Алесь Абрамовіч. Фота licviny.info Былы кандыдат у дэпутаты па 28-й Барысаўскай цэнтральнай выбарчай акрузе Аляксандр Абрамовіч пад час сваёй перадвыбарчай агітацыі сутыкнуўся з праявамі палітычнага цэнзуравання ягонага выступу з боку кіраўніцтва радыёстанцыі “Мінская хваля”.

Нагадаем, кандыдат у дэпутаты па 28-й Барысаўскай цэнтральнай выбарчай акрузе Аляксандр Абрамовіч выкарыстаў прадстаўленую яму, як кандыдату, магчымасць выступіць са сваёй трохвіліннай праграмай на радыё. Ён звярнуўся да дырэктара радыёстанцыі «Мінская хваля» Тамары Вяцкай.

Выступ кандыдата быў запісаны ў студыі, але потым Вяцкая настойліва парэкамендавала зняць частку выступу, які, па яе меркаванні, не можа прагучаць у радыёэфіры.

У частцы сваёй выбарчай праграмы кандыдат, заклікаючы да аднаўленні парадку на Міншчыне, гаворыць аб магчымасці азнаямлення з некаторымі афіцыйнымі дакументамі дзейнасці Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання:

“…у прыватнасці, шляхам уважлівага азнаямлення з заключэннем Спецыяльнай камісіі Вярхоўнага Савета РБ 13-га склікання па прававой ацэнцы дзеянняў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі”.

Відавочна, што ўрывак з выступу  кандыдата не ўтрымлівае заклікаў да вайны, гвалту або выступленняў на карысць расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці, не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку або здароўю і маральнасці насельніцтва – усіх тых выказванняў, якія падпадаюць пад паняцце дапушчальных абмежаванняў свабоды выказвання меркавання.  Менавіта таму гаворка тут можа весціся пра палітычнае цэнзураванне тэксту выступу кандыдата з боку кіраўніцтва “Мінскай хвалі”.

Аляксандр Абрамовіч напісаў электронны зварот ў Пракуратуру Мінскай вобласці з просьбай правесці праверку і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці кіраўніцтва “Мінскай хвалі”. Пракуратура перанакіравала скаргу начальніку крымінальнай міліцыі УУС Мінскага аблвыканкама:

“Накіроўваецца для разгляду электронны зварот кандыдата ў дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання Абрамовіча А.М. па пытаннях правядення праверкі i прыцягнення да крымінальнай адказнасці службовых асоб УП «Мінская хваля» у сувязі з парушэннямі выбарчага заканадаўства. Аб прынятым рашэнні прашу паведаміць заяўніку”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”. 

Крыніца: Фактам цэнзуравання выступу кандыдата зоймецца крымінальная міліцыя