29.04.2023 Тэгі: суды, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі Камеры ў мінскім ізалятары на Акрэсціна цягам ужо амаль трох гадоў штодня папаўняюцца затрыманымі па палітычных матывах. Кожны дзень па ўсёй Беларусі затрымліваюцца дзясяткі людзей, якіх потым тыднямі ўтрымліваюць у нечалавечых умовах. Былая арыштантка правяла на Акрэсціна 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў снежні мінулага года. Дзяўчына распавяла "Вясне" пра стан праваабаронцы Насты Лойкі, пра сустрэчу Ганны Лівянт з бацькам Яўгенам у засценках ізалятара, пра сукамерніц, якіх затрымлівалі за рэпосты вершаў і песень, а таксама пра невыносныя ўмовы ўтрымання для "палітычных". 

Камера ў ЦІПе на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Камера ў ЦІПе на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

"Надзея Астапчук саступіла мне сваё месца на падлозе"

Позна ўвечары пасля затрымання і складання пратаколу дзяўчыну (імя не называецца ў мэтах бяспекі) прывезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Яе прымусілі цалкам распрануцца і прысесці голай два разы. Пасля гэтага ёй сказалі апрануцца, але куртку, шапку і абутак ёй не аддалі. Ёй выдалі гумовыя тапачкі і адвялі ў камеру для "палітычных" на першым паверсе.

"Там было цёмна і дзяўчынкі ўжо ўсё спалі. Было шмат дзяўчынак на падлозе. Гэта двухмесная камера, а іх там было не менш за дзесяць. У камеры была Наста Лойка. За час арышту яна вельмі схуднела, была вельмі стомленая. Надзея Астапчук (алімпійская чэмпіёнка па кіданні ядра) саступіла мне сваё месца на падлозе ў тую ноч. Усе дзяўчынкі прыціскаліся адна да адной, таму што на ІЧУ было вельмі холадна.

Дзяўчаты ляжалі ў радочак і прыціскаліся, а паміж імі былі бутэлькі з гарачай вадой.Наста ўставала некалькі разоў за ноч і мяняла ваду, якая астывала, на гарачую. Мы ляжалі ўсе ўздоўж камеры, а Надзя Астапчук — папярок. Яна ўсю ноч грэла нашы ногі, а мае яшчэ і абдымала, каб я не захварэла ў першы дзень, таму што разумела, што мяне чакае доўгі тэрмін.

Раніцай мяне Наста прымусіла паесці, таму што мне не хацелася. Я хварэла на грып ужо некалькі тыдняў, дрэнна сябе адчувала і тыдзень да гэтага практычна не магла есці. І толькі ў дзень затрымання мне стала крыху лепш, але я тады не паела. У той дзень я ўжо суткі не ела, а ў дзень суда на Акрэсціна не кормяць".

"Наста на Акрэсціна праводзіла з усімі юрыдычныя кансультацыі"

"На момант нашай сустрэчы Наста не ведала, што адбываецца. Для яе не прымалі перадачы і некаторыя лекі важныя, гарманальныя прэпараты ў тым ліку. Як высветлілася, лекі, якія перадаюцца затрыманым, на Акрэсціна часта "губляюцца". Нават мае асабістыя, якія мне перадавалі, яны на наступны дзень знікалі.

Наста на Акрэсціна праводзіла з усімі юрыдычныя кансультацыі. Яна знаходзілася там два месяцы. Насамрэч, там і 15 сутак цяжка адседзець. Нейкую частку яна сядзела на ІЧУ, але ў асноўным на ЦІПе, хоць у ізалятары лягчэй — там паветра ёсць".

"У мяне ў першы ж дзень здарыўся прыступ асфіксіі" — пра ўмовы ў ЦІПе

"Пасля суда мяне адвялі ў камеру № 15 на трэцім паверсе. Вось там было вельмі душна. Калі на ІЧУ было вельмі холадна, то на ЦІПе — душна. Камера была таксама двухмясцовая. На ІЧУ была драўляны двух'ярусны ложак, а на ЦІПе — шэры жалезны ложак без матрацаў, зроблены з дубцоў.

