17.09.2023 Тэгі: грамадства, палітвязні, праваабаронцы, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, падкаст, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Наталля Сацункевіч, Марфа Рабкова, Леанід Судаленка У другую гадавіну кампаніі FreeViasna распавядаем пра тое, як яна развівалася, хто ў ёй прымаў удзел, і самае галоўнае — як абараняць з надзеяй. Пра гэта новы выпуск падкаста “Вясна прыйдзе”. Скарочаная тэкставая версія — ніжэй.

Выпуск падкаста на YouTube (па спасылцы — з тайм-кодамі!)

Іншыя пляцоўкі:

FreeViasna — гэта кампанія салідарнасці з палітзняволенымі прадстаўнікамі праваабарончага цэнтра “Вясна”. Яна стартавала 17 верасня 2021 года, а дзень быў абраны невыпадкова: бо менавіта тады, за год да гэтага, затрымалі Марфу Рабкову. Таму Наталля Сацункевіч, праваабаронца ПЦ "Вясна", упэўнена, што сама кампанія салідарнасці і барацьбы за вызвалення вясноўцаў, хоць неаформлена, але пачалася менавіта тады:

"Я памятаю, як мы атрымалі паведамленне аб яе затрыманні — яго перадаў яе муж Вадзім, якога затрымлівалі разам з Марфай, гэта было ўначы. На наступны дзень мы прынялі заяву — яна называлася "Рукі прэч ад Марфы! Рукі прэч ад "Вясны".

Марфа была першай з вясновак, затрыманай па крымінальнай справе (пасля падзей 2020 года).

Потым у кастрычніку быў затрыманы Андрэй Чапюк, потым напачатку 2021 года былі затрыманні і вобшукі ў Гомельскай філіі "Вясны"— затрымалі Леаніда Судаленку, Таццяну Ласіцу і Марыю Тарасенка (якую потым вызвалілі пад хатні арышт падчас следства і суда). І канешне кампанія не была аформлена: яна не мела назву і не мела сайт, але яна ўсё роўна шла. Мы заўсёды казалі пра калегаў, што яны павінны быць вызвалены безумоўна (як і ўсе астатнія палітвязні). І потым 14 ліпеня 2021 года затрымалі Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча — і стала зразумела, што гэта ўжо настолькі сур'ёзны ўдар па арганізацыі: няма больш у Беларусі, і ў Еўропе, і магчыма ў свеце арганізацый, дзе столькі праваабаронцаў знаходзяцца за кратамі за сваю праваабарончую дзейнасць. Трэба было рэагаваць максімальна хутка і эфектыўна, даносіць свету пра тое, што адбываецца з вясноўцамі, і канешне дамагацца іх вызвалення, а як менш салідарнасці ад ўсяго свету. І мы пачалі размаўляць з нашымі міжнароднымі сябрамі і партнёрамі, беларускімі арганізацыямі аб тым, што трэба даваць бачны і гучны старт кампаніі салідарнасці".

osce_sacunkevich_2023-24-04.jpg
Наталля Сацункевіч

"Напачатку верасня 2021 года мы склікалі ўсіх прыехаць у Вільню і абмеркаваць, што і як рабіць, у каго якія ёсць магчымасці. Вялікая дапамога была ад Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), віцэ-прэзідэнтая якой з'яўляецца Валянцін Стэфановіч, і ад іншых: нас падтрымалі такія вялікія сусветныя арганізацыі, як Amnesty international, Human Rights Watch і іншыя — тут я не хачу называць нейкія асобныя арганізацыі, таму што праўда іх было далучылася шмат. Прадстаўнікі арганізацый прыехалі ў Вільню за вельмі хуткі тэрмін, падаецца, праз тыдзень. Гэта быў пачатак верасня, людзі выходзілі з адпачынкаў, іх дзеці ішлі ў школу — яны пакідалі ўсё і прыехалі. У Вільню яны ехалі за свой кошт, таму што гэта вельмі важна каштоўнасна для іх".

freeviasna_confa2.jpg
Прадстаўнікі міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацый у Вільні

Анастасія Круопе, малодшая даследчыца па Еўропе і Цэнтральнай Азіі ў Human Rights Watch, была адной з тых, хто прыехаў тады ў Вільню:

"Для мяне гэта было адным з прыкладаў таго, як людзі мабілізуюцца ў момант, калі здаецца, што ўсё становіцца толькі горш, і як у людзей не сканчаецца надзея нягледзячы ні на што. Гэта быў вельмі натхняльны момант.

