07.08.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 5-7 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

7 жніўня

Супраць рагачоўскага актывіста склалі пратакол за фота прэзідэнта Польшчы на фоне БЧБ-сцяга

Адміністрацыйны пратакол склалі ў дачыненні да актывіста Дзяніса Дашкевіча за «распаўсюд у інтэрнэце прадукцыі, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць».

На адным з фотаздымкаў, які зацікавіў сілавікоў, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на фоне бел-чырвона-белага сцяга.

Нягледзячы на тое, што Дзяніс знаходзіцца за мяжой, да яго па беларускім адрасе нядаўна прыходзілі міліцыянты.

Прапагандыст Азаронак прыйшоў у ГУБАЗіК браць «пакаяльнае інтэрв'ю» ў жанчыны — тая дэманстратыўна адмовілася з ім размаўляць

Прапагандыст сцвярджаў, што жанчына пакідала абразлівыя каментары і хацеў яе распытаць наконт іх — затрыманыя моўчкі глядзела на яго і не адказвала на пытанні.

Па інфармацыі «Вясны», затрыманая — 38-гадовая Наталля Крук.

Узброеныя САХРаўцы выламалі дзверы ў дом беларускі, якая нібыта пакідала абразлівыя каментары 

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з затрыманнем беларускі, якая нібыта пакідала абразлівыя каментары ў Telegram-каналах. На ім бачна, што некалькі супрацоўнікаў САХР з аўтаматамі выламалі дзверы ў дом жанчыны і прымусілі прасіць прабачэння на камеру.

6 жніўня

За распаўсюд «экстрэмізму» арыштавалі педагога з вёскі Празарокі Глыбоцкага раёна

Суддзя Глыбоцкага раёна Аляксандр Аляксеенка 5 чэрвеня пастанавіў пакараць арыштам на 10 сутак былую настаўніцу Празарокскай СШ 66-гадовую Алену Кішкурну, якая ў сацыяльных сетках распаўсюдзіла «экстрэмісцкія» матэрыялы ўзятыя ёю на пяці інфармацыйных рэсурсах.

У судовым паседжанні Алена Вацлаваўна не аспрэчвала факту наяўнасці ў яе старонкі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце», і тое, што на гэтай старонцы былі змешчаныя матэрыялы, уключаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У судзе было таксама ўстаноўлена, што гэтая інфармацыя была выдаленая ёю яшчэ ў 2021 годзе.

Тым не менш, суддзя Аляксеенка падвергнуў педагога арышту тэрмінам на 10 сутак і канфіскаваў у пенсіянеркі ў даход дзяржавы сістэмны блок персанальнага камп'ютара, піша «Віцебская Вясна».

5 жніўня

Сайт resport.bу, які замяніў pressball.bу, заблакаваны Мінінфармам

Новы сайт быў запушчаны ўчора, 4 жніўня, і замяніў pressball.bу, які быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі 16 чэрвеня.

У Дзяржынску за ўдзел у акцыі пратэсту затрыманая пара

У чацвер, 4 жніўня, сілавікі затрымалі мужа і жонку Надзею і Вячаслава Янушкевічаў. Паводле папярэдней інфармацыі, іх затрымалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Надзею і Вячаслава, як і іншых жыхароў Дзяржынску, ідэнтыфікавалі па фота з паслявыбарчых акцый пратэсту ў 2020 годзе.

За каментары ў інтэрнэце затрыманы зваршчык «Гомсельмаш»

На «пакаяльным відэа» мужчына «прызнаецца» ў тым, што распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы ў сацсетках, а таксама пісаў абразлівыя каментары. Як паведамляюць сілавікі, у дачыненні да затрыманага «распачаты шэраг крымінальных спраў».

Кампанію з васьмі чалавек у Мінску арыштавалі за лозунг «Слава Украіне»

У Ленінскім раёне Мінска 9 ліпеня затрымалі сем мужчын і адну жанчыну. Згодна з пратаколамі, мінчукі «ў стане алкагольнага ап'янення прынялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з мэтай публічнага выказвання сваёй нязгоды з правядзеннем спецыяльнай вайсковай аперацыі на тэрыторыі Украіны, падчас якой выкрыквалі "Слава Украіне"».

Іх затрымалі і склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП. Суды над мінчукамі адбыліся на наступны дзень. Суддзі Ленінскага раёна Мінска прызначылі кожнаму і кожнай па 15 сутак арышту. На судзе дапыталі і супрацоўніка міліцыі, які заўважыў «масавае мерапрыемства». Ён пацвердзіў, што кожны пратэставаў супраць вайны.

КДБ у Магілёве затрымаў музыку Паўла Лапікава за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»

На «пакаяльным відэа» Лапікаў кажа, што затрыманы за фінансаванне «экстрэмісцкіх фармаванняў» BySol, ByHelp і ByPol. У якім статусе і дзе ён зараз знаходзіцца — невядома.

Крыніца: Затрыманні за данаты, каментары і лозунг "Слава Украіне!": хроніка пераследу 5-7 жніўня