Са мной на той момант у камеры было прыкладна 13 чалавек. Там паветра не хапала і ў мяне ў першы ж дзень здарыўся прыступ асфіксіі, калі я пачала задыхацца ад такога рэзкага недахопу кіслароду. Таму што нават на калідоры было халаднавата, а ў камеры — як у лазні, шклярніцы або саўне. Скура была пастаянна пакрыта тонкім ліпкім слоем".

У палітычнай камеры знаходзіліся адразу чатыры бяздомныя жанчыны

"У камеры са мной была Варвара Мядзведзева (фатографка, асуджаная па арт. 342 КК). Акрамя дзяўчынак, якіх адпусцілі пасля адміністрацыйнага арышту, з намі былі бяздомныя жанчыны: Ірачка, Алачка, Людміла і Каця. Алачка (Ала Ільінічна) там часты госць. Калі яе прывялі, супрацоўнікі сказалі: "аб, Аллка, ты зноў тут?".

Гэтыя жанчыны ладзілі нам часам сюрпрызы. Пасля кагосьці з іх было немагчыма зайсці ў туалет, бо там усё было ў "карычневым колеры". І Варачы адзін раз псіханула, яна накрычала на іх, але гэта было правільна, таму што яны маглі схадзіць, пакінуць гэта, а потым сказаць: "мы нічога не рабілі". І Вара голымі рукамі падмывала туалет пасля адной з жанчын. Таму што і пахі там не кветкавыя, і хтосьці мог есці, пакуль хтосьці ў туалеце.

Спачатку было нязвыкла есці, калі хтосьці там быў, таму што і пахі і гукі. Але ў нейкі момант стала ўсё-роўна".

"Сядзела за тое, што пераслала дачцэ песню "Купалінка""

"У нас у камеры большасць дзяўчынак сядзелі за рэпосты (арт. 19.11 КаАП). Была жанчына, якую арыштавалі за тое, што яна напісала каментар у чаце "Пенсіянеры-97". Адной дзяўчынцы далі 12 сутак па арт.19.10 КаАП (распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі) за пост у падтрымку Украіны з нейкай сімволікай.

Яшчэ адна дзяўчына сядзела за рэпост верша ў "Вкантакте" нейкага беларускага аўтара і за тое, што пераслала дачцэ песню "Купалінка". За верш і песню ёй далі 10 сутак. Пасля вызвалення яна паспела прыехаць дадому і схадзіць у душ. А ўвечары прагучаў званок у дзверы, яна адчыніла, а супрацоўнікі ёй сказалі, што яна забылася падпісаць нейкую паперку. Яна адразу зразумела, што гэта значыць. Яе прывялі і зноў далі 10 сутак. І на працягу гэтых 20 сутак у яе не спыняючыся ішлі Месячныя. Да канца тэрміну яна была проста белая, я такога колеру скуры ніколі не бачыла.

Адна дзяўчынка трапіла за тое, што яна здымала панарамнае відэа Мінска на Кастрычніцкай плошчы і ў канцы на відэа трапілася міліцэйская машына. Да яе адразу падышлі міліцыянты і сказалі выдаліць відэа, а потым яе забралі. Але па пратаколе, яна "напала на супрацоўніка".

Яўген Лівянт у камеры чытаў сукамернікам лекцыі 

Яўген і Юлія Лівянты
Яўген і Юлія Лівянты

"З намі яшчэ была Юля Лівянт (палітзняволеная жонка вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта) разам з дачкой. Юлю да нас прывялі на два дні, а потым яе рэзка забралі і на наступны дзень прывялі Ганну Лівянт. А ў камеры насупраць нас сядзеў яе бацька. Мы гэта даведаліся, калі вельмі малады супрацоўнік нам прыадчыніў кармушку, а таксама ў камеры насупраць. І мы ў гэтую шчылінку ўбачылі, як на нас вельмі ўважліва глядзяць два вочы. А потым гэты хлопчык нам адкрыў кармушкі цалкам. Ён так пакінуў нам на хвілін 15.

