30.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, праваабаронцы Глеб Вятошкін У Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд бармену бара «Кватэрнік» Глебу Вятошкіну. Яго абвінавацілі ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч.1 арт. 130 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо ўдзеле ў іх (ч. 1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Піскуноў.

Пасля заканчэння факультэта замежных моваў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту Глеб стаў працаваць барменам.

Пра затрыманне палітвязня Глеба Вятошкіна супрацоўнікамі ГУБАЗіКа праваабаронцы даведаліся з праўладных «Тэлеграм»-каналаў» 28 лістапада мінулага года.

Паведамлялася, што ён нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, а ў жніўні 2020-га ўдзельнічаў у пратэстах, абражаў прадстаўнікоў улады і распальваў сацыяльную варожасць. Пасля затрымання ў дачыненні да Глеба быў складзены пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Судовы працэс пачаўся яшчэ 4 траўня.

Сёння вынесены прысуд: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на пяць гадоў.

Крыніца: Пяць год "хатняй хіміі" прысудзілі гомельскаму бармену Глебу Вятошкіну