Павел Кірлік, якога збівалі двое сутак у аддзяленні міліцыі, распавёў, што пакуль Следчы камітэт не спяшаецца распачынаць крымінальную справу па факце катаванняў і бесчалавечнага абыходжання ў ГАМ Маскоўскага раёна г. Мінска, а наадварот спрабуе ціснуць на яго і яго блізкіх.
Так, следчая ўпраўлення Следчага камітэта па Маскоўскім раёне г. Мінска Беліцкая настаяла на правядзенне паўторнай судова-медыцынскай экспертызы, не зразумела навошта запатрабавала медыцынскую карту пацярпелага ад неправамерных дзеянняў міліцыі. Акрамя таго, яна выклікала на апытанне і жонку Паўла Кірліка, падчас якога спрабавала адгаварыць яе даваць паказанні аб тым, што адбылося, скурпулёзна распытвала, навошта яны паехалі ў бальніцу, хто прапанаваў напісаць скаргу ў следчы камітэт, адкуль узялі адваката і ці ёсць грошы на аплату яго працы .
«Думаю, што справа хочуць замяць. Як мне стала вядома, міліцыя ўжо прыязджала дадому да таго чалавека, які даў мне тэлефон у пастарунку, каб я змог патэлефанаваць жонцы. Аднак, следчая яшчэ не выклікала яго на апытанне», - распавёў Павел Кірлік.
Акрамя таго, 11 траўня супрацоўнікі міліцыі ў цывільным прыходзілі дадому і да самога Паўлу: грукалі ў дзверы, тузалі за ручку, спрабавалі адчыніць дзверы, затым хадзілі размаўляць з суседзямі. Аднак, малады чалавек дзверы адчыняць не стаў.
Павел Кірлік па-ранейшаму адхілены кіраўніцтвам ад сваёй працы.
Крыніца: Збіты міліцыяй Павел Кірлік: «Думаю, што справу хочуць замяць»