Адзін з прыкладаў нашага брэйн-штармінгу — гэта прыдумалі калегі, якія ведаюць вясноўцаў асабіста і працавалі з імі шмат гадоў, і ведалі, што яны любяць. І вось калегі з БХК успомнілі, што сярод вясноўцаў ёсць прыхільнікі Metallica — і нечакана трэба было шукаць спосабы таго, як выйсці на іх мэнэджараў, каб яны нейкую вестку паслалі падчас канцэрту ці неяк яшчэ падтрымалі людзей за кратамі".

Анастасія Злобіна-Круопе, Human Rights Watch
Анастасія Круопе

Кампаніі ўжо два гады. Самы запамінальны момант для Анастасіі — гэта навіна, што Алесю Бяляцкаму далі Нобелеўскую прэмію. А таксама вызваленне Леаніда Судаленкі:

"Леанід цалкам адбыў сваё пакаранне і выйшаў на волю — і для мяне гэта такі неверагодны момант, калі ў мяне была магчымасць з ім сустрэцца. І гэта такое дзіўнае пачуццё, калі ты ніколі не бачыў чалавека ўжывую да гэтага, але так як ты брэйнсторміў з калегамі пра яго хобі і звычкі, то табе здаецца, што ты гэтага чалавека ўжо і ведаеш, ён нешта накшталт инфлюенсера і супер-зоркі, за якой ты сочыш. І вось ты бачыш гэтага чалавека на волі — вы толькі цяпер (ужывую) знаёміцеся, а табе здаецца, што ты яго ўжо даўно ведаеш. І для мяне гэта быў запамінальны момант — момант, які я ўяўляю, што здарыцца і з іншымі вясноўцамі, якія цяпер адбываюць пакаранне (відавочна ў адплату за іх праваабарончую працу і нічога больш). Момант, калі мы сустрэнемся і пасмяемся, што мы спрабавалі і вось гэта, і вось тое, вось гэта не выйшла, "але вы ведаеце, што мы спрабавалі звязацца з Metallica?". І вельмі спадзяюся, што гэты момант наступіць — і наступіць хутка. Для мяне гэта самыя запамінальныя моманты, якія апраўдваюць усё, што мы спрабуем зрабіць, і даюць нейкую мэту на гэты марафон адвакацыі на доўгатэрміновую перспектыву, дзе ты працягваеш рабіць адно і тое ж, і табе часам здаецца, што гэта бескарысна і ні да чаго не прывядзе — але гэта ілюзія. І такія моманты вельмі добра нагадваюць, для чаго ўсё ўласна гэта робіцца.

Для мяне надзея ў гэтым.

Прычына, па якой мы адразу вырашылі, што будзем падтрымліваць кампанію FreeViasna і чаму будзем працягваць гэта рабіць у будучыні — гэта таму, што праца праваабаронцаў у Беларусі і за яе межамі неверагодная. Гэта людзі смелыя, гэта людзі, якія працягваюць рабіць сваю працу нягледзячы ні на што і гэта людзі, якія адданыя каштоўнасцямі правоў чалавека. Самае меншае, што мы можам зрабіць, гэта не забываць пра іх, кожны дзень думаць пра тое, што мы яшчэ можам зрабіць, і гэта самы прамы спосаб адплаціць ім за тое, што яны зрабілі для супольнасці, у тым ліку сусветнага".

За часы кампаніі было праведзена шмат акцый, напрыклад у гадавіну Чарнобыльскай трагедыі і заснавання ПЦ "Вясна" , адкрыццё муралу Алесю Бяляцкаму (на будынку прагімназіі ў Вільін, насупраць Амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве), падісанні паштовак, шпацыр па Вільні і шмат іншых.

ales-bialacki_freska.jpg
Мурал Алеся Бяляцкага ў Вільні

Вера, прадстаўніца FreeViasna, распавядае пра тое, што робіць кампанія:

"Мы намагаемся трымаць у фокусе тэму палітзняволеных праваабаронцаў і ўсімі магчымымі спосабамі, наколькі хапае фантазіі (і фантазію мы таксама намагаемся раскачваць), стараемся ўздымаць і асвятляць гэтую тэму.