Аня сядзела на ложку каля дзвярэй. І аказваецца, увесь гэты час на нас глядзеў яе бацька. Таму, калі акенца адкрылася, Аня пазнала яго і яны нават з дапамогай жэстаў змаглі адзін з адным пагаварыць. Яна паказала колькі ёй сутак далі, а Яўген — колькі яму. Аня паказала, што мамы з ёй няма. Потым Яўген паказаў кніжку Стывена Кінга. А яшчэ мы часам чулі, як Яўген чытаў лекцыі ў камеры. Але гэта яшчэ калі Юля была ў камеры. Яна распавядала, што спачатку затрымалі яе і мужа, а Дачка і яе муж Мікіта прыехалі з Польшчы на Дзень народзінаў і навагоднія святы.

Калі затрымалі бацькоў, Аня і Мікіта паехалі ў РУУС перадаць лекі — у Юлі цукровы дыябет і ёй жыццёва важна прымаць таблеткі. І ў выніку Аню з мужам забралі. А Юлі было складана з-за хваробы, таму што ёй нельга бульбу, хлеб, цукар. Суп нельга было, бо там бульба, і заставалася толькі есці кашы".

"Яна рабіла ўсё магчымае, каб усім было яшчэ горш"

"Яшчэ з намі была жанчына, якая раней адбывала "хатнюю хімію", у той дзень яе затрымалі на вакзале і прывезлі зноў на Акрэсціна. Яе звалі Надзея Лазоўская. Яна рабіла ўсё магчымае, каб усім было яшчэ горш у камеры. Было адчуванне, што яна рабіла гэта адмыслова. Надзя прыехала з вялікім багажом: футра, некалькі кофт, штаноў, шапка. Пры тым што палітычным нічога нельга было. У нас забіралі курткі, шапкі, асабістыя рэчы, нават бюстгальтары мяккія без костачак. І вось у Надзі шмат рэчаў і ёй было "жыццёва неабходна" сціраць іх кожны дзень. Яна развешвала іх па ўсёй камеры — а гэта вельмі шмат выпарэння і павышэнне вільготнасці. Таксама яна вельмі часта мыла галаву, хоць у нас былі дамоўленасці, і ў выніку ракавіна забілася яе валасамі.

"Калена" ў гэтай ракавіне было залеплена гаспадарчым мылам, і мы баяліся яго чапаць. Мы папрасілі вантуз, каб прачысціць, але яго трэба было адразу аддаваць і гэта не вельмі нам дапамагала. Мы потым усё ж такі рызыкнулі, раскруцілі калена і пачысцілі. Там было шмат валасоў, мыла, ежы.

Сродкаў гігіены нам не дазваляліся — толькі пракладкі, якія выдавала лекарка. Таму мы 15 дзён не чысцілі зубы, я не мыла галаву, нас не выводзілі ў душ, і наогул нікуды з камеры. Мы запляталі каласкі, у нас была чыстая рыззё ў камеры, якую мы рвалі на некаторыя патрэбы: рабіць кампрэсы ці нешта яшчэ. Мы адрывалі ад яе палосачкі і завязвалі каласкі — мы іх насілі на працягу ўсяго тэрміну, каб не мыць галаву і ніхто туды не трапіў. Зубных шчотак не было, таму мы раз у тры-чатыры дні прыдумалі чысціць зубы таблеткай актываванага вугалю. Мы яе змочвалі вадой і расціралі, пальцам наносілі на зубы і счышчалі налёт. Зразумела, што ніякай свежасці або чысціні ў роце не было. І я выйшла праз 15 сутак з запалёнымі дзёснамі.

Туалетную паперу нам выдавалі адзін раз на некалькі дзён, а ў камеры нас было 12-13 чалавек і яе не хапала. І было, калі нас не выдавалі на працягу трох дзён пасля яе заканчэння. Нам было сказана, што ў нас на суткі павінна быць 80 см на чалавека і мы тры дні былі без яе. Нам выдавалі мыла гаспадарчае, хтосьці нават ім спрабаваў мыць галаву. Але, насамрэч, ад яго станавілася горш, галава бруднілася, а валасы былі як салома".

