Незалежны назіральнік Арцём Скарабагаты, якога адразу пасля выбараў у мясцовыя Саветы арыштавалі на 7 сутак, распавёў пра абставіны свайго затрымання на выбарчым участку ў асноўны дзень галасавання. У фае Дома культуры аграгарадка Лясны знаходзілася два ўчасткі для галасавання па Другой Бараўлянскай выбарчай акрузе – №3 і №10, на які запісаўся назіральнікам мясцовы жыхар Арцём Скарабагаты. Хлопец прыйшоў туды каля васьмі ранку і пачаў назіраць за тым, што адбываецца на ўчастку.
Усё цікавае, па яго словах, пачалося пасля 11 раніцы, калі дырэктарка гэтага ДК Таццяна Несцяровіч, якая да таго ж з’яўлялася адным з кандыдатаў у дэпутаты па Трэцяй Лясной выбарчай акрузе, прынесла вялізную музычную калонку. Жанчына паставіла яе ля стала, дзе сядзелі назіральнікі, і ўключыла вельмі гучна музыку. Гэта, відавочна, пачало замінаць працы назіральнікаў, і таму Скарабагаты папрасіў зрабіць гук цішэй. Толькі калі яшчэ адна назіральніца паўтарыла просьбу, дырэктарка ДК паменшыла гук. Затым прыехаў дзіцячы ансамбль, які зладзіў канцэрт у фае, побач з выбарчымі ўчасткамі, што таксама замінала працы назіральнікаў.
Пасля канцэрта, калі ансамбль з’ехаў, назіральніца з суседняга ўчастку зрабіла заўвагу дырэктарцы ДК. За што дакладна – Арцём не ведае, аднак з-за гэтага ўзнік канфлікт, у які ўмяшаўся міліцыянт. Паводле Скарабагатага, удзельнікі канфлікту дайшлі да досыць высокіх тонаў, вакол іх сабраліся іншыя людзі. Тады і Арцём вырашыў падысці бліжэй, каб паслухаць, у чым прычына канфлікта.
“Я падышоў бліжэй, стаў каля дзвярэй, пачаў слухаць, і тут да мяне падыходзіць незнаёмы чалавек у цывільнай вопратцы. Ён не прадставіўся і адразу спытаў, чаму я тут стаю. Я адказаў, што слухаю. Ён тады сказаў: “Давай, валі адсюль!”. Я, у сваю чаргу, пачаў яму тлумачыць, што з гэтага месца мне зручна чытаць выбарчы стэнд. Гэта раззлавала гэтага чалавека, ён паклікаў яшчэ аднаго ў цывільным. Калі той падышоў, першы сказаў пра мяне: “Так, гэты нейкі неадэкватны, хутчэй за ўсё “умазаны”, бярэм яго на экспертызу”.
Далей хлопца схапілі і вывелі з будынку. Як пазней высветлілася, адзін з тых, хто затрымліваў, быў намеснік кіраўніка бараўлянскай міліцыі Заяц. Па словах Арцёма, усё адбылося за секунд 30 - настолькі хутка, што амаль ніхто з сябраў абедзвюх камісій не ўбачыў затрымання, хоць сам назіральнік і спрабаваў вырвацца. Яму нават не далі забраць пакінутыя на стуле шапку і рукавіцы (іх потым забіраў бацька Арцёма).
Назіральніка пасадзілі ў машыну і адвезлі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі, дзе ён зрабіў першы тэст на наяўнасць алкаголя ў крыві, які паказаў 0,0 праміле. Верагодна такі вынік не задаволіў міліцыянтаў, і яны павезлі Скарабагатага з Бараўлян у Сеніцу, у філію наркалагічнага дыспансэра на новы аналіз, які таксама паказаў поўную адсутнасцю алкаголю ў крыві. Пасля гэтага Арцёма прывезлі назад у бараўлянскую міліцыю і ўчастковы міліцыянт Грыцэвіч склаў пратакол за парушэнне артыкулу 17.1 КаАП (“дробнае хуліганства”).
