09.04.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі, гісторыі вязняў Напрыканцы верасня 2021 года па Беларусі пракацілася хваля затрыманняў за каментары з нагоды перастрэлкі IT-спецыяліста Андрэя Зэльцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Гэта стала адной з самых масавых палітычных крымінальных справаў Беларусі. Пасля затрымання фігурантаў змясцілі на каранцін, дзе паўтара месяца ўтрымлівалі ў нечалавечых умовах без перадач. Усе затрыманыя былі пазбаўленыя волі. На сёння дзясяткі чалавек ужо выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрміны.

Былая палітзняволеная па так званай "справе Зэльцэра" Аліса (яе імя зменена ў мэтах бяспекі) распавяла, як усё адбывалася па той бок кратаў. Пра затрыманне за адзін каментар, пра сустрэчу з Марыяй Успенскай і іншымі палітвязнямі, пра 48 дзён каранціну ў жодзінскай турме, галадоўку зняволеных на знак салідарнасці з Украінай у дзень пачатку вайны, сукамерніц з "Валадаркі" і вяселле Ірыны Злобінай — чытайце ў вялікім матэрыяле "Вясны".

zelcer_piket.jpeg
Ілюстрацыйнае фота

"Першы ляціць з кувалдай і заганяе мяне ў шафу"

28 верасня 2021 года Аліса знаходзілася дома з дзіцем. Увечары яна прачытала ў тэлеграме навіну пра забойства айцішніка Андрэя Зэльцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Гэта навіна вельмі зачапіла жанчыну:

"Усё мне гэта здалося нейкай абсурднасцю. Я не паверыла нават і падумала: "Што? Айіцшнік са стрэльбай кагосьці застрэліў? Нейкае чарговае трызненне!" Потым я адкрыла ютуб, і ў папулярных відэа мне вылезла тое самае відэа на нейкім канале. Я была ў шоку ад таго, што ўбачыла, як выбіваюць дзверы кувалдай... Я да моманту забойства нават не дайшла — выключыла, бо была ў шоку. Я на эмоцыях напісала ў каментарах першае, што прыйшло ў галаву, і забылася пра гэта".

Увечары наступнага дня — 29 верасня 2021 года — па Алісу прыйшлі сілавікі. Таксама з кувалдай і ў поўным абмундзіраванні.

"Пачалося ўсё з таго, што хтосьці вельмі моцна пачаў стукаць у дзверы ў тамбуры. Стукалі так, што скалыналіся сцены. Я падумала, што гэта нейкі сусед, і пайшла паглядзець, але мне сказалі: "Адкрыйце, міліцыя!" Далей усё было, як у кіно: адчыняюцца дзверы, залятаюць дзевяць чалавек у поўным абмундзіраванні, першы ляціць з кувалдай і заганяе мяне ў шафу, а мужа ставяць да сценкі на расцяжку. Паміж намі пры гэтым носіцца дзіця шасці гадоў з вялікімі вачыма, не разумеючы, што адбываецца. Людзі ў чорным без апазнавальных знакаў пачынаюць бегаць па кватэры і шукаць нешта, магчыма, нейкую сімволіку, зброю і наркотыкі. Яны нічога не знайшлі і сказалі здаць усе гаджэты. Я спачатку не паверыла ў гэта ўсё і падумала, што гэта нейкі прыкол. Калі мне сказалі, што я затрыманая, то я папрасілі, каб яны прад'явілі мне хоць нейкую паперу і сказалі, у чым мяне абвінавачваюць. Але замест адказу мяне зноў загналі ў шафу і пачалі крычаць, што я крымінальніца і "сяду" на гадоў на дзесяць. Потым мне сказалі апранацца і праехаць з імі да высвятлення абставінаў. Малады супрацоўнік бегаў і крычаў, каб забралі яшчэ і мужа, але яго пакінулі. Іншыя супрацоўнікі яму сказалі нешта накшталт: "Ты што дурны? Тут дзіця маленькае". А дзіцяці сказалі, што "з мамай пагавораць і адпусцяць". Калі я сыходзіла, то ў кватэры засталося крычаць і плакаць дзіця. Гэта апошні ўспамін з дому. Я калі выйшла, то больш родных не бачыла практычна паўтара года".

"Паглядзіце, якія мы добрыя, мы вам нават кватэру не разнеслі"

Як распавядае Аліса, дзіця потым год вадзілі да псіхолага. Яму было складана без мамы. Ён увесь час успамінаў словы пра тое, што з мамай пагавораць і адпусцяць, ён не думаў, што чакаць прыйдзецца так доўга. Сілавікі былі без апазнавальных знакаў, але жанчына мяркуе, што некаторыя з іх былі з Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

"Ведаю, што некаторых затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, якія моцна разносілі кватэры і збівалі людзей. Адну жанчыну прывялі на Акрэсціна ўсю збітую. Калі мяне забіралі з дому, то адзін супрацоўнік сказаў: "Мы вас абараняем, а вы пра нас усё так дрэнна пішыце. Паглядзіце, якія мы добрыя, мы вам нават кватэру не разнеслі". Адзін з тых, хто мяне затрымліваў, быў дакладна з КДБ".  

