5 сакавіка аўтар нашумелага відэароліка «Айчым», блогер Павел Спірын з'явіўся ў РУУС Ленінскага раёна г. Мінска для дачы тлумачэнняў. Як аказалася, яго выклікалі туды ў якасці заяўніка, бо раней ён сам адаслаў у розныя дзяржаўныя органы і структуры свой відэаролік.
Пра гэта распавёў сам блогер у каментары тэлеканалу Белсат:
«Я размаўляў з пяццю супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, аж да падпалкоўніка. Большасці афіцэраў фільм спадабаўся. Мяне ніхто не абражаў, ня прыніжаў мой гонар і годнасць, наадварот размаўлялі ветліва, карэктна і паважліва».
Павел Спірын не выключае, што са статусу заяўніка ў будучыні ён можа быць пераведзены ў статус падазраванага, а далей - абвінавачанага.
«У мяне пыталіся, зрабіў я гэты фільм у Беларусі ці за мяжой. Я ім патлумачыў па-простаму, што фільм зрабіў дома, на камп'ютары, сам абсалютна, ніхто мне не дапамагаў: рабіў сам агучку, сам падбіраў музыку, падбіраў кадры.
Пра гэтага блогера [Сцяпана Святлова] мяне не пыталіся, але ён рабіў рэпост майго фільма, таму толькі ў такім кантэксце я з ім звязаны», - адзначыў Павел Спірын.
Ён падкрэслівае, што яго фільм «Айчым» не мог нікога абразіць, бо у ім коратка апісваецца сітуацыя пра тое, што адбылося з Беларуссю з 1994 года.
«Паказваецца сітуацыя палітычная, эканамічная, сацыяльная. Я паспрабаваў растлумачыць працэсы, якія праходзілі ў грамадстве з пункту гледжання простага чалавека, як гэта бачым мы ўсе. І мяркуючы па праглядам і рэакцыі большасць у грамадстве згодныя з маёй ацэнкай сітуацыі ў краіне», - падкрэсліў Павел Спірын.
Блогер кажа, што супрацоўнікі міліцыі пыталіся ў яго, навошта ён усё гэта робіць, на што ён адказаў, што хоча паказаць Лукашэнку такім, якім ён з'яўляецца:
«Ён брыдкі для большасці жыхароў Рэспублікі Беларусь. Кажу, як ёсць, не хаваў гэта ў міліцыі і не буду зараз крывіць душой ці неяк спрабаваць сысці ад адказнасці. Я за свой фільм адказваю».
Павел Спірын падзяліўся, што ў дадзены момант рыхтуе новы фільм, прысвечаны міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу.
У выпадку ўзбуджэння крымінальнай справы і прыцягнення Паўла Спірына да адказнасці па арт. 368 Крымінальнага кодэкса ( «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.
Крыніца: Блогер Павел Спірын быў выкліканы ў РУУС у якасці заяўніка