18.08.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17-18 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

18 жніўня

Чарговае папаўненне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў — у спіс трапіў тг-канал "Хрысціянская візія"

Такое рашэнне 16 жніўня вынес суд Міёрскгаа раёна Віцебскай вобласці.Таксама "экстрэмісцкай" прызналі старонку ў Facebook "Страна для жизни".

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 32 прозвішчы

18 жніўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у спісе 3178 чалавек.

Сярод іншых, у спіс дадалі генеральную дырэктарку TUT.BY Людмілу Чэкіну і галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву.

Да допіса далучыны апошні Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

На палітзняволенага Сцяпана Латыпава ў турме яшчэ больш узмацнілі ціск 

Сцяпан Латыпаў

Як стала вядома праваабаронцам, з-за любой публічнай увагі да Сцяпана павялічваецца прэсінг. Адной з такіх нагодаў стала прысутнасць на публічным мерапрыемстве чалавека ў цішотцы ў падтрымку Сцяпана.

Зараз палітвязень утрымліваецца ў адзіночнай камеры. Лісты даходзяць толькі ад сям'і.

Ён працягвае маляваць, шмат чытае і вучыць замежныя мовы. Зараз, нажаль, можна замаўляць у кніжнай краме толькі па пяць кніг на месяц, для Сцяпана гэта вельмі мала. А калі кніг прыходзіць болей, іх адпраўляюць на склад і потым вельмі складана іх адтуль атрымаць.

Сілавікі затрымалі за рэпост слесара з Ваўкавыска 

"Наша Ніва" паведамляе, што затрыманага завуць Аляксандр Жук. Ён з Ваўкавыска, раней працаваў кіроўцам, а цяпер — слесарам на дзяржаўным прадпрыемстве. Таксама ён адслужыў у Паветрана-дэсантных войсках.

Мужчыну затрымалі за рэпост нейкага з незалежных рэсурсаў, прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім». Яго затрымлівалі пяць узброеных САХРаўцаў, якія адразу павалілі яго на зямлю. Паведамляецца, што на Аляксандра завялі адміністрацыйную справу.

17 жніўня

Сілавікі затрымалі байкера, які вярнуўся з Літвы ў Беларусь

У "пакаяльным відэа" у адным з праўладных тэлеграм-каналаў затрыманы мужчына кажа, што працаваў у офісе EPAM у Літве.Таксама ён паведаміў, што "ўдзельнічаў у пратэсных акцыях, ездзіў на горадзе на матацыкле з пратэснай сімволікай і быў падпісаны на дэструктыўныя каналы".

Палітзняволенага журналіста Андрэя Пачобута перавялі ў ПКТ 

Андрэй Пачобут у судзе.

Пра змену ўмоваў утрымання напісала яго жонка ў сацсетках. Журналіста перавялі ў памяшканне камернага тыпу на бліжэйшыя шэсць месяцаў за адмову ад працы, якую нельга выканаць.

"Фельчар адмовілася падпісаць даведку, што ён па стане здароўя можа ўтрымлівацца ва ўмовах ПКТ, бо пры аглядзе быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца і ціск 190/140. Але на наступны дзень прыйшоў больш вопытны медык - лекар тэрапеўт і падпісаўшы даведку, адправіў яго ў ПКТ. Цяпер пры вымярэнні ціску Анджэю не паказваюць намераныя лічбы", - напісала Аксана Пачобут.

Сілавікі затрымалі блогера Арсенія Кузьменчука 

Хлопец у TikTok мае 40 тыс. падпісантаў. Яго абвінавацілі ў публічнай дэманстрацыі свастыкі. На "пакальным відэа" у праўладным тг-канале ён кажа, што публікаваў у сацсетках відэа "неналежнага характару".

Хапун у Бярозаўцы. Затрымалі не меней за 9 чалавек

Пра гэта паведаміў брат Вітольда Ашурка Андрэй. Паводле яго звестак з дзевяці затрыманых тры — супрацоўнікі мясцовага шклозаводу "Нёман".Андрэй Ашурак дадаў, што на мінулым тыдні на завод прызначылі ідэолагам колішняга супрацоўніка КДБ, які цікавіцца асабістымі справамі завадчан.

У рэдакцыю "Белсат" напісала ананімная крыніца, знаёмая з сітуацыяй на шклозаводзе «Нёман»:

«Каля 10 чалавек затрыманых на заводзе. Выводзяць паказальна ў кайданках у асяроддзі сілавікоў. Гэта значыць павесткай не выклікаюць, а адразу на заводзе "мордай у падлогу", каб усе бачылі і баяліся штосьці патрабаваць ці выказваць. Даюць "суткі" і адпраўляюць працаваць на сметнік у Сцеркава (Лідскі раён).

Людзі хочуць пайсці ў адпачынкі, а ім не даюць. Шмат замоваў – "распранайся і працуй". Вось і пачалі мужыкі абурацца парушэннямі іх працоўных правоў, дык іх па аднаму цяпер затрымліваюць.

У 2022 годзе заробкі ў "гарачых" цэхах складалі 800-1000 рублёў, што даволі мала, улічваючы цяжкасць працы і шкоду для здароўя. Нядаўна пачыналася хваля незадавальнення заробкамі, то ім, як кажуць у народзе, "кінулі косць" у выглядзе 100 рублёў даплаты».

Улады прызналі "экстрэмісцкімі" матэрыяламі прадмову Язэпа Янушкевіча да выдання творчаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Вершы Дуніна-Марцінкевіча "Плывуць вятры" і "Гутарка старога дзеда" ад 1861 года таксама прызнаныя "экстрэмісцкімі".

Крыніца: Затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 17-18 жніўня