Падставай для складання пратакола на Скарабагатага сталі дзве скаргі. Першую быццам бы напісаў сябра камісіі выбарчага ўчастку, які знаходзіўся побач з тым участкам, дзе назіраў Арцём. Другую – дырэктарка Дома культуры і кандыдат у дэпутаты Таццяна Несцяровіч.
“Справа ў тым, што выбарчыя ўчасткі знаходзіліся ў розных канцах фае. Мне трэба было ў прыбіральню і мне падалося, што яна знаходзіцца побач з іншым участкам. Я падышоў туда, каб удакладніць дзе яна, а вось гэты сябар камісіі зрабіў мне першую заўвагу, бо я старонняя асоба. Тады я пайшоў з гэтым пытаннем да Несцяровіч. А згодна з іх скаргамі, атрымлівацца так, што я быццам бы абмацюкаў вось гэтага сябра камісіі, абражаў дырэктарку і іншых сябраў камісій, замінаў ім праводзіць канцэрт”, - распавядае Арцём.
Суд прызначылі на панядзелак, ноч да яго Арцём правёў у ІЧУ. На паседжанне ў Мінскім раённым судзе заслухалі трох сведак – акрамя дырэктаркі ДК і сябра камісіі быў яшчэ міліцыянт Асіповіч. Аднак на судзе ён сказаў, што Скарабагатага не бачыў, той, у сваю чаргу, сказаў, што не бачыў гэтага міліцыянта, таму судзя спыніў допыт сведкі. У выніку Арцём быў прызнаны вінаватым у дробным хуліганстве і атрымаў сем сутак арышту.
Падчас арышту хлопец з дапамогай адваката падаў скаргу ў Мінскі абласны суд, аднак той палічыў рашэнне суда першай інстанцыі абгрунтаваным і не стаў яго адмяняць.
Чаму менавіта на гэтым участку так жорстка абышліся з незалежным назіральнікам? Чаму на ўчастку знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, а ля ДК, па словах Скарабагатага, дзяжурыла машына з АМАПам? Па меркаванні Арцёма, усё гэта звязана з тым, што выбарчым камісіям ні ў якім разе нельга было “прапусціць” незалежных кандыдатаў, які выступаюць супраць цяперашняй палітыкі мясцовых уладаў.
“Справа ў тым, што яшчэ з лета ў Лясным і Бараўлянах існуе канфлікт. Улады хочуць вырубіць кавалак лесу, плануюць знасіць катэджы дзеля будоўлі дарогі, але большасць жыхароў супраць. Жыхары аб’ядналіся, вылучылі сваіх кандыдатаў, забяспечылі ўчасткі незалежнымі назіральнікамі. І таму ўлады рабілі ўсё, каб ніхто не сарваў запланаваны сцэнар выбараў.
Так, ведаю, што дзесьці за 15 хвілін на ўчастак прыйшоў і запісаўся ў якасці назіральніка генерал маёр Хахлоў, які раней асабіста кіраваў вырубкай іншага кавалка леса. Ён застаўся на падлік галасоў, і калі іншыя назіральнікі прасілі даць магчымасць бачыць бюлетэні падчас падліку, ён патрабаваў ад іх не чапаць камісію і не замінаць ёй працаваць”, - тлумачыць Арцём.
Трэба адзначыць, што пазней адзін з незалежных кандыдатаў па Другой Бараўлянскай акрузе Канстанцін Мароз накіраваў скаргу ў сельскую выбарчую камісію і ў пракуратуру з просьбай прызнаць выбары па Другой Бараўлянскай акрузе несапраўднымі. У скарзе кандыдат указаў на вялікую колькасць парушэнняў, сярод якіх наяўнасць супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным на ўчастку, пастаяннае знаходжанне там жа кандыдата ў дэпутаты Несцяровіч, завышэнне амаль у тры разы яўкі выбаршчыкаў і г.д. Аднак Бараўлянская сельская выбарчая камісія, у сваю чаргу, ніякіх парушэнняў сярод прыведзеных фактаў не ўбачыла.