12.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Вярхоўным судзе 8 жніўня адбыўся чарговы суд над асуджаным раней па пратэсных артыкулах бармэнам гомельскага бара “Кватэрнік” Глебам Вятошкіным.
Нагадаем, 30 траўня Гомельскі абласны суд вынес Вятошкіну прысуд (пяць гадоў “хатняй хіміі”), абвінаваціўшы яго ў у распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч.1 арт. 130 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Прысуд не паспеў уступіць у сілу, паколькі ўжо 8 чэрвеня пракуратура падала апеляцыйны пратэст на ўзмацненне жорсткасці пакарання з 5 гадоў “хатняй хіміі” на тры гады пазбаўлення волі.
У Гомелі пачалі судзіць па пратэсных артыкулах бармена "Кватэрніка" Глеба Вятошкіна
Прадстаўнік пракуратуры ў судзе запытаў паўтара гады пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Судовая калегія Вярхоўнага суда падтрымала запыт пракурора.
Пра затрыманне 30-гадовага Вятошкіна супрацоўнікамі ГУБАЗіК праваабаронцы даведаліся з праўладных тэлеграм-каналаў 29 лістапада мінулага года. Утрымліваўся ён у гомельскім СІЗА №3.
Пасля затрымання ў дачыненні да Глеба спачатку быў складзены пратакол паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Паведамлялася, што ён нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, а ў жніўні 2020-га ўдзельнічаў у пратэстах, абражаў прадстаўнікоў улады і распальваў сацыяльную варожасць.
На наступным тыдні Глеб Вятошкін адправіцца адбываць пакаранне.
Крыніца: Бармену з Гомеля Глебу Вятошкіну змянілі прысуд з “хатняй хіміі” на калонію