Андрусь Козел у судзе. Фота: baj.by Адбываецца разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да журналіста “Белсата” Андруся Козела па арт. 23.4 КаАП Беларусі, які “парушаў таямніцу падліку галасоў” у дзень выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

7 сакавіка справу спачатку ў поўным аб'ёме разглядае суддзя Іван Касцян.  Андрусь Козел пры допыце адзначыў, што намесніца старшыні выбарчай камісіі і старшыня Таццяна Новікава, якая таксама знаходзіцца ў зале суда, спасылаліся на неправільныя нормы заканадаўства пры забароне відэатрансляцыі, то бок не прадставілі юрыдычную падставу. Гэта падцверджвае і сведка Францішак Дзядоў —  назіральнік з выбарчага участку. Адвакат Сяргей Зікрацкі акцэнтуе ўвагу суддзі на тое, што ў дадзеным выпадку адсутнічалі парушэнні беларускага заканадаўства: Канстытуцыі, Выбарчага кодэкса Беларусі, Закона аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі, якія не забараняюць здымаць на відэа падлік галасоў.  Міліцыянт Уладзіслаў Бушынскі даў тыя ж паказанні, што і раней: ён паступіў у распараджэнне старшыні камісіі, спрабаваў вывесці журналіста з памяшкання, але па прычыне таго, што ён аказаў супраціў, то ён вымушаны быў прымяніць сілу. 

Нагадаем, што на аператара тэлеканала “Белсат” Андруся Козела, які з’яўляўся даверанай асобы аднаго з кандыдатаў, быў складзены адміністрацыйны пратакол за тое, што падчас падліку галасоў 18 лютага, на выбарчым участку № 27 г. Мінска ён адмаўляўся выконваць патрабаванні міліцыі: не спыніў прамую відэатрансляцыю з участка і не пакінуў яго. Супрацоўнікі міліцыі па загадзе старшыні выбарчай камісіі паспрабавалі выдаліць журналіста з участка, спасылаючыся на парушэнне ім выбарчага заканадаўства.

Пры гэтым Андрусь Козел сцвярджае, што быў моцна збіты праваахоўнікамі. Таксама падчас затрымання міліцыянты разбілі яго галавой шкляныя дзверы на выбарчым участку. 

Пасля чаго ён быў дастаўлены ў Цэнтральны РУУС, а затым — у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

19 лютага 2018 г. Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска разгледзіў справу ў дачыненні Андруся Козела, у выніку чаго пастанавіў адправіць гэтую справу на дапрацоўку, а затрыманага вызваліць з-пад варты.

Крыніца: Зноў судзяць журналіста "Белсат"