18.04.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Стала вядома, што за каментары пра Лукашэнку быў затрыманы намеснік старшыні праўлення Тэхнабанка Дзмітрый Богуш
З ім выйшла «пакаяльнае відэа» па БТ.
Паведамляецца, што Богуша затрымалі ў снежні 2022 года па артыкуле аб «распальванні варожасці» (ч. 2 арт. 130 КК) — ён нібыта пісаў у сацсетках каментары з пагрозамі на адрас Лукашэнкі і сілавікоў.
Затрымалі непоўнагадовага адміністратара тг-суполкі СБНШ
Па яго прыйшлі пасля таго, як хлопец вырашыў праверыць сябе «на наяўнасць кампрамятуючай інфармацыі» ў фэйкавым чат-боце плана «Перамога», створаным сілавікамі. Хлопец меў нік у тэлеграме «Ваўчара ў латах».
Раней суполку «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» прызналі «экстрэмісцкай».
Масавыя затрыманні ў Наваградку
Праваабаронцам стала вядома аб затрыманні на выходных у Наваградку шасці чалавек. Затрыманых змясцілі ў Карэліцкі ІЧУ.
Падрабязнасці высвятляюцца.
У Мінску да "палітычных" прыходзяць участковыя — у людзей праглядаюць сацсеткі і ўсталёўваюць бот "Магніт"
Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю, што апошнія дні ў розных раёнах Мінска назіраецца актыўнасць сілавікоў — участковыя прыходзяць увечары дадому да тых, каго раней затрымлівалі па палітычных матывах. У людзей праглядаюць Telegram і Instagram, гісторыю праглядаў і лайкі на YouTube, усталёўваюць бот «Магніт».
Таксама вядома, што сілавікі перапісваюць дадзеныя тэлефонаў.
За "экстрэмісцкія" падпіскі ў інтэрнэце затрыманыя адразу дзевяць гамельчукоў
«Пакаяльнае відэа» з імі з'явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Затрыманыя кажуць, што былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» суполкі ў Instagram, TikTok, Telegram.
Аднаго з мужчын сілавікі прымусілі сарваць са сцяны бел-чырвона-белы сцяг і кінуць яго на падлогу.
Крыніца: Масавыя затрыманні ў Гомлі і Наваградку: хроніка пераследу 18 красавіка