02.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед суд Дзяржынскага раёну Суд Дзяржынскага раёна 2 траўня вынес прысуд 37-гадоваму жыхару Фаніпаля Максіму Палуянчыку, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядаў суддзя Сяргей Крупец.

Паводле абвінавачання, Максім Палуянчык 14 жніўня 2020 года прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па вуліцы Брэсцкай ў Фаніпалі. Пры гэтым разам з іншымі выходзіў на праезную частку вуліцы, замінаў працы грамадскага транспарту, пляскаў у далоні і непадпарадкоўваўся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Быў апрануты ў белую цішотку і чырвоную байку.

“Чаму вы так апрануліся?” – цікавіўся на судзе прадстаўнік абвінавачання.

“Таму што гэта маё паўсядзённае адзенне” – адказаў абвінавачаны.

Палуянчыка затрымалі на месцы працы 24 студзеня 2023 года і да суда змясцілі пад варту.

Суд прызнаў Максіма вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў.

Яго вызвалілі з-пад варты ў залі суда.

Крыніца: Жыхару Фаніпаля прысудзілі "хатнюю" хімію за ўдзел у пратэснай акцыі ў 2020 годзе