Праваабаронцам стала вядома, што на гэтым тыдні пачынаюцца суды над актывістамі, якія 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ўдзельнічалі ў зборы подпісаў у падтрымку беларускай мовы.
Некаторыя актывісты былі выкліканы для дачы пісьмовых тлумачэнняў па факце збору подпісаў у РУУС г. Мінска, пасля чаго на іх былі складзены пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 КаАП (насанкцыянаванае масавае мерапрыемства).
На 13 сакавіка ў суддзе Маскоўскага раёна прызначаны суд у 10 гадзін над актывістам моладзі БНФ Ягорам Сяргіенка, а ў 10.30 у суддзе Фрунзенскага раёна – над блогерам і грамадскім актывістам Эдуардам Пальчысам.
Эдуард Пальчыс, каментуючы гэтую сітуацыю, адзначае:
«Калі браць Канстытуцыю, гэта [права збіраць подпісы] нават не абмярковаецца. Але зразумела, што ў нас любяць падладжваць законы пад тое, “як трэба”, таму ў нас на сход нават 10 чалавек трэба браць дазвол. Але паводле Канстытуцыі ёсць права. Тым больш пытаць у некага дазвол, каб збіраць у Беларусі подпісы за Беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт, — гэта неяк недарэчна».
Вядома, што пратаколы па арт. 23.34 КаАП складзены таксама на актывістаў «Моладзі БНФ» Ганну Смілевіч і Дзяніса Мандзіка, Аляксандру Патапаву.
Нагадаем, збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы распачаўся ў Мінску і некаторых гарадах Беларусі 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. 27 лютага лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч перадаў у Міністэрства адукацыі больш за 2 тысячы подпісаў.
Крыніца: Пачынаюцца суды за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы