28.11.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Вярхоўным судзе разгледзелі апеляцыю на прысуд Эдуарду Бабарыку
Эдуарда Бабарыку прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 (пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 (ухіленні ад выплаты падаткаў) КК.
Нагадаем, Мінскі абласны суд 5 ліпеня вынес прысуд па справе Эдуарда Бабарыкі — 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцнега рэжыму. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ да 14 снежня 2021 года па першапачатковаму абвінавачванню.
Як паведамляе тэлеграм-канал Вярхоўнага суда, прысуд пакінуты без зменаў, а апеляцыйная скарга без задавальнення.
Баранавіцкі праваабаронца Аляксандр Вайцешык не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту
Па інфармацыі @viasna_brest, Аляксандр застаецца ў ізалятары.
Праваабаронцу затрымалі 9 лістапада і арыштавалі на 15 сутак — яго мусілі вызваліць 24 лістапада, але гэтага не адбылося. Не вызвалілі Вайцешыка і 27 лістапада (то бок калі б яго "перазатрымалі" на 72 гадзіны).
На якой падставе Аляксандра застаецца затрыманым, берасцейскай "Вясне" на дадзены момант невядома.
Сярод затрыманых на Гомельшчыне – вядомы актывіст і звычайныя рабочыя
Аднога з рабочых завуць Мельнічэнка Павел. Ён працуе на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Мужчыну затрымалі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе і знялі «пакаяннае» відэа, прымусіўшы стаць нагамі на бел-чырвона-белы сцяг, піша "Гомельская Вясна".
Калегу Паўла, таксама супрацоўніка НПЗ Лапіцкага Андрэя затрымалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. На «пакаянным» відэа мужчына прызнаўся, што сапраўды быў падпісаны і паабяцаў «усё павыдаляць».
Акрамя іншага «сілавікі» змусілі затрыманых назваць суму, якую складае іх заробак. Як далей склаўся лёс затрыманых – невядома, праваабаронцы толькі валодаюць інфармацыяй, што адзін з мужчын трапіў у ІЧУ.
Былога відэааператара Андрэя Толчына вінавацяць у экстрэмізме
Крымінальную справу супраць былога відэааператара-фрылансера Андрэя Толчына следчыя перадалі ў пракуратуру для вывучэння і накіравання ў суд.
Як стала вядома, гомельскага журналіста вінавацяць не ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы, як меркавалася раней, а ў экстрэмізме паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса РБ. Гэта – «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім».
Што канкрэтна ставіцца ў віну Андрэю Толчыну, дагэтуль невядома, паколькі абвінавачанне трымаецца ў таямніцы. У лістах на волю з прычыны турэмнай цэнзуры напісаць пра гэта адкрыта вязень не можа.
Крыніца: Затрыманне работнікаў НПЗ у Мазыры, вынікі апеляцыі Эдуарда Бабарыкі: хроніка пераследу 28 лістапада