Пераслед актывістаў прафсаюза РЭП працягваецца. 7 сакавіка падчас памежнага і мытнага кантролю на станцыі Гудагай былі зняты з цягніка намесніца старшыні прафсаюза Зінаіда Міхнюк і адзін з каардынатараў моладзевай сеткі РЭП Ганна Дусь. Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, яны ехалі з Вільні ў Менск.
Як паведаміла Ганна Дусь, яе падвергнулі поўнаму агляду багажу, асабістых рэчаў, а таксама асабістаму агляду. Пра прычыны паглыбленага асабістага дагляду і дагляду багажу мытнікі, якія праводзілі працэдуру, патлумачылі наступнае: «Нам кажуць, мы здымаем і даглядаем». Хоць раней супрацоўнік, які праводзіў пашпартны кантроль, папрасіў Ганну Дусь ісці з ім, «таму што пашпарт у неналежным стане».
У гэты ж дзень аналагічнай працэдуры была падвергнутая Зінаіда Міхнюк, яна таксама накіроўвалася цягніком Вільня-Менск, але некалькімі гадзінамі раней. Пасля атрымання пратаколаў агляду абедзве прадстаўніцы прафсаюзу з’ехалі ў Менск. Актывісты прафсаюзу РЭП ужо не ўпершыню падвяргаюцца працэдуры поўнага агляду на мяжы.