Фота: virtualbrest.by Берасцейскіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава выклікаюць у міліцыю. Як паведаміў бярозаўскі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў, 20 лютага ў Бярозе ўчастковы інспектар міліцыі ўручыў яму позву з загадам з’явіцца 23 лютага ў 10.00 у Пінскі гарадскі аддзел унутраных спраў у якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйнай працэс. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

«Гэта звязана з заводам акумулятараў Exide, размешчаным у Пінску. 19 студзеня я і Сяргей Пятрухін хацелі расказаць аб гэтым прадпрыемстве. Але нас туды не пусцілі. Пры гэтым ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не рабілі» — дапоўніў Кабанаў.

Паводле слоў Пятрухіна, 20 лютага яму на мабільны тэлефон патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі Ленінскага РАУС Брэста і запрасіў яго 21 лютага ў 13.00 на размову з нагоды заявы юрысконсульта прадпрыемства Exide.

«Я не мог сёння пайсці ў міліцыю. У мяне захварэла дзіця, — адзначыў Пятрухін. — Упэўнены, што гэта дырэктар ТАА „ПАК-кіраванне” Віктар Лемяшэўскі, які будуе акумулятарны завод пад Брэстам, спрабуе аказаць націск на нас праз сваіх падначаленых за тое, што мы з Кабанавым у відэаблогу „Народны рэпарцёр” асвятляем збор подпісаў за прыпыненне будаўніцтва гэтага завода, правядзенне незалежнай экалагічнай экспертызы і паўторных грамадскіх абмеркаванняў».

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасцейскага раёна лічаць, што гэта прадпрыемства пагражае іх здароўю, і падпісваюцца за прыпыненне будаўніцтва. На сайце праціўнікаў будаўніцтва stopzavod.by паведамляецца, што супраць будаўніцтва падпісалася ўжо амаль 37 тыс. чалавек.  

Крыніца: Блогераў Пятрухіна і Кабанава выклікаюць у міліцыю