У праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнулася непаўнагадовая жыхарка Маладзечанскага раёна, якая распавяла, што дома быў праведзены вобшук ў яе адсутнасць. У гэты ж дзень яе выклікалі на допыт у кабінет дырэктара школы, дзе яна навучаецца.
Раніцай 7 сакавіка інспектар па справах непаўнагадовых Аляксандр Францкевіч прыйшоў дадому да дзяўчыны, пакуль той не было дома, паказаў нейкую паперу яе маці, аднак тая не паспела яе прачытаць. Пасля гэтага пачаў праводзіць вобшук у пакоі непаўнагадовай, па выніках якога ў дзяўчыны былі канфіскаваныя два ноўтбукі, 6-7 кніг, скрыня з лістамі, адрасаванымі ёй. Пры гэтым вобшук праводзіўся са шматлікімі парушэннямі: быў толькі адзін паняты, супрацоўнікі міліцыі не пакінуў копіі пратакола вобшука, вопісі канфіскаваных рэчаў.
“Пасля гэтага інспектар неаднаразова на працягу дня тэлефанаваў мне і пытаўся, калі ён зможа са мной паразмаўляць. Я была вымушаная пагадзіцца на сустрэчу. Ён прыехаў у школу, мы размаўлялі ў прысутнасці дырэктара школы ў яго працоўным кабінеце.
На пачатку размовы інспектар папрасіў мяне дастаць мой мабільны тэлефон і забраў яго “для вымання”, пры гэтым прыгразіў, што калі я буду спрабаваць яго вярнуць, ён адвязе мяне ў РАУС, дзе “мы будзем размаўляць ужо па-іншаму”. Я ўспрыняла гэта як пагрозу затрымання і фізічнага гвалту”, - распавяла дзяўчына праваабаронцам.
Пры гэтым Аляксандр Францкевіч не патлумачыў дзяўчыне, у сувязі з чым праводзіцца размова, у якой якасці выклікалі на яе дзяўчыну, а толькі папярэдзіў пра права не сведчыць супраць сябе і пра права на абарону. Дзяўчына разгубілася і не змагла зрабіць высноваў, ці патрэбны ёй абаронца і якія з яе адказаў могуць быць выкарыстаныя супраць яе.
Падчас размовы інспектар задаваў пытанні пра затрыманне дзяўчыны 25 сакавіка 2017 года ў Мінску, падчас якога яна была збітая супрацоўнікамі міліцыі, распавядаў пра нейкае відэа, на якім быццам бы дзяўчына размахвала рукамі на мітынгу. Акрамя таго, Аляксандр Францкевіч распытваў непаўнагадовую пра яе сяброў, называў нейкія імены, запытваўся, дзе дзяўчына бярэ кнігі, у якіх групах ў сацсетках удзельнічае, а таксама пра змест лістоў, што былі канфіскаваныя падчас вобшуку.
“Я лічу гэта грубым парушэннем майго права на таямніцу прыватнага жыцця і таямніцу карэспандэнцыі і, адпаведна, прыніжэннем маёй чалавечай годнасці.
Больш за тое, я лічу, што сваімі дзеяннямі супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС груба парушылі мае правы тым, што без усялякіх падстаў правялі ператрус у маім пакоі і канфіскавалі мае рэчы, у тым ліку дарагую тэхніку, што прыносіць мне шмат незручнасцяў, я не магу карыстацца важай для меня інфармацыяй, паўнавартасна камунікаваць і вучыцца”, - адзначыла дзяўчына.
Пры дапамозе юрыстаў “Вясны” яна накіравала скаргі ў Следчы камітэт і Пракуратуру, у якіх просіць правесці па апісаных ёю фактах праверку, вярнуць рэчы ў тэрміновым парадку, а таксама ўзбудзіць крымінальную справу па арт. 426 Крымінальнага кодэкса ("Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў") ў адносінах да інспектара па справах непаўнагадовых Маладзечанскага РАУС Аляксандра Францкевіча.
Праваабаронца Наста Лойка падкрэслівае:
“Мяне ўражвае прававая непісменнасць інспектара ў гэтай сітуацыі: што агляд у межах адміністрацыйнай справы, што вобшук па крымінальнай - патрабуе прысутнасьці асобы, у якой адбываецца гэта працэсуальнае дзеянне, і двух панятых. А тут сітуацыя падобная на адвольнае пранікненне ў пакой непаўнагадовай дзяўчыны і беспадстаўную канфіскацыю кніг, камп’ютараў, асабістай карэспандэнцыі.
І ўражвае, што потым гэтый ж супрацоўнік РАУС праводзіць апытанне без сацыяльнага педагога і сам дэманструе азнакамленне з лістамі і кнігамі у той час, як экспертная функцыя ляжыць на спецыяльных камісіях.
Мне падаецца, што асноўны матыў такіх дзеянняў - пераслед за асаблівае меркаванне. Пры гэтым беларускі ўрад любіць казаць, што вельмі абараняе правы дзяцей, а тут відавочныя і грубыя парушэнні Канвенцыі пра правы дзіцяці.
Спадзяюся, пракуратура Мінскай вобласці і Следчы камітэт адрэагуюць належным чынам, павернуць усе рэчы і навучаць інспектара працаваць з непаўнагадовымі”.
Нагадаем, гэта не першы выпадак правядзення безпадстаўных вобшукаў, падчас якіх супрацоўнікі міліцыі канфіскуюць у людзей камп’ютарную тэхніку і друкаваныя выданні. Калі да вас ці да вашых блізкіх прыйшлі з аглядам ці вобшукам без прычыны – паведамляйце пра гэта праваабаронцам праз скрыню Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. або па тэлефоне +375 29 8413981.