05.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, грамадства, пераслед, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3-5 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Аляксандра Францкевіча зноў змясцілі ў ШІЗА

Стала вядома, што палітвязню далі яшчэ 10 сутак у ШІЗА — ён будзе знаходзіцца там да 15 чэрвеня.

Аляксандр —  актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяння», асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін яго накіравалі ў сярэдзіне сакавіка ў івацэвіцкую калонію № 5. Праваабаронцам стала вядома, што 28 сакавіка яго змясцілі ў штрафны ізалятар. Адразу яго адправілі на 10 сутак, а потым тэрмін у ШІЗА працягнулі.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 прозвішчы — цяпер у ім 2890 чалавек

2 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі былую выкладчыку МДЛУ Наталлю Дуліну, бацьку шасцярых дзяцей Дзмітрыя Лазара, лекара Яўгена Бужынскага.

Палітвязня Андрэя Герасімовіча пасля двух месяцаў у ШІЗА перавялі ў ПКТ

Андрэй — жыхар Гродна, былы студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Хлопца абвінавацілі паводле арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) і арт. 342 КК (Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак). Ён прызнаў сябе вінаватым часткова. 18 чэрвеня 2021 года яму прысудзілі 2,5 гады калоніі і ўзялі пад варту ў зале суда.

Тэрмін Герасімовіч адбывае ў бабруйскай калоніі № 2. Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя ўстановы ўтрымлівала палітвязня ў ШІЗА больш за 50 сутак запар. Цяпер яго перавялі ў ПКТ тэрмінам на 5 месяцаў. Акрамя гэтага, яго папярэдзілі, што могуць "накінуць" тэрмін паводле новай крымінальнай справы.

Чарговае затрыманне ў Лідзе

Адзін з праўладных тэлеграм-каналаў апублікаваў "пакаяльнае" відэа з жыхаром Ліды Эдвардам Венскім.

Выкладчыка катэхізіса Мінскага архікафедральнага сабора Уладзіслава Беладзеда асудзілі на 15 сутак 

Справу за распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў" разглядалі ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска.

Па звестках ініцыятывы "Хрысціянская візія", Беладзед у 2020 годзе ўдзельнічаў у супольных малітвах пра спыненне гвалту, а пасля затрымання над ім здзекаваліся, "родныя на судзе звярнулі ўвагу на сляды збіцця".

"Верніка прымусілі запісаць т.зв. "пакаянае" відэа, дзе ён выглядаў прыгнечана і пад відавочным прымусам заяўляў пра сваю гомасексуальную арыентацыю", — дадалі ў "Хрысціянскай візіі".

Крыніца: Ціск на палітвязняў, папаўненне ў "спісе экстрэмістаў": хроніка пераследу 3-5 чэрвеня