19.09.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, зніклыя У Швейцарыі 19 верасня пачалі судзіць экс-байца беларускага САХРа Юрыя Гараўскага, які ў 2019 годзе публічна заявіў аб сваёй датычнасці да выкрадання апазіцыйных палітыкаў. Працэс пачаўся ў судзе кантона Санкт-Гален. Гараўскага судзяць у межах універсальнай юрысдыкцыі — яго абвінавачваюць па артыкуле аб знікненні людзей. Пракурор запрасіў для яго тры гады пазбаўлення волі. Пры гэтым у зняволенні экс-спецназавец павінен правесці ўсяго год, астатнія два — на волі з выпрабавальным тэрмінам у чатыры гады. Былы сахравец Юрый Гараўскі пачаў даваць паказанні, дзе распавёў падрабязнасці выкрадання і забойства Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага.

Нагадаем, у 2019 годзе Юры Гараўскі, атрымаўшы прытулак у Швейцарыі, прызнаўся нямецкаму выданню DW у датычнасці да выкрадання і забойства апазіцыйных палітыкаў канца 1990-х гадоў: былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.

На судзе прысутнічаюць FIDH, TRIAL International, а таксама праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка. Яны сфатаграфаваліся з плакатамі #JusticeForBelarus перад залай суда ў Санкт-Галене, за некалькі хвілін да пачатку суда над былым спецназаўцам, які прызнаўся ў саўдзеле ў выкраданні палітычных апанентаў Лукашэнкі. 

Праваабаронцы перад судовым пасяджэннем па справе Юрыя Гараўскага
Праваабаронцы перад судовым пасяджэннем па справе Юрыя Гараўскага

Як піша "Новы час", Юрыя Гараўскага прывезлі ў суд пад аховай швейцарскіх спецслужбаў. Яго ахоўваюць вельмі пільна, падагнаўшы бус літаральна да дзвярэй суда. Сам Гараўскі быў пад капюшонам, ён хаваў твар. Здымаць у будынку суда няможна.

"Гараўскі гаворыць вельмі ціха, выглядае падаўленым, у суд ён прыйшоў з мыліцай. На пытанне суддзі, як ён сябе адчувае, падсудны адказаў, што нармальна", — перадае карэспандэнтка "Новага часу" з залі суда. 

Гараўскі адмовіўся адказваць на некаторыя пытанні суддзі. Суддзя запытаўся пра САХР і Дзмітрыя Паўлічэнку і некаторых іншых камандзіраў часткі.

Якім чынам вы пазнаёміліся з палкоўнікам Смірновым? — запытаўся суддзя.

— Я не буду адказваць на гэтае пытанне.

— Чаму? Вы ж казалі пра гэта ў часе папярэдняга следства.

— Так. Але я прасіў пракурора не апублічваць гэтай інфармацыі.

Пошукавік выдае, што палкоўнік Смірноў быў кіраўніком вайсковай часткі 5525, а гэтая частка — 6-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.

На судзе Гараўскі распавёў пра выкраданне і забойства Юрыя Захаранкі:

— Калі на загад Паўлічэнкі мы паклалі Захаранку ў багажнік, я ўжо тады хацеў з'ехаць.

— Ці ведалі вы, што гэты чалавек — Захаранка? — пытаецца суддзя.

— На момант, калі я служыў, Захаранка быў міністрам МУС, вядома, я ведаў, хто гэта такі.

Гараўскі распавёў, што Юрый Захаранка быў застрэлены са спіны. Ён дадаў, што думаў, што Захаранку проста завязуць за горад і з ім "будет проводиться беседа", і не ведаў, куды яго вязуць.

Юры Гараўскі ў сіняй байцы пад пільнай аховай. Фота: volhaklas / Telegram
Юры Гараўскі ў сіняй байцы пад пільнай аховай. Фота: volhaklas / Telegram

Суддзя спытаў: 

— Пісталет, якім быў застрэлены Захаранка, ім праводзяцца ў Беларусі расстрэлы?

— Так.

— Адкуль вы ведаеце? Вы ўжо трымалі яго ў руках?

Гараўскі пасля паўзы:

— Трымаў падобны.

— Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?

— Калі Паўлічэнка стрэліў у яго.