Першасна мэта кампаніі сапраўды гучала як вызваленне палітзняволеных праваабаронцаў. Але з цягам часу стала зразумела, што мы павінны нейкім чынам дасягнуць гэтай мэты — і відавочна, на гэты момант вызваленне знаходзіцца не ў нашай уладзе. Таму зараз мы мяняем фокус, і мэта нашай кампаніі хутчэй інфармацыйна-асветніцкая. Гэта распаўсюд інфармацыі і далучэнне людзей да яе".

Андрэй Чапюк асуджаны на 5 гадоў і 9 месяцаў, Уладзімір Лабковіч — на 7 гадоў, Валянцін Стэфановіч —  на 9 гадоў, Алесь Бяляцкі — на 10 гадоў, а Марфа Рабкова на 14 гадоў і 9 месяцаў калоніі. Ці думалі прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі пра тое, что FreeViasna можа працягнуцца так доўга — да вызвалення вясноўцаў праз адбыццё іх пакарання цалкам? І як адвакатаваць з надзеяй?

"Гэты час, гэтыя тры гады, якія прайшлі з 2020 года, калі ўсё стала імкліва пагаршацца, мне здаецца, навучыў нас не думаць такімі вялікімі адмежкамі, і словы пра тое, што рабіць усё магчымае тут і цяпер, у тым месцы, дзе ты знаходзішся, сталі ўжо не простымі словамі, а нашай рэальнасцю, — кажа Вера. —  Таму думкі пра 10, 15, 5, нават думкі пра адзін год — яны не тое, што фрустрыруюць, я проста не магу гэта ахапіць сваім цяперашнім станам. Умежах кампаніі кірунак адзін — гэта распавядаць, прыдумляць, рабіць усё, казаць паўсюль, вызваляць (калі гэта ўсё ж стане рэальна) і думаць пра гэта як пра цяперашнюю задачу.

Мне здаецца, кожны з нас намагаецца сваімі дзеяннямі наблізіць вызваленне ўсіх палітзняволеных, у тым ліку праваабаронцаў. Мне вельмі хочацца верыць, што мы супольнымі намаганнямі, з розных бакоў будзем падточваць гэтую складаную сітуацыю, якая на цяперашні момант, магчыма, выглядае замарожанай, але паўтару: жыццё паказвае, наколькі усё зменлівае".

Саша робіць для FreeViasna дызайн: яна распрацоўвала фірмовы стыль, лагатып і рабіла ўвесь візуал. У асноўным жыцці Саша —  камерцыйная дызайнерка. Чым адрозніваецца камерцыйны дызайн ад дызайна валанцёрскага ў кампаніі FreeViasna?

"Вядома, ёсць адрозненне, калі ты працуеш з камерцыйнымі праектамі і калі ты працуеш з некамерцыйнымі арганізацыямі. Першае, на што я звяртаю ўвагу пры працы, гэта пытанне мэтавай аўдыторыі. З кім мы будзем размаўляць пры дапамозе гэтага дызайну? І атрымліваецца, што ў праваабарончых праектах і ініцыятывах з гэтым бывае складана, таму што быццам мы размаўляем з усімі, таму першы выклік гэта вызначыць мэтавую аўдыторыю і хоць неяк яе звузіць. Бо чым яна шырэй — тым складаней выконваць працу.

Другое — гэта вельмі асцярожная праца. Бо мы працуем з уразлівымі групамі: гэта могуць быць сваякі людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні — і трэба заўсёды некалькі разоў пераправерыць і тэкст, і быць асцярожней у візуале, каб не закрануць людзей".

Каб адказаць на пытанне, хто мэтавая аўдыторыя кампаніі, FreeViasna рабіла даследаванне ў сацсетках. Пра вынікі распавядае Саша:  

"Мы высветлілі, што наша мэтавая аўдыторыя — гэта па большай частцы жанчыны, у раёне 35-45 гадоў. Гэта альбо сваякі палітвязняў, альбо іх сябры. І таму, калі мы будуем камунікацыю праз дызайн, мы маем вось такі партрэт. Але ён таксама атрымліваецца занадта агульны. І да таго ж мы дадавалі ў мэтавую аўдыторыю калегаў — гэта журналісты, якія атрымліваюць ад нас інфармацыю, і тыя, хто цікавіцца гэтай тэмай у сілу сваёй прафесіі.

Хочацца ахапіць усіх, таму што гэта тычыцца на самай справе вельмі шырокіх мас людзей, і задача мяне як дызайнера ўсё ж такі паспрабаваць намаляваць партрэт чалавека, з якім мы маем зносіны. Нам трэба разумець, да каго ж мы ўсё ж такі звяртаемся".

