Доктар Бабруйскай калоніі, не ведае, што адбываецца з нагою палітвязня Змітра Паліенка, рана на якой доўгі час не загойваецца, піша belsat.eu.
«Калі б я ведаў, што гэта, працаваў бы ў шпіталі, а не тут», – так адказаў ён Змітру, падае словы актывіста ягоная сяброўка Марына Насенка.
«Мы таксама не ведаем, што з нагой, каб даслаць адмысловыя лекі. Сам кажа, што падобна на гангрэну. Але гэта ўсе недакладна», – піша яна.
Акрамя гэтага, Змітра зноў вярнулі на старую працу па вырабе пальчатак, ад якой у яго абвастраецца алергія ды астма.
Кіраўніцтва калоніі намагаецца абмежаваць кантакты са зняволеным усімі магчымымі спосабамі.
«Камунікацыя з адвакаткай адбываецца праз шкло і трубку. АГК таксама не змаглі трапіць на асабістую размову з палітвязнем. Лісты з большага вымушаны дасылаць замоўнымі. У грошах, як і дагэтуль, абмежаваны. Тэлефанаваць мае права толькі бацьку», – піша Марына Насенка.
Змітра Паліенку амаль штомесяц змяшчаюць у штрафны ізалятар за надуманыя парушэнні. Палітвязень мяркуе, што такім чынам адміністрацыя стварае падставы для таго, каб распачаць супраць яго новую крымінальную справу – па арт. 411 ("злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы").
Як раней паведамлялася на сайце mspring.online, 21 лютага грамадская назіральная камісія па Магілёўскай вобласці наведала папраўчую калонію №2 г. Бабруйска, аднак, сустрэцца з палітвязнем так і не ўдалося.
Нагадаем, 12 кастрычніка 2016 Змітра Паліенку асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкаю за нібыта напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Мінску.
7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Змітра Паліенку вязнем сумлення.
Крыніца: У Змітра Паліенкі можа быць гангрэна, а турэмны доктар не ведае, як яго лячыць