10.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя Міхаіл Літвак. Фота з сацыяльных сетак. Суд Брэсцкага раёна 8 і 9 жніўня разглядаў крымінальную справу, заведзеную на 35-гадовага Міхаіла Літвака. Мужчыну абвінавачвалі паводле арт. 369 КК у публічнай абразе прадстаўніка ўлады.

Суддзёй на працэсе выступаў Сяргей Маручак, дзяржабвінаваўца – памочкік пракурора раёна  Аляксандр Таранько.

З 19 чэрвеня 2023 года Літвак знаходзіцца пад вартай.

Міхаіла абвінавачвалі ў тым, што 9 жніўня 2021 года ў тэлеграм-чаце “Рэальная Беларусь Чат” ён пакінуў паведамленне, якое прызналі публічнай абразай камандзіра ўзвода АМАПа Валянціна Пашкевіча, а менавіта выкарыстаў слова «дэбіл».

На судзе Пашкевіч, які абразіўся, прысутнічаў асабіста. Згадаў, што цяпер у Менску разглядаецца яшчэ адна крымінальная справа за каментар пра яго.

Пашкевіч запрасіў у суда дзве тысячы рублёў маральнай кампенсацыі з Літвака. Паколькі сам Літвак на судзе быў пад канвоем, за час суда гэтыя 2 тысячы паспелі перавесці блізкія Літвака. Пасля гэтага Пашкевіч ад пададзенага ў суд пазову адмовіўся, патлумачыўшы суддзі, што яму ўжо ўсё кампенсавалі, піша  “Берасцейская вясна”.

Ужо пасля гэтага пракурор Таранько, нягледзячы на тое што ў Літвака ёсць двое непаўнагадовых дзяцей, прасіў суд пакараць мужчыну годам калоніі агульнага рэжыму са штрафам 120 базавых велічынь (4440 рублёў).

Прысуд Літваку абвясцілі 9 жніўня 2023, але рашэнне пакуль невядомае.

Крыніца: Берасцеец абразіў амапаўца: пракурор запрасіў год калоніі і 120 базавых штрафу