Далей Гараўскі распавёў:

"Паўлічэнка сабраў усіх раніцай і сказаў, што едзем затрымліваць аднаго ці двух чалавек. Запытаўся: усе гатовы? Мы адказалі: так. Мы пад'ехалі да саўны, сядзелі ў двух машынах. Паўлічэнка мне і Уладзіміру Буцько сказаў прайсціся і паглядзець, дзе і як мы будзем ажыццяўляць затрыманне. Я і Панкоў дасталі з машыны Ганчара, паклалі на зямлю. Пры разбіцці шкла я ўжо асэнсоўваў усю цяжкасць злачынства. Я спецыяльна разбіў яму (Ганчару) нос, каб пайшла кроў. Буцько і Барадач затрымалі Красоўскага. Пасля гэтага ў машыну сеў кіроўца, машына была джып чорнага колеру. Мы паехалі ў бок Бегомля. Па дарозе, калі мы выехалі на кальцавую, мы спыніліся на паркоўцы, Паўлічэнка выйшаў з машыны, праз пяць хвілін падыйшоў і зазірнуў у машыну іншы мужчына. Ён загадаў: узніміце галовы. І я пачуў адказ гэтага мужчыны: так, гэта ён. Паўлічэнка сеў у машыну і мы паехалі ў Бегомль. У Бягомлі Паўлічэнка сказаў дастаць іх з машыны і пакласці побач. Пасля гэтага падыйшоў Паўлічэнка і стрэліў у спіну абодвум, па два стрэлы зрабіў. Пасля хвілін праз 5-10 сказаў распранаць іх, і калі я распранаў Ганчара, то ўбачыў, што ў яго на левай назе няма вялікага пальца. Я запусціў руку ў туфлю і дастаў спецыяльную сцельку. Мы склалі ўсе рэчы ў адну кучу, прыйшоў Балынін і забраў усе рэчы".

Гараўскі сцвярджае, што целы Ганчара і Красоўскага ўдзельнікі "эскадрона смерці" пасля закапалі, а рэчы спалілі, апроч абутку.

"Бо ён доўга гарыць", — дадаў Паўлічэнка.

Гараўскі адмаўляецца ад папярэдніх сведчанняў, што пісталет быў у яго. Кажа суддзі, што гэта вынік "кепскага перакладу".

На пытанні суддзі Гараўскі адказвае вельмі раздражнёна.

Суддзя ўдакладняе ў Гараўскага пра плямы крыві, што былі выяўлены на месцы гвалтоўнага выкрадання Ганчара і Красоўскага, пытаецца, што гэта за плямы.

Гараўскі кажа, што гэта плямы крыві Ганчара, падкрэслівае, што спецыяльна разбіў пераносіцу Ганчару, каб на месцы засталіся плямы крыві, каб пачалося расследаванне, «бо я ўжо тады асэнсоўваў, што гэта злачынства».

Суддзя кажа, што "гэта вельмі жорстка". "Вы ўсё правільна сказалі, — адказвае Гараўскі. — Але ў шмат якіх краінах пры затрыманні чалавека кладуць на зямлю, каб апрануць яму кайданкі".

Прысутныя ў залі на гэтую рэпліку Гараўскага адрэагавалі з абурэннем.

Юры Гараўскі абвінаваціў Паўлічэнку ў спробе яго, Гараўскага, забойства ў 2008 годзе. Пры гэтым судзя згадаў яго іншыя словы.

— Вы сказалі Дойчэ Вэле, што Паўлічэнка забяспечваў вас медыкаментамі, калі вы знаходзіліся ў шпіталі пасля аварыі, гэта праўда? — запытваецца суддзя.

Гараўскі адказвае неахвотна, абмінаючы прамога адказу. Урэшце вымаўляе: "У яго было сваё жыццё, у мяне сваё".

Пры гэтым Гараўскі даволі гучна прамовіў:

— У мяне ў Беларусі засталіся дакументы аб удзеле Паўлічэнкі, Лукашэнкі, Сівакова і Шэймана ў злачынствах супраць Беларусі.

Суддзя ўдакладняе:

— Дзе знаходзяцца гэтыя дакументы?

— У Беларусі. Я не змог іх вывезці, — адказвае Гараўскі.

Суддзя пытаецца ў Гараўскага пра яго крымінальнае мінулае, ці праўда, што ён быў асуджаны за вымагальніцтвы і выйшаў датэрмінова за «добрыя паводзіны». Гараўскі ківае галавой.

— Ці азначае гэта, што вы не нейкі агент САХР, а звычайны крымінальнік? — удакладняе суддзя.

— У мяне няма адказу, — гаворыць Гараўскі.

— DW з мяне зрабіла кілера, — працягвае Гараўскі. — Дзякуй. Я нікога не забіваў. Іншыя людзі забівалі, чаму я мушу несці за гэта адказнасць? — вельмі эмацыйна прамаўляе Гараўскі.

— Я хачу данесці да ўсіх, што ў Беларусі страшная дыктатура, якая забівае людзей, — зазначыў ён і дадаў, што Паўлічэнка ў свой час быў вызвалены асабіста дыктатарам Лукашэнкам.

Суд працягваецца. Інфармацыя дапаўняецца.

Пракуратура Швейцарыі абвінаваціла экс-байца САХР у датычнасці да гвалтоўных знікненняў. Ацэньваць сапраўднасць яго слоў будуць суддзя і два прысяжныя засядацелі. 

Крыніца: "Падыйшоў Паўлічэнка і стрэліў у спіну абодвум". У Швейцарыі пачалі судзіць экс-спецназаўца па справе зніклых апанентаў Лукашэнкі Дапоўнена