрычніка, пяць сутак ШІЗА – 26 кастрычніка.

Аднак, суд заплюшчыў вочы на такое перадузятае стаўленне адміністрацыі калоніі да палітвязня і пакінуў скаргу без задавальнення.

На заўтра – 16 сакавіка ў 14.30 прызначылі разгляд скаргі Міхаіла Жамчужнага на спагнанне ў трое сутак ШІЗА, які быў прыпынены на той час, пакуль асабістая справа зняволенага знаходзілася ў Магілёўскай абласной пракуратуры.

Нагадаем, што суд Горацкага раёна не ўпершыню адмаўляе ў задавальнні скаргі: у снежні суд разглядаў скаргу на вынесеныя спагнанні палітвязню ў жніўні 2017 года. Пасля Міхаіл Жамчужны абскарджваў адмову ў задавальненні скаргі ў Магілёўскім абласным судзе, аднак, і там гэта не прынесла ніякіх вынікаў.

У суд Міхаіла Жамчужнага ні разу не дастаўлялі, хаця ён падаваў адпаведныя хадайніцтвы.

Акрамя таго, і грамадскай назіральнай камісіі не ўдалося сустрэцца з палітвязнем пры наведванні калоніі, бо той у гэты час знаходзіцца ў ШІЗА.

Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля яго пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.

Крыніца: Горацкі суд не бачыць падстаў для задавальнення скаргаў Міхаіла Жамчужнага