Алісу пасадзілі ў бус, дзе было шмат сілавікоў:

"Яны мацюкамі крычалі, што мы, бчбшнікі, іх ужо задзяўбалі і яны бы "ўчора нас яшчэ разарвалі". Я, вядома, парыравала. Была нейкая лаянка з імі. Потым я пачула хрып нейкага мужчыны з аддзялення ў бусе. Ён спрабаваў нешта таксама ім адказваць. 

Я пыталася ў бусе пра адваката, а яны мне казалі: "Забудзьцеся гэтае слова — "адвакат". Калі я спытала, куды мяне вязуць, то яны адказалі: "У лес!" Я ехала і не разумела, што адбываецца. Але была спакойная, бо ведала, што нічога дрэннага не зрабіла".

"Чаму вы ў мяне дома шукаеце Матольку?"

У выніку жанчыну прывезлі ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі, дзе збіралі ўсіх затрыманых па гэтай справе.

"Забягаючы наперад скажу, што ў гэтую ноч туды з'ехаліся ўсе: Карпянкоў, Церцель, Паўлічэнка і нават Лукашэнка. Адна з затрыманых чула яго сіплы голас — у суседнім кабінеце ён усю ноч даваў нейкія ўказанні сваім падначаленым. Пакуль хапалі вельмі шмат людзей, яны ўсю ноч нешта абмяркоўвалі. Калі на Акрэсціна пачалі заводзіць людзей, то першых вялі жанчын. Іх сустракаў асабіста Церцель, а потым паступіла каманда не браць больш жанчын, а хапаць толькі мужчын. Ніхто не чакаў, што каментатары — гэта жанчыны з адукацыямі і нармальнымі сем'ямі. Яны былі вельмі здзіўлены.

Калі мяне прывезлі ў КДБ, то там былі два аператыўныя супрацоўнікі, якія гралі ролі "добрага і дрэннага паліцэйскага": адзін угаворвае даць паказанні, а другі крычыць, што ў іх там труна стаіць і мы зараз пойдзем прасіць прабачэння перад сваякамі. Я кажу: "Я наогул нічога не разумею, якая труна, якія сваякі". Тут яны пачынаюць пытацца, дзе Матолька. Я кажу: "Чаму вы ў мяне дома шукаеце Матольку? Я наогул не разумею". У многіх жанчын пыталіся пра яго. Таксама яны ўсё пыталіся, хто мне плаціць. А я ўвогуле не разумею і кажу, што мне плаціць арганізацыя, у якой я працую. Тады супрацоўнікі пытаюцца, а хто яшчэ мне грошы дае. Ну я кажу, што мне муж часам грошы дае. Тады яны пачынаюць крычаць: "Не рабіце выгляд, што вы не разумееце". Увогуле, КДБ думаў, што мы ботаферма, якая спансуецца польскімі лялькаводамі. Яны думалі, што схапілі такую банду і сетку людзей, якім даюць каманду, а яны пішуць каментары".

У КДБ супрацоўнікі сфатаграфавалі тэлефон Алісы і толькі тады яна зразумела, што яе затрымалі за каментар. Тады яна спытала: "Сур'ёзна? За адзін каментар вы мяне будзеце затрымліваць?" Адразу затрыманым па "справе Зэльцэра" выстаўлялі абвінавачванні паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне іншай сацыяльнай варожасці групай асобаў.

"КДБ хацеў звязаць гэта ўсё ў групу асоб, што мы знаёмыя паміж сабой, нам давалі нейкія каманды і задачы, мы пісалі, а потым нам плацілі за гэта. Сілавікі крычалі: "Давай здавай сваіх падзельнікаў". А я нават слова такога не ведала".

"Шчыра кажучы, гэта быў правал"

Аліса па зразумелых прычынах не змагла сілавікам назваць імёны іншых каментатараў. Пасля ночы допыту ў КДБ пад раніцу яе адвезлі на Акрэсціна.

"Нас вазілі на сваіх службовых машынах. Са мной былі пару чалавек — аднаму з іх завязвалі вочы чорнай стужкай. Ён плакаў і маліўся. У першыя суткі ў нашу камеру пастаянна закідвалі затрыманых па справе жанчын: хтосьці быў баявы, хтосьці — у шоку, хтосьці плакаў. 

У КДБ некаторым жанчынам казалі: "Мы вас наогул за людзей не лічым, а вы нешта яшчэ варушыцеся і пішыце. Калі б нам далі карт-бланш, то куля ў лоб у вас ва ўсіх бы ўжо была". Адну дзяўчынку дапытваў Паўлічэнка. Крычалі, што "Машу-суку мы закрыем на 25 гадоў". Я старалася парыраваць, што яна ж нічога не зрабіла, а які Зэльцэр тэрарыст, калі нічога тэрарыстычнага ён не зрабіў. Хтосьці з затрыманых спытаў, чаму іх супрацоўнік не надзеў бронекамізэльку, калі да яго пайшлі. А яны ў адказ крычалі: "Няма чаго нас вучыць, як праводзіць спецаперацыі!" 

