15.12.2023 Тэгі: выбары-2024 Да 2022 года спісы сябраў выбарчых камісій любога ўзроўню (абласных камісій, участковых) публікаваліся адкрыта. Апошні раз спісы цалкам публікаваліся на выбарах-2020. Але пасля імёны тых, хто адказвае за выбары, сталі хаваць. На рэферэндуме - 2022 на Берасцейшчыне сябры УВК у дні галасавання проста насілі бэйджыкі “сябра выбарчай камісіі”.
Ананімнасць членаў камісій улады вырашылі працягнуць. Таму на выбарах - 2024 таксама не будзе публічных спісаў, хто ўвайшоў у склад выбарчых камісій. Аднак прозвішчы тых, хто ўзначаліў Брэсцкую абласную выбарчую камісію, вядомыя. Пра іх распавядае “Берасцейская вясна”.
"Маюць вялікі досвед працы ў абласной выбарчай камісіі”
Старшынёй абласнога выбаркама на выбары-2024 “адзінагалосна" абраны Каляда Аляксандр Міхайлавіч. У 2007-2011 быў членам ЦВК, гаворыцца ў відэа ТРК Брэст. Па нашых дадзеных, гэта будуць як мінімум 6-е выбары (уключаючы рэферэндум), якія Аляксандр Каляда правядзе ў такім статусе (статусе старшыні абласной выбарчай камісіі). Заўважаны ў якасці старшыні аблвыбаркама на ўсіх выбарах, пачынаючы з 2015 года (за выключэннем выбараў 11.09.2016).
Уласна, у роліку дзяржаўнага тэлеканала гэта і не хаваюць і адклікаюцца ў станоўчым ключы: «Мае вялікі досвед працы ў абласной выбарчай камісіі».
Паводле таго ж відэа, намесніцай старшыні абласнога выбаркама стала Дзямко Вольга Аляксееўна, а сакратаром — Шамкуць Алена Іосіфаўна. Яны таксама "маюць вялікі досвед працы ў абласной выбарчай камісіі".
Па выяўленай намі інфармацыі, Вольга Дзямко ўпершыню была ў складзе аблвыбаркама на выбарах - 2016 на правах звычайнага сябра камісіі. Усе наступныя выбары (і рэферэндум) яна праводзіць у статусе намесніка старшыні аблвыбаркама. Што цікава, з 2016 года па 2020 год вылучалася ад "Чырвонага Крыжа". Але на рэферэндум - 2022 і выбары-2024 вылучалася ўжо іншым спосабам.
На дадзены момант працуе ў аблвыканкаме начальніцай аддзела па працы з органамі кіравання і мясцовага самакіравання.
Выбары* 2024 года будуць ужо мінімум 7-м электаральным мерапрыемствам (6 выбараў і 1 рэферэндум), на якіх Алена Шамкуць будзе сакратаром аблвыбаркама. Жанчына нязменна займае такое месца ў камісіях, пачынаючы з 2015 года.
Па адданасці справе службы абласной выбарчай камісіі параўнацца з Шамкуць можа хіба што Самойлаў Аляксандр Яўгенавіч. Яго імя не называюць у роліку, але яго твар можна даведацца сярод прысутных на пасяджэнні абласнога выбаркама. Паводле адкрытых крыніц, Самойлаў быў членам абласнога аблвыбаркама, пачынаючы з выбараў-2015, і працягваў у такой якасці аж да выбараў-2020, рэферэндуму 2022 года. Вось і на выбарах-2024 зноў будзе сябрам Берасцейскай абласной выбарчай камісіі.
Як мінімум з 2015 па 2022 заўсёды вылучаўся ад арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў”.
Усяго ж у склад абласнога выбаркама Брэсцкай вобласці ўвайшлі 13 чалавек.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Крыніца: Усё тыя ж асобы. Хто ўвайшоў у склад Брэсцкага абласнога выбаркама?