Фота з сайта bchd.info Заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў рэгіёнах пачалі абтэлефаноўваць і выклікаць па месцы працы і вучобы, каб дамагчыся адклікання іх подпісаў пад дакумантамі, пададзенымі ў Міністэрства юстыцыі. Пра гэта паведамляецца на сайце БХД.

Як правіла, у ціску ўдзельнічаюць кіраўнікі прадпрыемстваў альбо прадстаўнікі аддзелаў ідэалогіі райвыканкамаў. Факты ціску, запалохванняў альбо пагрозаў у дачыненні да заснавальнікаў БХД мелі месца ў Наваполацку Віцебскай вобласці, Кобрыне Брэсцкай вобласці, Івянцы Менскай вобласці.

23 снежня 2017 года ў Менску прайшоў чарговы з'езд БХД, які пастанавіў падаць дакуманты на рэгістрацыю ў Мін'юст. 22 студзеня 2018 года пакет дакумантаў са спісам больш як 1070 заснавальнікаў быў пададзены. Аднак напрыканцы лютага Аргкамітэт атрымаў адказ, у якім паведамлялася наступнае: "у сувязі з тым, што Мінюсту патрэбныя дадатковыя дакументы для прыняцця рашэння, Міністэрства “прыпыняе дзяржаўную рэгістрацыю БХД на 1 месяц”.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе хрысціянскія дэмакраты не зарэгістраваныя.

Крыніца: На заснавальнікаў БХД ціснуць, каб адклікалі подпісы