Толькі потым я зразумела, што яны хацелі раскруціць справу аб ботаферме. Але нічога ў іх не атрымалася. Прыйшлося закрываць справы і праводзіць суды ў закрытых рэжымах, таму што, шчыра кажучы, гэта быў правал".

"Мы не пыталіся ў Машы, што адбывалася 28 верасня ў іх у кватэры"

Марыя Успенская
Марыя Успенская

У Алісы быў яшчэ адзін допыт з прызначаным адвакатам на наступны дзень. Тады, па яе словах, задалі пытанні: "Ці лічыце вы, што пакрыўдзілі маму загінулага супрацоўніка?", "Што вы маеце на ўвазе пад тым ці іншым словам?" Аліса вырашыла адмовіцца ад дачы паказанняў. Супрацоўнікі тады, як успамінае жанчына, вельмі моцна злаваліся, што затрыманыя па справе не даюць паказанняў.

"Яны пагражалі, што будуць цягаць нас на допыты, уключаць нейкі аўдыёзапіс па шэсць гадзін... Але я тады ні ела, ні піла, ні спала другія суткі і проста фізічна не магла даваць паказанні. Увечары 30 верасня паехалі на ператрус іншай кватэры. Яны нічога не знайшлі і там, увесь час адзін з адным стэлефаноўваліся і пыталіся, ці ёсць зброя. Вядома, яе не было. Я кажу: "Госпадзе, вы што?! Як гэта, пахапаць звычайных людзей і нейкую зброю па кватэрах у іх шукаць?" Ну гэта цырк!"

Усіх затрыманых жанчын "па справе Зэльцэра" ў ІЧУ на Акрэсціна змясцілі ў адну двухмясцовую камеру на другім паверсе. У гэтай камеры пяць дзён без матрацаў і пасцельнай бялізны ўтрымлівалі 16 чалавек. Калі прывялі Алісу і іншых затрыманых, то ў камеры ўжо знаходзілася жонка забітага Андрэя Зэльцэра Марыя Успенская.

"Там мы даведаліся, што, аказваецца, з намі разам знаходзіцца жонка забітага Андрэя Зэльцэра – Марыя. Калі мы зайшлі, то адна з нашых затрыманых дзяўчынак сказала ёй: "Можна я вас абдыму?" Маша адразу спытала, навошта гэта. Тады мы сказалі, што нам яе вельмі шкада і хочам ёй выказаць свае спачуванні. Яна была ў шоку, што столькі людзей затрымліваюць з-за каментароў па яе мужа. Маша вельмі плакала, што не можа пахаваць мужа і не можа з ім развітацца. Часам яна выпадала і казала: "Слухайце, а як гэта мне пайсці за кватэру заплаціць?" Чалавек быў у стане такога дзікага шоку, што яна вярталася думкамі ў мінулае, што ў яе нармальнае жыццё. На Акрэсціна супрацоўнікі з ёй абыходзіліся дрэнна і называлі "цёлкай з ружовымі валасамі". Мы ўвесь час з імі лаяліся і казалі, каб яны не смелі абражаць жанчын. Машу мы падтрымлівалі, як мы маглі. Кожны дзень яе выклікалі на допыты. Яна казала, што яе не білі. Мы думалі, што нас хутка адпусцяць, таму запаміналі адрас, каб выйсці і наведаць іх дзіця і маму Машы. Мы разлічвалі, што хутка выйдзем і думалі, што за каментары нас 10 сутак патрымаюць і выпусцяць. 

Мы не пыталіся ў Машы, што адбывалася 28 верасня ў іх у кватэры, каб не траўмаваць яе. Нават у нашых крымінальных справах пра гэта не было наогул нічога. Але Маша распавяла, што Андрэй паспяхова займаўся крыптавалютамі. І напярэдадні таго, як прыйшлі да яго сілавікі, ён зняў вельмі буйную суму грошай. Магчыма, гэта стала прычынай, чаму да яго ўламіліся. 

Нас на Акрэсціна не білі. Тры дні ў нас не зачыняліся дзверы — ім было не да біцця. Там было вар'яцтва! Яны мітусіліся, таму што столькі людзей тады хапалі! Усе паверхі ІЧУ на Акрэсціна былі запоўненыя затрыманымі за каментары. Людзей затрымлівалі пачкамі. Хлопцаў забіралі проста з басейна за плаўкі, кагосьці — з бальнічнай палаты перад аперацыяй на ныркі, у КДБ бачыла, як перадавалі пачак лістоў, а на кожным — фатаграфія, прозвішча і білінгі. Пры мне супрацоўніку па рацыі перадавалі ў аэрапорт: "Тэрмінова затрымлівайце рэйс "Мінск-Масква" [верагодна, гаворка ідзе пра журналіста "Камсамольскай праўды ў Беларусі" Генадзя Мажэйку]. Кагосьці моцна збілі — у кагосьці была кроў, а камусьці нават рэбры зламалі".