Сашы цяжка ўявіць, калі яна завершыць сваю працу (бо гэта здарыцца, калі ўсе вясноўцы выйдуць на волю). А дзе ж дызайнерка бярэ надзею?

"Больш за ўсё — калі я бачу калег, якія працягваюць [сваю дзейнасць]. Таму што надзея ёсць не заўсёды, — прызнаецца Саша. —  Бываюць перыяды, калі стамляешся, асабліва ад дрэнных навін — у праваабарончай тэматыцы іх вельмі шмат, і мне трэба заставацца ў кантэксце, і таму ад гэтага бывае я вельмі моцна стамляюся. Але мяне натхняюць людзі, якія працягваюць рабіць сваю працу. І гэта дае мне сілы".

Канстанцін Старадубец — валанцёр кампаніі  FreeViasna.

"Мая асноўная дзейнасць заключаецца ў тым, што я прадстаўляю кампанію на розных сустрэчах. Таксама я прадстаўляю кампанію ў камунікацыі з некаторымі з нашых партнёраў", — распавядае Канстанцін.

А яшчэ ён прадстаўляе на міжнароднай арэне Алеся Бяляцкага. Напрыклад, калі дэлегацыя прадстаўнікоў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру 2022 з адвакацыйным візітам наведалі ЗША. Аляксандра Матвійчук з "Цэнтра грамадзянскім свабод", Аляксандр Чаркасаў з "Мемарыялаў" і Канстанцін Старадубец у цішотцы з выявай Алеся.

Як гэта —  прадстаўляць асобу, якая за кратамі, на міжнаронай арэне?

"Безумоўна, гэта вялікая адказнасць, і тут трэба быць вельмі асцярожным, бо ніхто не можа прадстаўляць цалкам іншага чалавека, асабліва улічваючы тое, што сувязь з Алесем вельмі абмежаваная — мы не можам атрымаць ад яго нейкіх парадаў альбо тэкставага выступу, — кажа Канстанцін.  — Але ёсць нейкія тэмы і пазіцыя, якую Алесь шматкроць выказваў і падкрэсліваў напрацягу сваёй праваабарончай дзейнасці. Таксама ёсць яго публічныя, пісьмовыя матэрыялы, напрыклад, выступ з апошнім словам на судзе. Гэтыя ўсе зафіксаваныя матэрыялы вельмі дапамагаюць у прадстаўленні Алеся публічна, у тым ліку на міжнароднай арэне. Я вельмі спадзяюся, што Алесь будзе задаволены маёй працай постфактум, калі даведаецца, і гэта таксама вялікая адказнасць. І я вельмі хачу пачуць яго меркаванне наконт таго, як мы прадстаўлялі яго на розных арэнах".

Надзею Канстанцін шукае ў гісторыі папярэдняга зняволення і вызвалення па амністыі Алеся Бяляцкага:

"Мы бачылі, што ён не быў зломлены гэтым зняволеннем, што ён працягваў там пісаць, фіксаваць свае ўспаміны, і выйшаў такім жа самым бадзёрым актывістам, якім ён быў і працягнуў быць пасля гэтага праваабаронцам. Таму надзея ў тым, што ўсё міне, нашыя сябры будуць вызваленыя, і працягнуць працаваць разам з намі".

Наталля Сацункевіч таксама прадстаўляла сваіх палітзняволеных калег на міжнароднай арэне: падчас атрымання прэміі Homo Homini.

"У траўні 2021 года я атрымлівала прэмію ад імя тых вясноўцаў, якія тады былі за кратамі: гэта Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца.

Гэтую ўзнагароду заснавала і ўручае чэшская грамадская арганізацыя People in need —  "Чалавек у бядзе". У сваім паведамленні People in need пісалі, што ўзнагароджваюць прэміяй "чатырох сяброў праваабарончай арганізацыі "Вясна", якія падвяргаліся пераследам за адсочванне затрыманых пратэстоўцаў, дакументаванне парушэнняў правоў чалавека і аказанню дапамогі ахвярам міліцэйскага гвалту. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі за законную праваабарончую дзейнасць". І як мы потым пабачылі з прысуда Марфы Рабковай, гэта было нават 15 гадоў зняволення.

