07.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Уладзіслаў Пудзяк. У Гомельскім абласным судзе 7 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы начальніка аднаго з цэхаў вытворчага аб'яднання "Гомсельмаш" Уладзіслава Пудзяка, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядае суддзя Аляксандр Піскуноў.

“Флагшток” прааналізаваў сацыяльныя сеткі абвінавачанага і знайшоў там магчымы "ўкраінскі след". У мужчыны ёсць жонка, якая родам з украінскай вёскі Дабранка. Населены пункт размешчаны на самай мяжы з Беларуссю, усяго за 50 кіламетраў ад Гомеля.

Пракурор Гомеля Юрый Булыка праліў святло на асобу абвінавачанага. Выступаючы нядаўна перад работнікамі ААТ "Гомсельмаш", ён распавёў пра тое, што ў дзяржаўнай здрадзе абвінавачваецца былы начальнік аднаго з цэхаў вытворчага аб'яднання.

Паводле звестак “Флагштока” гаворка ідзе пра экс-начальніка транспартнага цэха Дэпартамента забеспячэння вытворчасці ААТ “Гомсельмаш”. З 2014 па 2019 год Уладзіслаў Пудзяк тройчы ўваходзіў у склад участковых выбарчых камісій у Гомелі.

Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Крыніца: У Гомелі пачаўся суд над начальнікам цэха "Гамсельмаша", абвінавачаным у здрадзе дзяржаве