"Я сказала: "Ну ўсё, нас дакладна вязуць у лес" і страціла прытомнасць"

На пятыя суткі ўсіх затрыманых жанчын па "справе Зэльцэра" выклікалі ў кабінеты. 13 чалавек выбудавалі калонай у калідоры ІЧУ і павялі на прад'яўленне абвінавачванняў:

"Калі нас заводзілі ў кабінеты, то мы дзівіліся, што там нас чакалі супрацоўнікі неславянскай знешнасці. Некаторыя былі з барадамі. У іх быў акцэнт. І мы вельмі моцна перапалохаліся, што гэта нейкія чачэнцы і нас павязуць на расстрэл. Гэта былі не тыя супрацоўнікі КДБ, якія нас дапытвалі, але хто гэта быў — я не ведаю дагэтуль. Нам даюць падпісваць паперкі [пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага] — мы ў здзіўленні. Хтосьці заплакаў, калі ўбачыў трэцюю частку артыкула 130 КК, па якой пагражае ад пяці да 12 гадоў пазбаўлення волі. Калі мы вярнуліся ў камеру, то адна дзяўчынка страціла прытомнасць".

На наступны дзень затрыманых пачалі этапаваць у следчы ізалятар, бо ўсім абралі меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

"У пастановах было напісана, што нас адправяць у СІЗА-1, таму мы крыху супакоіліся. Уначы на аўтазаку нас прывозяць на Валадарскага і мы вельмі доўга стаім. У СІЗА-1 проста адмовіліся нас прымаць: ці то людзей шмат, ці то яны не хацелі ў гэтым усім удзельнічаць. Тады нас вязуць адтуль і доўга кудысьці вязуць. Я сказала: "Ну ўсё, нас дакладна вязуць у лес", і страціла прытомнасць. У мяне нешта пякло ў грудзях. Калі я ачуняла, то ўжо стаяла з нейкай таблічкай з нумарам для фота ў жодзінскай турме. Але як я там апынулася — я не памятаю. Мне казалі, што былі сабакі і "калідоры", але я нічога гэтага не памятаю".

"Маладыя ахоўнікі прыходзілі і пыталіся: "Яна ў вас яшчэ не здохла?"

Усяго па справе "Зэльцэра" ў жодзінскую турму, па словах Алісы, прывезлі 139 чалавек, 14 з якіх — жанчыны. Усіх фігурантаў справы трымалі 48 дзён на так званым каранціне: больш за паўтара месяца палітвязняў трымалі без перадач, душа і шпацыру на свежым паветры. Адразу ўсіх затрыманых жанчын (першапачаткова іх было 13, а праз два тыдні прывезлі з Гродна яшчэ адну затрыманую) змясцілі ў адну васьмімясцовую камеру:

"Мы радаваліся, што апынуліся ў адной камеры. Усё ж такі добрая кампанія ў турме — вялікая справа. У нас не было з сабой ні рэчаў, ні сродкаў асабістай гігіены, ні нават запасной ніжняй бялізны. Нам выдалі матрацы і мы ўзрадаваліся, што зможам нарэшце паспаць, таму што пяць дзён мы практычна не спалі. Мы толькі ляглі, як праз 10 хвілін пачалі крычаць: "Падымайцеся! Ідзе праверка!" Мы ім сказалі, што нам дазволілі паспаць, але нам адказалі: "Мы зараз пакажам, як вы тут спаць будзеце!" Прыйшла гэтая праверка з пытаннямі, што мы такога там панапісвалі, што нас сюды прывезлі. Я не ведаю, хто гэта прыходзіў, мы з імі асабліва не размаўлялі. Яны нам казалі, што нас ахоўваць будзе КДБ. 

Мы спалі па двое, але асобныя ложкі выдзелілі двум жанчынам, у якіх былі праблемы са здароўем. 48 дзён у нашай камеры не выключалася святло наогул. Тры тыдні нас не выводзілі мыцца і на прагулкі, мы былі без зубных шчотак, паст і іншых сродкаў гігіены. Сваякі прыязджалі, спрабавалі перадаць нешта, але ў іх нічога не прымалі. 

Калі мы прыехалі, то ўсе моцна захварэлі. У нас знік пах — тады быў самы разгар кавіду. На Акрэсціна мы спалі на падлозе, таму захварэлі ангінай, у нас у многіх апухла горла і была тэмпература. Медыцынская дапамога нам не аказвалася. Прыходзіў начальнік і казаў: "Вы дрэнныя людзі, лекаў вам не дам". Мы прасілі даць нам пракладкі, але нам не давалі. Калі мы прыехалі з Акрэсціна, то ў нас яшчэ былі месячныя, а потым яны зніклі дзесьці месяцы на тры ад стрэсу. Таксама не выдавалі нам і туалетную паперу. Калі давалі трохі і мы прасілі зноў, то супрацоўнікі пыталіся: "Што вы сабе там усё трэце?" Былі ўсялякія прыніжэнні.

