14.08.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12-14 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
На Шчучыншчыне затрыманы ксёндз Антоні Адамовіч
Сёння адбылося затрыманне пробашча Касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Першамайску, Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Сілавікі спрабавалі затрымаць ксяндза ў самім касцёле, але людзі не дазволілі. У плябані касцёла правялі ператрус.
Як стала вядома, яшчэ ў пачатку тыдня ксяндза выклікалі ў сельсавет, там яго дапыталі і забралі на праверку тэлефон. Сённяшняе затрыманне, імаверна, і стала наступствам гэтай праверкі.
Сілавікі затрымалі жанчыну пры вяртанні ў Беларусь
Як стала вядома @belsat стала вядома пра чарговы арышт на мяжы на пераходзе «Варшаўскі мост».
Затрыманая – Алена Дзмітрыева, якая вярталася з Польшчы ў Брэст. На пашпартным кантролі памежнікі зацікавіліся, тым, што жанчына нарадзілася ва Украіне. Яе перадалі невядомым людзям у цывільным, якія запатрабавалі тэлефон.
У выніку жанчыну затрымалі. Гэта адбылося некалькі дзён таму.
Анархіста Дзмітрыя Дубоўскага перавялі на турэмны рэжым
Дзмітрый Дубоўскі — актывіст анархічнага руху, быў затрыманы пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Пазней яго асудзілі да 18 гадоў калоніі. У мінулым лістападзе супраць яго распачалі новую справу за падзеі дзесяцігадовай даўніны і асудзілі да 5 гадоў зняволення — канчаткова палітвязню прызначылі 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
27 чэрвеня ў Віцебску адбыўся суд па змене Дзмітрыю рэжыму ўтрымання. Па інфармацыі @belarus_abc, суддзя Наталля Траццякова перавяла палітвязня на турэмны рэжым за парушэнне правілаў распарадку. Дубоўскага ўжо этапавалі ў магілёўскую турму № 4.
Падтрымайце Дзмітрыя: Турма № 4, 212011, Магілёў, Крупскай, 99А, Дзмітрый Мікалаевіч Дубоўскі
Наталля Крук, якая адмовілася размаўляць з прапагандыстам Азаронкам, знаходзіцца за кратамі
Жанчына нядаўна вярнулася з Польшчы. Раней 38-гадовая Наталля Крук адмовілася размаўляць з Рыгорам Азаронкам, калі той прыйшоў браць “пакаяльнае інтэрв’ю”.
Прапагандыст зачытваў каментары ў сацыяльных сетках, сцвярджаючы, што іх пакідала яго суразмоўца. Але жанчына моўчкі глядзела на яго, а на пытанні не адказвала, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.
Відэа з ёй з’явілася, як пішуць у ГУБАЗіК, пасля размовы “са звычайным беларускім операм”. На ім дзяўчына кажа, што там, дзе яна знаходзіцца, цяжка “і маральна, і фізічна”, што сведчыць пра яе затрыманне.
Новая аблава сілавікоў у Гомелі
Мінімум чатыры чалавекі былі затрыманыя падчас аблавы сілавікоў у Гомелі. Іх» пакаянныя " відэа апублікаваў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
Калі праводзіўся "рэйд" не ўдакладняецца. У апублікаваным роліку відаць, як адну з кватэр штурмуе АМАП. У "пакаяльных" відэа гамяльцы распавялі, што былі затрыманыя за падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы.
Адзін з затрыманых прадставіўся "пацыфістам" і адміністратарам дыскард-канала "Злы TV".
Таксама пад аблаву трапіў і студэнт-правазнаўца Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Маладога чалавека прымусілі на камеру сказаць,
што ён быў падпісаны на «экстрэмісцкую супольнасць» і праспяваць гімн Беларусі.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні пасля вяртання з-за мяжы, аблава ў Гомелі: хроніка пераследу 12-14 жніўня