14.08.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, затрыманні Праваабаронцам “Вясны” сталі вядомыя новыя акалічнасці затрымання старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза на ААТ «Нафтан» Вольгі Брыцікавай і аднаго з працаўнікоў аб’яднання, які сыйшоў у стачку ў 2020 годзе Аляксандра Кухаронка.
Аляксандра Кухаронка амапаўцы затрымалі ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна. Ператрусы прайшлі на кватэры Кухаронка ў Наваполацку, ягоных бацькоў у Наваполацку, а таксама ў вёсцы Росіца. Пакуль вядома, што ён абвінавачваецца паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса (частка невядомая).
Раней паведамлялася, што сярод затрыманых таксама і жонка Аляксандра – яна на волі. У сям'і – двое непаўнагадовых дзяцей.
Брыцікаву абвінавачваюць паводле ч. 1 арт 361 Крымінальнага кодэкса (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрадзе дзяржаве, або здзяйснення акта тэрарызму або дыверсіі, або ажыццяўлення дзеянняў, накіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, або здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь).
У 2020 г. Вольга Брыцікава адбыла 75 сутак за кратамі запар – ёй прысудзілі 5 арыштаў за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. Падчас арышту яна абвяшчала галадоўку на знак пратэсту.
Аляксандр Кухаронак – адзін з самых першых, хто ў 2020 годзе абвясціў стачку на прадпрыемстве. Яго таксама арыштоўвалі па адміністрацыйнай справе – у 2021 годзе ён адбыў 20 сутак арышту паводле арт. 24.23 КаАП.
Праваабаронцы спрабуюць высветліць месцазнаходжанне затрыманых актывістаў.
На стачкамаўцаў "Нафтана" Брыцікаву і Кухаронка завялі крымінальныя справы, яны затрыманыя
Крыніца: Новыя акалічнасці затрымання наваполацкіх актывістаў Брыцікавай і Кухаронка