Кожны дзень нам трэба было скручваць матрацы, і мы цэлы дзень сядзелі на халодных жалезных рашотках нашых ложкаў. Нам пастаянна выключалі ваду. Ледзяная вада была адна-дзве гадзіны ў дзень. Калі мы хадзілі ў прыбіральню, то стаяў дзікі смурод. Мы казалі, што мы можам проста задыхнуцца і атруціцца ад паху мачы. Кожны дзень у турме ўключалі пасланне Лукашэнкі ўсебеларускаму народнаму сходу. Гэта называлі прафілактычнымі мерапрыемствамі. Пастаянна гэта радыё гарланіла.

У 22 гадзіны быў адбой, але нас падымалі потым апоўначы, у дзве гадзіны ночы, а пад'ём быў у шэсць гадзін. Усю ноч трэба было хадзіць да "кармушкі", называць сваё прозвішча і свой прафілактычны ўлік, хоць на яго нас яшчэ не паставілі. Але яны прэвентыўна нас ужо паставілі на яго, каб вось так падымаць па начах. Адзення зменнага ў нас не было ніякага, таму мы ў трусах, майках, станіках хадзілі да гэтай "кармушкі", дзе на нас глядзелі супрацоўнікі. І такім гуськом мы паўночы вакол стала хадзілі. Хтосьці быў заматаны ў прасціны, а хтосьці і так. Супрацоўнікі нам казалі: "Навошта вам перадачы? Вы атрымліваеце тут трохразовае гарачае харчаванне". Кожны дзень нас выводзілі на пабудовы ля сценкі на расцяжцы. Супрацоўнікі білі пад каленкамі палкай або нагой пастаянна, каб мы ніжэй схіляліся, а ахоўніцы палкай ногі рассоўвалі шырэй. Неяк нас пасадзілі на кукішкі, уключаючы сталых людзей, якім пад 70 гадоў. Людзі падалі на падлогу і плакалі. Калі мы вярнуліся ў камеру, хтосьці нават страціў прытомнасць. Больш яны нас не саджалі на кукішкі. Але здзекаваліся па-іншаму па-ўсяляку.

Неяк дзвюх дзяўчынак выклікалі да сябе супрацоўнік КДБ, які працуе ў Жодзіне. На іх ціснулі, каб яны распавялі, хто ў камеры "бчб-шніца", хто "змагарка", хто на якія пратэсты хадзіла. Пагражалі дзяўчатам, што мы ўсе паедзем на зону гадоў на 10, што нас згнояць у турме, што мы паедзем свіней карміць. Але дзяўчынкі адказвалі, што мы рандомна схопленыя жанчыны, і навошта яны гэта ўсё зрабілі наогул. Праз гэты адпор пагражалі карцэрамі.

Нам потым яшчэ супрацоўнік турмы казаў: "Дзяўчынкі, вы ж паміж сабой не перагаворвайцеся, а то сярод вас ёсць чалавек, які здае". Але па факце сярод нас не было падсадных, напэўна. Гэта рабілася для таго, каб мы перагрызліся адна з адной, сталі адна адну падазраваць. Але мы далі ясна зразумець, што распавядаць нам асабліва няма чаго.

Калі нам казалі, што мы на каранціне, то мы прасілі паказаць дакументы, якія яго рэгламентуюць, каб ведаць, што належыць, а што не. Але нічога нам не далі.

Самы горшы дзень быў 14 кастрычніка — Дзень маці. Нам уключылі радыё, дзе дзеці віншавалі сваіх мам са святам. Мы вельмі моцна плакалі, бо ў большасці з нас былі дзеці, з якімі мы не маглі быць у той дзень.

Адна з жанчын увесь час казала ахоўнікам, што мы ў закладніках і пыталася, калі спыніцца гэты палон. Яна пасля Акрэсціна захварэла бранхітам настолькі моцна, што мы, калі шчыра, кожны дзень баяліся, што яна памрэ. Пры гэтым, у яе ціск яшчэ быў пад 230. Не было ніякай дапамогі, а яна вельмі моцна кашляла. Чалавек быў у вельмі дрэнным стане. Маладыя ахоўнікі прыходзілі і пыталіся: "Яна ў вас яшчэ не здохла?" Смяяліся і сыходзілі. У адной жанчыны здарылася алапецыя (моцнае выпадзенне валасоў) на фоне каранціну.

