24.11.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, ціск, рэпрэсіі Суд Круглянскага раёна 23 лістапада вынес прысуд прадпрымальніку Аляксандру Каліну. Суддзя Марына Вецярэц прызнала яго вінаватым ва "ўхіленні ад выплаты падаткаў" (ч. 3 арт.243 КК) і "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх" (ч. 1 арт. 342 КК) за ўдзел ў мірных шэсцях у жніўні 2020 года.

Каліну прысудзілі да 6,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя таго, вядома, што бізнэсоўца чакае канфіскацыя некаторай маёмасці.

Нагадаем, у жніўні 2020 года старшыня Круглянскага райвыканкама Сцяпан Палоннікаў склікаў праўладны мітынг, на якім публічна абразіў прадпрымальніка Аляксандра Каліну за ягоную грамадзянскую пазіцыю. У адказ ад імя прадпрымальнікаў Аляксандр Калін з калегамі вярнулі ў райвыканкам больш за дзясятак узнагарод, грамат і падзяк, атрыманых ад чыноўнікаў. Дыпломы яны расклалі прама на ганку райвыканкама.

Два з паловай гады ўлады ўстрымліваліся ад рэпрэсій у дачыненні да прадпрымальніка. Але 27 лютага 2023 года супрацоўнікі ДФР і Следчага камітэта ўзялі Аляксандра Каліна пад варту. Спачатку яму прад'явілі абвінавачванне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў шляхам утойвання або заніжэння падатковай базы. Праз месяц, 27 сакавіка, пракурор Круглянскага раёна Аляксандр Раманаў санкцыянаваў ператрусы ў Круглым ужо ў межах крымінальнай справы па абвінавачванні Аляксандра Каліна ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Мінску ў перыяд з 16 па 23 жніўня 2020 года.

Крыніца: Бізнэсоўцу з Круглага прысудзілі 6,5 гадоў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту і нявыплату падаткаў