26.07.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, рэпрэсіі У судзе Горацкага раёна 25 чэрвеня палітвязня Алега Яфрэменку асудзілі ўжо паводле трэцяй крымінальнай справы. Яго зноў абвінавацілі па ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя Алена Вараб’ёва прызначыла Алегу яшчэ адзін год зняволення. Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым: у верасні 2021 года з калоніі, дзе ён адбываў тэрмін за падсечку міліцыянту, Алега перавялі на турэмны рэжым у Магілёў, а летась дадалі год калоніі за "непадпарадкаванне" адміністрацыі магілёўскай турмы.

Алег Яфрэменка — жыхар Віцебска, якога ўжо больш за два гады і 10 месяцаў ўтрымліваюць за кратамі. 9 снежня 2020 года яго асудзілі па артыкуле аб гвалце да супрацоўніка МУС (арт. 364 КК). Яго абвінавацілі ў тым, што ён зрабіў падсечку міліцыянту падчас вулічнага шэсця 13 верасня 2020 года — той упаў і падрапаў далоні. Суд прызначыў Алегу 4,5 гадоў калоніі. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў магілёўскую калонію № 15. Але праз некалькі месяцаў яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.

Ініцыятарам узбуджэння новай крымінальнай справы стала адміністрацыя магілёўскай турмы № 4. Там Алега рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА па надуманых прычынах.

Першую справу Яфрэменкі паводле арт. 411 КК разглядалі ў судзе Ленінскага раёна Магілёва роўна год таму — 26 ліпеня 2022 году. Спачатку палітвязня абвінавачвалі па ч. 2 арт. 411 КК, але падчас суда яму перакваліфікавалі частку на першую — яна прадугледжвае больш мяккае пакаранне.

Суддзя Вікторыя Палякова 15 жніўня 2022 года прысудзіла Алегу ў дадатак да чатырох з паловай гадоў калоніі яшчэ год у зняволенні. 

З 18 лістапада 2022 года Алег пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 9 у Горках. Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя ўстановы ўвесь час ціснула на Алега. Яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а нядаўна супраць яго ўзбудзілі ўжо трэцюю крымінальную справу — зноў па ч. 1 арт. 411 КК.

Трэці суд над Алегам адбыўся 25 ліпеня. Справу разглядала суддзя Горацкага раёна Алена Вараб’ёва. Яна прызнала палітвязня вінаватым і прысудзіла яму яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

Вядома, што Яфрэменку ўжо перавялі ў магілёўскую турму № 4.

Пакуль прысуд не ўступіў у сілу, кожны можа падтрымаць палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі.

Адрас для падтрымкі:

Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Алег Віктаравіч Яфрэменка

Крыніца: Палітвязня Алега Яфрэменку зноў асудзілі за "непадпарадкаванне" адміністрацыі калоніі. Яму дадалі яшчэ адзін год зняволення