"Адна дзяўчынка замест свайго прозвішча і імя сказала: "Кузьма Чорны" 

Каля ўвахода ў ІЧУ і турму горада Жодзіна
Каля ўвахода ў ІЧУ і турму горада Жодзіна

Гэта ўсё працягвалася 48 дзён. Мы насамрэч былі нібы ў палоне. Што зробяць гэтыя маньякі далей — мы не ведалі. Відавочна, што мы сядзім, пакуль з намі вырашаюць, што рабіць. Усё дайшло да таго, што мы сталі ўспамінаць родных і што мы б ім сказалі, таму што думалі, што мы іх больш ніколі не ўбачым. Мы разважалі там, што мы, калі сыходзілі, не сказалі ім нейкіх важных словаў. Мы пастаянна прыслухоўваліся да гуку машын і аўтазакаў, якія прыязджаюць. Адна жанчына казала: "Божа мой, дзяўчынкі, нас, напэўна, у лес павязуць". Яна паўтарала гэта кожны дзень — настолькі гэтая думка засела ў яе ў галаве, што ў яе нібыта псіхоз пайшоў.

Мы там практычна не спалі: удзень не давалі, а ўначы ўздымалі ўвесь час і святло гарэла. Дзесьці на 42-ы дзень нас у чарговы раз разбудзілі на праверку, на якой трэба назваць свае прозвішча і артыкул. Адна дзяўчынка замест сваіх прозвішча і імя сказала: "Кузьма Чорны". Яна ўжо забылася, як яе завуць — так псіхалагічна давялі жанчын. І тады яны, напэўна, зразумелі, што хопіць нас мардаваць. Пасля гэтага каранціну ў нас дзве жанчыны паехалі ў "Навінкі" на абследаванне.

У хуткім часе нас паставілі на прафілактычны ўлік, як схільных да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці. Нас і хлопцаў усіх выводзілі на дыван да адміністрацыі турмы, пыталіся, навошта мы гэта пішам. Па-рознаму сябе дзяўчаты вялі: хтосьці размаўляў, а хтосьці бунтаваў і казаў, што гэта ўлада нелегітымная і яе законы — таксама, таму выконваць іх не збіраюцца. У КДБ і ў жодзінскай турме нам адказвалі на такое, што калі нешта не падабаецца, то з'язджайце з краіны".

"Першыя паўгадзіны сустрэчы я проста плакала"

Пасля 48-дзённага каранціну затрыманых па "справе Зэльцэра" размеркавалі па камерах.

"Мы ў чарговы раз спадзяваліся, што нас адпускаюць дадому. Нас паднялі наверх у камеру па тры-чатыры чалавекі ў кожную камеру. Усе ўжо ведалі пра наш каранцін і пра нашы жудасныя ўмовы. Дзесьці з 15 лістапада пачалося наша знаходжанне ў турме на агульных умовах.

Калі мяне павялі да адваката, то першыя паўгадзіны сустрэчы я проста плакала. Праз шкло рыдала і казала, што гэта нейкі кашмар. Адвакат спрабаваў мяне неяк суцяшаць і перадаць заспакойлівыя. Ад родных мне перадалі цэлы стос лістоў і першую перадачу з апельсінамі і іншай садавінай. Больш, вядома, парадавалі лісты. Іх было шмат ад розных родных са словамі падтрымкі. Усе чыталі лісты, што прыйшлі за час каранціну, і плакалі. Гэта быў самы кранальны момант. Ён парадаваў больш, чым ежа.

Нас адразу трымалі ўсіх у першым корпусе, які называецца "Цітанік" і лічыцца "прэс-хатай", як мы потым даведаліся. Я думаю цяпер, што можа ў іх там у камерах была праслухоўка? Але ў нас не было, што праслухоўваць, мы ж у каментарах напісалі, што кожная думае. Мы там проста знаёміліся, абмяркоўвалі дзяцей, падарожжы. Мы проста днямі сядзелі і балбаталі пра ўсё на свеце. Асабліва з нас няма чаго было ўзяць.

Наогул у жодзінскай турме ў агульных камерах распаўсюджаныя "дзяўчынкі, якія надглядаюць". Як правіла, гэта тыя, хто даўно сядзіць па эканамічных ці наркатычных артыкулах. Яны ўціраюцца ў давер да затрыманых праз бытавыя пытанні, а потым ідуць аператыўнікам усё распавядаюць. Часам яны адкрыта гнабяць.

З намі былі дзяўчынкі па "справе цюкоў". Іх вельмі моцна ўсяляк прыніжалі, крытыкавалі і чапляліся да ўсяго. У адной камеры адна дзяўчына на працягу некалькіх дзён крычала на палітзняволеную за тое, што тая ноччу схадзіла ў прыбіральню па-вялікаму, а вокны пры гэтым былі зачыненыя. За найменшыя парушэнні яна крычала на палітычных. Напрыклад, падушку не так паклала, не так села, не тую кнігу ў бібліятэцы замовіла. Калі пачынаеш заступацца, тая дзяўчына адразу ішла да аператыўніка і цябе пачыналі перакідаць з камеры ў камеру. Прозвішча гэтай жанчыны на Жодзіна — Алена Сямагіна, якая праходзіць па артыкуле арт. 209 КК (махлярства). Яшчэ адну дзяўчыну, затрыманую за ўдзел у акцыі пратэсту, прымушалі мыць прыбіральні за ВІЧ-інфікаванымі хлоркай, і ў яе сталі аблазіць рукі. Мой матрац неяк выкінулі на калідор з пасцельнай бялізнай і піжамай, нібыта выпадкова.