Для Насты Лойкі перадалі цёплыя бацінкі, але нага ў іх не ўлезла

"Яшчэ на Акрэсціна была моцна перасоленая ежа. Настолькі моцна, што нават з хлебам немагчыма было есці. Дзяўчынкі елі, але яны не адчувалі ні смаку, ні паху, таму што нам падсялялі хворых на COVID-19 людзей. Усе хутка захварэлі. Я яшчэ смак адчувала і не магла есці. Я не ем мяса і малочку, ела кашы, а мясную аддавала іншым жанчынам. Я не ела супы з-за непераноснасці лактозы, таму што там смятана была, згорнутая ў камячкі, але я не стала рызыкаваць.

Адзін раз прынеслі суп без смятаны — "рыбны". Я паспрабавала, а ён не проста салёны, а быццам зроблены з марской ежы, а зверху яшчэ кілаграм солі дадалі. Таму што есці яго было зусім нерэальна. Але дзяўчынкі елі, таму што на адны кашах складана было. Але праз гэта ў іх так моцна ацякалі ногі — я раней такога ніколі не бачыла".

Па словах Насты Лойкі, у яе таксама была такая праблема — ёй перадалі яшчэ ў РУУС цёплыя бацінкі, але нага ў іх не ўлезла.

"Я піла ваду па глытку раніцай, днём і ўвечары"

"Вадой пітной не было — толькі з крана. Яна была настолькі хлараваная, што проста злазіла скура з рук. Піць яе было немагчыма. Я першапачаткова піла ваду па глытку раніцай, днём і ўвечары. Потым прыйшла ідэя фільтраваць ваду таблеткамі вугалю. У нас была адна бутэлька паўтара-двухлітровая на ўсю камеру. Я адразу старалася з яе не піць, каб не захварэць і як мага даўжэй пратрымацца здаровай. Праз пару дзён, калі я ўсё ж захварэла, то таксама пачала піць з яе. У яе мы кідалі некалькі таблетак вугалю, чакалі, пакуль ён там растворыцца і пастаіць, і вада станавілася менш хлараванай.

З ежы давалі раніцай якую-небудзь кашу і чорны, вельмі салодкі чай. Ніякага канкрэтнага часу для абеду ці сняданку не было. Там, напрыклад, напісана: "Абед з 12:00 да 15: 00". І супрацоўнікі маглі прынесці спачатку лыжкі, праз гадзіну — талеркі, праз паўгадзіны — ежу, а яшчэ праз паўгадзіны — другое".

"Цішачкін заліў вядро хлоркі ў камеру"

Супрацоўнік Акрэсціна Ігар Цішачкін
Супрацоўнік Акрэсціна Ігар Цішачкін

"У пластыкавым вядры мы мылі наш абутак кожны раз пасля "шмона", таму што на калідоры быў пясок. Мы на гэтым абутку спалі замест падушак. Мы спалі ўсе на падлозе, таму мылі яго два разы на суткі: пасля "шмона" і перад сном.

Спалі ўсе дзяўчынкі на падлозе ў радочак галавой пад ложак, каб не свяціла святло ў вочы. Хтосьці клаўся на лаўку, хтосьці — на стол. Хтосьці спаў на ніжнім ярусе ложка, а я — на верхнім. Там вельмі высока і ніхто не мог залезці. Да мяне там спала Наста, ні ў каго больш не атрымлівалася забрацца. Я слала сваю байку пад спіну, але не асабліва дапамагала, на самай справе. Я потым выйшла з Акрэсціна з вострым болем пад левым рэбрам. Боль ў мяне захоўваўся на працягу некалькіх тыдняў. У камеры было шмат клапоў, прусакоў, макрыц.