Сама прэмія была заснаваная ў 1994 годзе чэшскай няўрадавай арганізацыяй. Я тады едзіла да іх — лютаваў Covid-19 і было даволі складана заехаць".

one-world-2021-opening-_-homo-homini-awa
Наталля Сацункевіч на ўручэнні прэміі Homo Homini

Я памятаю, што падчас уручэння для мяне было вельмі адказна прадстаўляць сваіх калегаў, атрымліваць прэмію ад іх імя. І я казала, што я мару аб тым моманце, калі мае калегі будуць на волі і я змагу іх абняць і распавесці як гэта было. І вось нарэшце мая мара здзяйсняецца — у гэтым годзе, 17 верасня 2023 года я нарэшце ўрачыста перадам Леаніду Судаленку частку гэтай прэміі і распавяду, як яно было".

17 верасня 2023 года, у другую гадавіну кампаніі, у Вільні адбудзецца сустрэча з правааабаронцам Леанідам Судаленка.

А яшчэ Наталля Сацункевіч прафесійна вывучае, як адвакатаваць з надзеяй:

"Зараз я навучаюся на праграме "Актывізацыя абароны правоў чалавека ў Еўропе". Адзін з трэнінгаў быў прысвечаны камунікацыях, заснаваных на надзеі — называецца "Hope based communication". Там ёсць пяць базавых прынцыпаў — і калі я даведалася пра гэта, яны мне падаліся добрымі, зразумелымі і рэальна прыкладнымі. Іх можна і трэба ўжываць і ў жыцці, і ў праваабарончай дзейнасці. Таму што часам бывае вельмі складана: часам я як праваабаронца кажу: "Ну гэта дрэнна, і тое дрэнна, і толькі ўсё горш становіцца" — і часам лаўлю сябе на думцы: "Так, усё дрэнна, дык выглядае так, што няма сэнсу нічога рабіць: палітвязняў не вызваляюць, умовы пагаршаюцца, катаванні не спыняюцца, дык што рабіць?" І вось гэтыя камунікацыі, заснаваныя на надзеі, дазваляюць пераводзіць гэта ў іншую плоскаць.

Напрыклад, замест таго, каб казаць пра страх, трэба казаць пра надзею, таму што надзея — гэта ключ да камунікацыі з людзьмі праз пазітыўныя эмоцыі, такія як радасць, гумар, спачуванне. І адна з задач тых, хто мяняе свет — напрыклад праваабаронцаў — гэта даваць людзям надзею, накіроўваць іх энергію, паказваць, як можна паляпшаць гэты свет. І казаць, што мы робім нешта не СУПРАЦЬ чагосьці, а ДЛЯ чагосьці. І гэтая змена парадыгмы ў тым ліку на падсвядомым узроўні натхняе, дае больш сілаў і рэсурсаў.

Яшчэ адзін пункт, на якіх базуецца камунікацыя: "Кажыце не пра праблемы, а пра іх вырашэнне". Бо людзям вельмі важна верыць таму, што існуе альтэрнатыва сённяшнім праблемам. І каб паказваць, як гэтыя змены могуць прайсці ў будучыні, што трэба знайсці мову для аўдыторыі, якая дазволіць людзям працаваць над рашэнннямі, рабіць іх больш уплывовымі і такімі, якія выкарыстоўваюцца.

Наступнае — мы пераключаемся з пагрозы на магчымасці. Замест таго, каб людзі адчувалі сябе вінаватымі ці пад рызыкай, варта даць ім шанец быць часткай чагосьці асаблівага, мець магчымасць да зменаў, да лепшага, мець магчмасць уплыву. І такія камунікацыі з людзьмі проста на эмацыйным узроўні дазваляюць ім заахвоціцца нашай справай.

І апошняе, але можа самае важнае: гэта калі мы пераключаемся з ахвяры на чалавека, на героя. Мы кажам, што чалавек не ахвяра, а ён грае галоўную ролю ў сваім жыцці, у падзеях, якія адбываюцца. Гэтыя камунікацыі раяць паказваць людзей у нашых гісторыях як штодзённых герояў. І таксама гэта дапамагае іншым людзям адчуваць роўнасць і саўдзел. І пры камунікацыях мы просім людзей праяўляць больш саліарнасці з іншымі, а не проста спачуваць. І чым больш нашыя апаненты пытаюцца падзяліць нас, тым больш нам трэба такія гучныя, кромкія, вялікія аб'ядноўчыя гісторыі.

Камунікацыі, заснаваныя на надзеі, вось пра гэта. Мяне гэта вельмі падтрымала".

Крыніца: FreeViasna. Як абараняць з надзеяй