"Пытанні былі пра тое, ці ёсць сваякі за мяжой, як ставімся да дзеянняў Ціханоўскай"

На Жодзіна медыцынскія работнікі не займаюцца першаснай апрацоўкай людзей пры паступленні. Да нас падсаджвалі жанчын з сухотамі і з вошамі, гепатытам С і ВІЧ. Часам не давалі сродкі ад вошай. Таму дзяўчынкі прасілі блізкіх перадаць шампуні і спецыяльныя расчоскі, каб вычэсваць гніды. Дзяўчынкі-сукамерніцы апраналі пальчаткі і апрацоўвалі такіх жанчын самі. На праверках мы задавалі пытанні, чаму ў нашых камерах знаходзяцца ВІЧ-інфікаваныя і яны не праходзяць тэрапію.

У жодзінскай турме пастаянна мяняюць камеры. За размяшчэнне ў камерах адказвае аператыўны супрацоўнік. Асабліва над палітычнымі затрыманымі жанчынамі здзекаваўся малады аператыўнік Раман. Кожны месяц палітвязняў пераводзілі з адной камеры ў іншую. Я за год змяніла дзесьці адзінаццаць камер. Акрамя таго, былі змены, якія асабліва здзекаваліся з нас. Мы стаялі на прадоле і трымалі матрацы ў руках, калі было цяжка іх трымаць і ты іх апускаў на падлогу, то матрац і падушку забіралі, а наўзаемен прыносілі тонкія і драные.

Калі пачалася вайна, увесь прадол абвясціў негалосную галадоўку. Такая была наша салідарнасць з Украінай. Мы ўсе былі супраць гэтай вайны і вельмі напалохаліся. Супрацоўнікі вельмі псіхавалі, пыталіся, чаму мы не ядзім. 24 лютага 2022 года дзяўчынкі з іншых камер пайшлі на шпацыр, і ім уключылі песню "Свяшчэнная вайна". Яны вельмі перапалохаліся і пачалі пытацца ахоўнікаў, што адбываецца, з кім ваюем. Людзі доўга заставаліся ў недасведчанасці, што вельмі моцна іх траўмавала. Ніхто нічога не казаў, але ўсе разумелі, што нешта адбываецца. Каля месяца з пачатку лютага нам не аддавалі лісты. Яны ж думалі, што гэта хутка ўсё скончыцца, але калі гэта ўсё зацягнулася, зразумелі, што трэба ўжо аддаваць нашы лісты. І там ужо родныя пісалі, што пачалася вайна. Мы вельмі перажывалі.

Перад рэферэндумам у лютым у Жодзіна прыязджаў пракурор. Ён быў ці то з пракуратуры, ці то — з ДВП, прадставіўся так хутка, што і запомніць не паспела. І палітычных жанчын зноў павялі на допыт. Без прысутнасці адваката ў чарговы раз. Пытанні былі пра тое, ці шкадуем мы пра напісаны каментар, ці ёсць сваякі за мяжой, як ставімся да дзеянняў Ціханоўскай, за каго галасавалі, ці падабаюцца ўмовы ў турме, ці будзем з'язджаць з такой цудоўнай краіны як Беларусь. Пры гэтым допыце прысутнічаў той самы аператыўнік Раман. Усё гэта нагадвала нейкі сюр".

"Ведалі, што ім будзе па 10 гадоў і былі да гэтага гатовыя"

У жодзінскай турме, па словах былой палітзняволенай, затрыманых па "справе Зэльцэра" ахоўвалі супрацоўнікі КДБ. Там Алісу ўтрымлівалі больш за год, а перад судом яе адправілі ў СІЗА-1 у Мінск.

"На "Валадарцы" я пазнаёмілася з Людмілай Чэкінай, Юліяй Мудрэўскай, Валерыяй Касцюговай і Ірынай Злобінай. Сустрэлі мяне вельмі добра — усе вельмі прыязныя. Дзяўчынкі, вядома, крэмень і вялікія малайцы. Самі заўсёды ўсіх падтрымлівалі. На іх ціснула следства, каб напісалі памілаванне, але яны казалі, што ніколі на гэта не пойдуць. Яны ведалі, што ім будзе па 10 гадоў і былі да гэтага гатовыя, таму размаўлялі пра тое, што будуць рабіць у Гомелі на Антошкіна. Яны займаліся спортам у камеры і ў любое надвор'е хадзілі на шпацыр. Валерыя Касцюгова прасіла перадаць, каб людзей неяк з турмаў вызвалялі, таму што вельмі цяжка і вялікі прэсінг. 

