Прадстаўнікі НДА пасля абмеркавання зменаў у заканадаўства аб масавых мерапрыемствах: Зміцер Чарных Вікторыя Фёдарава, Вольга Смалянка, Валянцін Стэфановіч і Вольга Сяховіч. На пашыранае паседжанне працоўнай групы па дапрацоўцы праекта Закона “Аб ўнясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў” апрача дэпутатаў парламента былі запрошаныя прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследванняў, ппрадстаўнікі упраўленняў МУС і МЗС, а таксама прадстаўнікі шэрагу арганізацый, прычым, як незалежных, так і праўладных. Дэмакратычны сектар прадстаўлялі Беларускі Хельсінскі Камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, ГА “Прававая ініцыятыва”, Цэнтр прававой трансфармацыі, кампанія “Гавары праўду”, а таксама праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч, які быў запрошаны ў асабістай якасці.

Пасля першага чытання ў Палаце прадстаўнікоў адмысловая група мусіць дапрацаваць законапраект і ўлічыць заўвагі, які прагучалі пад час абмеркавання яго ў парламенце.

Праект закона “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў” быў раскрытыкаваны напрыканцы 2017 года і праваабарончымі арганізацыямі. Прапанаваныя змены, лічаць праваабаронцы, не набліжаюць закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” да міжнародных стандартаў у галіне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў, паколькі ў ім застаюцца істотныя абмежаванні правоў грамадзянаў Беларусі.

Менавіта таму сумесныя прапановы праваабарончых арганізацый па ўнясенні зменаў у "Закон аб масавых мерапрыемствах” былі ў свой час перададзеныя дэпутату Палаты прадстаўнікоў Ганне Канапацкай, якая павінна прадставіць іх на парламенцкай сесіі.

Па словах Валянціна Стэфановіча, пад час сённяшняга паседжання працоўнай групы, прадстаўнікі незалежных грамадскіх аб’яднанняў закранулі некалькі найбольш важных аспектаў мадэрнізацыі закона аб масавых мерапрыемствах.

“Па-першае, мы звярнулі ўвагу, што сама норма аб уведамляльным характары правядзення статычных мерапрыемстваў у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, сама па сабе прагэсіўная. Аднак яна нівеліруецца абмежаваннем па месцах, вызначаных мясцовымі органамі ўлады для правядзення такіх мепрапрыемстваў”, - каментуе праваабаронца. – Пры гэтым мы спасылаліся на досвед і практыку правядзення перадвыбарчых агітацыйных пікетаў, якія праходзяць у заяўляльным парадку, а колькасць вызначаных месцаў для гэтага – на парадак большая, чым звычайна. Як прыклад, я прывёў выпадак са спадаром Дашкевічам, які некалі ў Копылі праводзіў адзіночны пікет, аплаціў прадугледжаныя выдаткі па ягоным правядзенні і побач з месцам пікета на пустым стадыёне дзяжурыў аўтамабіль хуткай дапамогі, аўтамабіль МЧС, супрацоўнікі міліцыі па ахове пікету. Вось гэта і нівелюе сутнасць свабоды мірных сходаў і выказвання асабістага меркавання.

Па-другое, пад час паседжання была звернута ўвага на пункт закона, які рэгулюе аплату выдаткаў па арганізацыі масавых мерапрыемтваў. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць, што за рэалізацыю сваіх канстытуцыйных правоў грамадзяне не павінны плаціць дзяржаве. Пры гэтым трэба ўлічваць і пазітыўныя абавязальніцтвы дзяржавы па спрыянню рэалізацыі грамадзянамі сваіх канстытуцыйных правоў, у тым ліку і свабоды мірных сходаў.

На думку Валянціна Стэфановіча, праблему таксама выклікаюць залішнія дэфініцыі некаторых паняццяў, якія часам вельмі шырокія і неакрэсленыя.

“Напрыклад, - кажа Стэфановіч, - сход у законе вызначаецца як сумесная прысутнасць грамадзянаў у загадзя вызначаным месцы, у вызначаны час для абмеркавання пытанняў, якія закранаюць іх інтарэсы. Бачна, што фармулёўка гэтая занадта шырокая, і да яе можна падвесці нават звычайны дзень народзінаў. Відавочна, што гэта трэба дапаўняць, хаця б ў ранейшай рэдакцыі закона, у якой мелася ўдакладненне – “у публічным месцы з публічнымі выказваннямі”. У законе сёння спасылка на публічнасць увогуле адсутнічае. Што тычыцца адзіночных пікетаў, то па сутнасці яго можна праводзіць без уведамлення у незабароненых месцах”.

Асноўныя абмежаванні, пра якія кажуць прадстаўнікі незалежных грамадскіх арганізацый, гэта абмежаванні па месцах правядзення, абавязковая аплата выдаткаў па абслугоўванні масавага мерапрыемства і недакладныя фармулёўкі ў законе, з-за якіх масавым мерапрыемствам можна назваць нават адзіночны пікет.

Стэфановіч дадае, што законам увогуле не рэгулююцца некаторыя віды масавых мерапрыемстваў, якія магчымы ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, спантанныя масавыя мерапрыемствы, альбо мерапрыемствы ў адным і тым жа месцы, гэтак званыя контрдэманстрацыі.

“Мы скарысталіся прадстаўленай магчымасцю абмеркаваць у фармаце дыскусіі змены ў заканадаўства, данеслі сваё меркаванне адносна заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і акрэслілі тыя праблемы, якія існуюць сёння. Як яны будуць успрынятыя працоўнай групай і парламентарыямі: пажывем-пабачым”, – рэзюмуе вынікі сустрэчы праваабаронца.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці бліжэйшымі днямі збіраюцца накіраваць у парламент свае прапановы адносна законапраекта ў пісьмовым выглядзе.

Крыніца: Валянцін Стэфановіч: Мы данеслі сваё меркаванне адносна заканадаўства аб масавых мерапрыемствах