02.05.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1 і 2 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк не аддалі бандэролі з лекамі
Бандэроль для Паліны Шарэнда-Панасюк праз месяц вярнулася назад да бацькоў Паліны з паметкай «адмова ад атрымання», з прыпіскай дрэнным почыркам «не положено по срокам».
Паўтары месяцы назад ад Паліны быў перададзены родным спіс лекаў, завераны ўрачом калоніі. Палітзняволеная павінна раз у паўгады прапіваць лекі пры Сіндроме Жылібера, таксама ёй трэба піць вітаміны. Па словах мужа Паліны Андрэя Шарэнды, у яе моцна пагоршыўся зрок — у бандэролі таксама былі лекі для зроку.
Таксама стала вядома, за апошнія 10 месяцаў Паліну пратрымалі ў ШІЗА, карцэры і ПКТ агулам 180 дзён.
Палітвязня Андрэя Герасімовіча змясцілі ў ШІЗА
Андрэй Герасімовіч — жыхар Гродна, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы.
Хлопца абвінавацілі паводле арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) і арт. 342 КК (Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак). Ён прызнаў сабе вінаватым часткова. 18 чэрвеня 2021 г. яму прысудзілі 2,5 гады калоніі і ўзялі пад варту ў зале суда.
Тэрмін Герасімовіч адбывае ў бабруйскай калоніі № 2. Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя ўстановы прыкладна з сярэдзіны красавіка змясціла палітвязня ў ШІЗА. Прычыны невядомыя, але рапартаў было складзена шмат. Паведамляецца, што яго могуць утрымліваць там да 100 сутак. Таксама вядома, што ў штрафны ізалятар закінулі шмат вязняў.
Палітвязня Мікалая Дзядка таксама змяшчалі ў ШІЗА
Стала вядома, што нядаўна адміністрацыя гродзенскай турмы № 1 змясціла палітвязня Мікалая Дзядка ў штрафны ізалятар на 10 сутак за тое, што лёг спаць на некалькі хвілінаў раней дазволенага. У лютым палітвязеня таксама закідвалі ў ШІЗА.
Нагадаем, Міколу затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі (https://spring96.org/be/news/104081) і катавалі. Яго асудзілі да пяці гадоў зняволення. 28 чэрвеня палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Увесь час у знявленні на яго аказваецца ціск — толькі летам ён 44 дні бесперапынна ўтрымліваўся ў ШІЗА па надуманых прычынах.
Перастаў працаваць сайт пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
Больш за тыдзень не працуе сайт беларускага даследчыка сталінскіх рэпрэсій Леаніда Маракова. На старонках marakou.by былі апублікаваныя сярод іншага ягоныя шматтомныя даведнікі з больш як 20 тысячамі біяграфій рэпрэсаваных у савецкі час беларускіх дзяржаўных, грамадскіх і рэлігійных дзеячаў. Сярод іх і родны дзядзька даследчыка, паэт Валерый Маракоў, забіты ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, у так званую Ноч расстраляных паэтаў.
Пасля смерці даследчыка ягоны асабісты сайт працягваў функцыянаваць да апошняга часу. З чым звязана цяперашняе спыненне працы, пакуль невядома, паведамляе “Наша Ніва”.
У Нароўлі арыштоўвалі мясцовага актывіста Мікалая Віткоўскага
Пра гэта стала вядома толькі цяпер. Мужчыну змяшчалі пад арышт на 10 содняў за падпіскі на «экстрэмісцкія» паблікі і «непадпарадкаванне» так званым супрацоўнікам міліцыі, паведамляе "Гомельская вясна".
Мікалая Віткоўскага шмат разоў затрымлівалі ў 2020 годзе. Магчыма і цяперашняе затрыманне начамрэч звязанае з актыўнай пазіцыяй мужчыны.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Палітвязняў змяшчаюць у ШІЗА і не перадаюць лекі: хроніка пераследу 1-2 траўня