Чамусьці на Ірыну Злобіну, якую ўжо асудзілі да дзевяці гадоў калоніі, аказваўся вялікі ціск. Над ёй асабліва здзекавалася адна рэжымная працаўніца Дзядзюля. Яе называлі жанчынай з чырвонымі вуснамі. Праводзіла ў камеры шматгадзінныя ператрусы з 10 раніцы да 16.00 — навучала новых ахоўніц. Я тады была ў такім шоку, думала, што на "Валадарцы" ўмовы лепшыя, а тут трапіла на такі ператрус. Яна выкідала нашы асабістыя рэчы без прысутнасці дзяжурнай па камеры, што з'яўляецца вялікім парушэннем. Забрала ў нас усе цёплыя рэчы, пакінула па адной кофце і адным штанах. Неяк Іру Злобіну і Юлю Мудрэўскую Дзядзюля вывела на калідор і дзяўчынкі павінны былі пераапранацца прама на калідоры. Мы глядзім у шчыліну кармушкі, а яны без штаноў стаяць у адных трусах. Такога наогул нельга рабіць, жанчын могуць распранаць толькі ў кабінеце ў лекара. Тады ўсе лісты Іры, якія людзі дасылалі са словамі падтрымкі, рэжымніца выкінула. Сказала, што гэта смецце".

"Дзяўчаты зрабілі пераздымку-татуіроўку ў выглядзе пантэры" 

zlobina_iryna.jpg
Ірына Злобіна

Першага верасня стала вядома, што палітзняволеныя медыяменеджэр Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ажаніліся ў СІЗА-1. Пад вартай іх утрымліваюць са студзеня 2021 года.

Я не заспела, як Іра Злобіна выходзіла замуж, але мне дзяўчаты распавялі. Ёй перадалі прыгожую сукенку чорнага колеру з вялікімі празрыстымі рукавамі і адкрытай спіной. Дзяўчаты на ёй зрабілі пераздымку-татуіроўку ў выглядзе пантэры, а таксама прыгожую прычоску. Распісваліся яны без сведак пры канваірах. У камеры Валерыя, Людміла і Юлія зрабілі канфеці і хацелі абсыпаць Ірыну, калі тая прыйдзе з роспісу. Але дзяўчат забралі на шпацыр і Іра вярнулася ў камеру раней, таму яе прасілі, каб яна адвярнулася і зрабіла выгляд, быццам яна заходзіць з роспісу, а яе абсыпалі і віншавалі.

Я трапіла ў такую камеру, дзе ў дзяўчат быў прысуд у дзевяць гадоў, а астатнім свяціла па 10 гадоў, таму мне нават сорамна са сваім прысудам было хвалявацца. Хоць я вельмі перажывала. Суд не забыцца ніколі. Дзяўчынкі трымаліся. Іра Злобіна наогул заўсёды ўсміхаецца і ветлая. Я не ведаю, як у яе атрымліваецца быць заўсёды ў добрым настроі".

"Суддзя не ведала, як судзіць чалавека за адзін каментар"

Судовы працэс Алісы, як і іншых фігурантаў "справы Зэльцэра", праходзіў у закрытым рэжыме. Жанчыну асудзілі да двух гадоў калоніі за адзін каментар у ютубе. Яго кваліфікавалі як распальванне іншай сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 КК) і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

"Усім затрыманым рабілі лінгвістычныя і псіхалагічныя экспертызы каментароў. Але амаль ва ўсіх лінгвістычная экспертыза не пацвердзіла ніводнага артыкула, указанага ў абвінавачванні, у кагосьці пацвердзілі толькі адзін артыкул. Аднак следчыя нам не знялі абвінавачванні ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса. Многія з іх на працягу года атрымалі павышэнне па службе.

Калі мяне перавезлі ў СІЗА-1 перад судом, то ўжо былі працэсы над нашымі дзяўчатамі — ім давалі па два і два з паловай гады калоніі і штрафы. Мы былі ў жаху, бо не чакалі, што будуць такія суровыя прысуды. Мы не чакалі, што будзе настолькі дрэнна ўсё. Але стала лягчэй, калі перакваліфікавалі частку 3 на частку 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса.

Суддзя ўжо не ведала, што пытацца, і як судзіць чалавека за гэты адзін каментар. Пачала чытаць, на якія я каналы была падпісаная, нейкія іншыя каментары, якія да мяне не маюць дачынення. Мая крымінальная справа складалася з двух ці паўтара тамоў. Палова матэрыялаў справы — прадлёнкі ўтрымання пад вартай".

Як распавядае Аліса, сярод палітвязняў яна сустракала лекараў, настаўніц, айцішніц.

"Усе інтэлігентныя жанчыны з вышэйшымі адукацыямі, часта — і не адной, спецыялісткі ў сваёй сферы, якія маюць добрыя сем'і. Не бачыла я там ні прастытутак, ні наркаманак".

Крыніца: "КДБ думаў, што мы ботаферма", — былая палітзняволеная па "справе Зэльцэра"