Ноччу нас двойчы ўздымалі — арыентыровачна ў 2:00 і 4:00. Рабілі пераклічку, а дзеля гэтага трэба было спусціцца і стаць "па стойцы смірна", назваць свае дадзеныя. З-за гэтага ніхто не высыпаўся, усе хварэлі, таму днём вельмі хацелася спаць. І ў нас дзяўчынка адзін раз залезла пад ложак, каб трошкі паспаць днём, а гэта забаранялася. Супрацоўнік гэта ўбачыў, яны ж хадзілі глядзелі ў камеру праз вочка на працягу дня і ночы. У нас жа яшчэ відэакамеры віселі вялікія ў двух вуглах. Яны ўбачылі, рэзка ўключылі ўсе лямпы, хоць да гэтага гарэла толькі адна. Дзяўчына адразу вылезла, да яе падышоў супрацоўнік і сказаў, што "ляжаць забаронена, інакш пойдзеце ўсе гуляць на вуліцу без адзення". Атрымліваецца, як і Насту выводзілі. У нас адна жанчына пазнала сярод супрацоўнікаў Ігара Цішачкіна. Хлорку нам не залівалі, але калі я трапіла на Акрэсціна, дзяўчынкі мне сказалі, што ім якраз за дзень да гэтага Цішачкін заліў вядро хлоркі ў камеру і зачыніў іх там. Ім давялося прыбіраць рукамі гэтую хлорку з падлогі". 

"З выцяжкі дзьмула халодным паветрам з пахам цвілі"

Падчас "шмонаў" у арыштантак забіралі ўсё, што яны не бралі сабе ў рукі. Каб не выкінулі неабходныя лекі, дзяўчатам даводзілася іх таксама забіраць на час праверкі.

"Пасля сняданку быў ранішні шмон. Мы станавіліся каля сцяны, дзяўчына нас аглядала спачатку рукамі, потым — металашукальнікам. Пасля гэтага мы здымалі абутак, трымалі іх за спіной, а яна праходзіла металашукальнікам яшчэ раз па бацінках. Гэта доўжылася некалькі хвілін і ў гэтым момант мы стараліся вельмі глыбока дыхаць паветрам. І перад тым, як праводзіць шмон, супрацоўнікі ў камеры ўключалі выцяжку, мабыць, каб было камфортней, а адразу пасля — выключалі.

З выцяжкі дзьмула халодным паветрам з пахам цвілі або склепа. Але дыхаць з ёй было значна лягчэй. Праз тое, што мы ўсе доўга знаходзіліся ў духаце, былі потнымі, то калі ўключалася выцяжка, хтосьці адразу захворваў".

Толькі часам дзяўчатам выдавалі дзве пракладкі замест адной на дзень

Адразу пасля шмона адкрывалася "кармушкаі прыходзіла лекарка, успамінае дзяўчына. Яна спачатку кліча некаторых дзяўчынак па прозвішчы — гэта значыць, што ім перадалі лекі сваякі. Пасля яна пыталася ў астатніх, ці патрэбныя ім якія-небудзь таблеткі з дзяржаўных запасаў. Але асабістыя запасы дзяўчат, якія захоўваліся ў медсясцёр, занадта хутка "знікалі". Пры гэтым таблеткі для сэрца, якія былі ў дзяўчыны пры сабе на момант затрымання, на наступны дзень таксама зніклі.

Усяго на Акрэсціна існуюць тры змены лекарак:

"Дзве з іх маглі зачыніць кармушку і тады дзяўчаты, якім родныя нічога не перадалі, маглі наогул нічога не атрымаць. Але добрая медсястра давала таблеткі і яна нават магла выдаць не па адной пракладцы, а адразу дзве на чалавека. Нас было 12 чалавек і месячныя таксама ішлі адразу ва ўсіх і знянацку. А ад стрэсу яны маглі ісці і не заканчвацца.

Тэмпература — таксама знянацкае справа, таму мы заўсёды прасілі таблеткі ад тэмпературы загадзя".

Крыніца: "У мяне ў першы ж дзень на ЦІПе здарыўся прыступ асфіксіі", — былая арыштантка Акрэсціна