26.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У судзе Першамайскага раёна Віцебска 26 траўня вынеслі прысуд палітзняволенаму арт-менеджэру і музыку Уладзіміру Булаўскаму — два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса — неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Справу разглядаў суддзя Міхаіл Юрчанка. За кратамі Уладзіміра ўтрымліваюць пяць месяцаў.
Паводле заканадаўства, узбудзіць крымінальную справу супраць чалавека па арт. 342-2 КК могуць, калі яго двойчы за год асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП "несанкцыянаванае пікетаванне". У 2022 годзе Уладзіміра судзілі па адміністрацыйных справах некалькі разоў: у лютым і ў ліпені. Чарговае затрыманне адбылося ў снежні за фота ў сацсетках, якое палічылі незаконным пікетаваннем. З 2020-га году сілавікі затрымлівалі Уладзіміра як мінімум пяць разоў.
Паводле абвінавачвання, Уладзімір Булаўскі, неаднаразова будучы двойчы на працягу аднаго года падвергнуты адміністрацыйнаму спагнанню за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных артыкулам 24.23 КаАП, а менавіта, 28 лютага 2022 года судом Чыгуначнага раёна г. Віцебска на падставе ч. 1 арт. 24.23 КаАП падвергнуты адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на тэрмін 15 сутак за "несанкцыянаванае пікетаванне", 7 ліпеня 2022 года судом Чыгуначнага раёна г. Віцебска на падставе ч. 3 арт. 24.23 КаАП падвергнуты адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на тэрмін 30 сутак за "несанкцыянаванае пікетаванне", здзейсненага паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж правапарушэнне, зноў парушыў парадак правядзення масавых мерапрыемстваў пры наступных абставінах. Так, Булаўскі, у мэтах публічнага выказвання свайго грамадска-палітычных, асабістых і іншых інтарэсаў з выкарыстаннем іншых сродкаў у парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (пікетаванне), у перыяд з 05.09.2014 года па 22.03.2021 года, знаходзячыся на тэрыторыі Віцебска і іншых месцах неўстаноўленых месцах апублікаваў у сацыяльных сетках Вконтакте, Instagram графічныя выявы, якія змяшчаюць, як яго асабістыя выявы, так і іншых асоб з незарэгістраванай сімволікай (бела-чырвонага-белага колераў) — 5 верасня і 13 лістапада 2014, 23 сакавіка і 4 жніўня 2016 года, 15, 22, 28 жніўня, 25 лістапада, 22 снежня, 23 студзеня, 22 сакавіка 2021 года, ажыццяўляючы тым самым пікетаванне. Неаднаразова, будучы двойчы на працягу аднаго года падвергнутым адміністрацыйнаму спагнанню за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных артыкуламі 23.24 КаАП, а таксама быўшы афіцыйна папярэджаным 24.01.2022 года, 27.02.2022, 14.12.2022 аб крымінальнай адказнасці за неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, дзейнічаючы з адзіным злачынным намерам, накіраваным на неаднаразовае парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у перыяд з 07.07.2022 па 16.01.2023. Такім чынам, Уладзімір Булаўскі абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 342-2 Крымінальнага кодэкса.
На судзе Уладзімір не прызнаў віну і даваў паказанні на беларускай мове.
Палітвязню блакуюць ліставанне і ён амаль не атрымлівае вестачкі з волі.
Падтрымайце Уладзіміра пасылкай, лістом, грашовым пераводам ці тэлеграмай: СІЗА-2, Гагарына 2, 210026, Віцебск, Уладзімір Ігаравіч Булаўскі
Крыніца: Віцебскаму арт-менеджэру Уладзіміру Булаўскаму прызначылі два гады калоніі