25.03.2023 Тэгі: палітвязні, пераслед У Беларусі рэгулярна пераследуюць за святкаванне Дня Волі. Любыя масавыя святы, якія не адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі, улады ўспрымаюць як патэнцыйную небяспеку. Грамадзянам не выдаюць дазвол на правядзенне дэманстрацыі ў бачным месцы. А ў выпадку дазволу, пасля свята сілавікі ладзяць хапун удзельнікаў. Прэвентыўная зачыстка актывістаў і арганізатараў - традыцыйная практыка рэжыму. На Дзень Волі траплялі пад зачысткі тыя, хто цяпер прызнаныя палітзняволенымі і знаходзіцца за кратамі паводле ілжывых абвінавачванняў.
Узгадваем, як за апошнія гады сілавікі перашкаджалі адзначаць гадавіну абвяшчэння БНР і затрымлівалі ўдзельнікаў дэманстрацый.
2017. 50 затрыманых назіральнікаў у офісе “Вясны” і 700 затрыманых удзельнікаў Дня Волі
Дзень Волі ў 2017 годзе праходзіў на фоне папярэдніх масавых затрыманняў на дэманстрацыях супраць “закону аб дармаедах” - прымянення Дэкрэта Лукашэнкі №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
Яшчэ напярэдадні свята ў Мінску і іншых гарадах прайшла хваля затрыманняў грамадзян з мэтай не дапусціць правядзення акцыі. Паралельна з затрыманнямі па дзяржаўным тэлебачанні транслявалі прапагандысцкія перадачы для дадатковага запужвання людзей.
У Мінску непасрэдна перад святкаваннем затрымалі больш за 50 назіральнікаў, праваабаронцаў і журналістаў у офісе “Вясны”, якія сабраліся для інструктажу валанцёраў па назіранні за мірнымі сходамі.
Мінскія ўлады аж да 24 сакавіка не паведамлялі сваё рашэнне наконт заяўкі, пададзенай арганізатарамі акцыі, і ў выніку адмовілі ў яе правядзенні па першапачаткова заяўленым маршруце.
25 сакавіка ў сталіцы адбылося традыцыйнае шэсце да Дня Волі, арганізаванае апазіцыйнымі сіламі. Яго жорстка разагналі міліцыя і спецназ. Агулам на День Волі ў той год было затрымана каля 700 чалавек, 149 з якіх пазней прыцягнулі ад адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у мірнай дэманстрацыі.
Асобна варта адзначыць затрыманні паводле крымінальных артыкулаў. 21-22 і 24 сакавіка па абвінавачванні ў фінансаванні ці падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (293 КК) затрымалі 32 чалавекі, у тым ліку Зміцера Дашкевіча, тагачаснага лідара “Маладога Фронту”.
2018. Найбуйнейшае святкаванне Дня Волі ў цэнтры Мінска і затрыманні пасля
У 2018 годзе адбылося самае масавае святкаванне Дня Волі. Мітынг і канцэрт прайшлі ў самым цэнтры Мінска на плошчы перад Вялікім тэатрам оперы і балета. Свята наведалі 11000 удзельнікаў. Нягледзячы на гэта, уладамі было забароненае шэсце, заяўку на правядзенне якога падавалі шэраг палітычных дзеячаў. Міліцыя масава затрымлівала ўдзельнікаў акцыі.
Магілёўскі гарвыканкам адмовіў і ў правядзенні пікету 25 сакавіка да 100-годдзя БНР на плошчы Зорак, паколькі названай пляцоўкі няма ў спісе дазволеных месцаў. Замест цэнтра горада ўлады прапанавалі адсвяткаваць пікет на бязлюдным стадыёне па вул. Чалюскінцаў, што, па словах аднаго з заяўнікаў, палітыка Алега Аксёнава, арганізатараў не задаволіла.
21 сакавіка напярэдадні Дня Волі ў Мінску затрымалі Уладзіміра Някляева для адбыцця раней прысуджаных 10 сутак арышту. Палітзняволенага актывіста Максіма Вінярскага затрымалі на вуліцы, калі той гуляў з сабакам. Пасля мужчыну таксама асудзілі на 10 сутак арышту. У дзень свята затрымалі журналістаў “Белсату”, палітзняволеную Кацярыну Андрэеву і Ігара Ілляша, палітзняволенага палітыка Міколу Статкевіча.
У гэтым годзе ўлады затрымалі 7 назіральнікаў за мірнымі сходамі. Паводле звестак праваабаронцаў, 25 сакавіка супрацоўнікі органаў унутраных спраў затрымалі не менш як 120 удзельнікаў мітынгу.
2019. Акцыя на Кастрычніцкай плошчы і затрыманне музыкаў перад канцэртам
23 сакавіка ў Гродне і 24 сакавіка ў Мінску прайшлі святочныя мерапрыемствы ў форме канцэртаў. 25 сакавіка ў Мінску адбыліся тры акцыі з нагоды свята.
Гарадскія ўлады Мінска не дазволілі правесці мітынг 25 сакавіка каля Вялікага тэатра оперы і балета. Таксама не дазволеныя мерапрыемствы на стадыёне «Дынама». Прыйшла адмова і па запытаных пляцоўках каля Палаца спорту і на плошчы Свабоды.
- Акцыя актывісткі Алены Талстой і айца Вікенція на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску ў падтрымку затрыманых напярэдадні Дня Волі ў 2019 годзе. Фота: Радыё Рацыя
25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску святар Беларускай аўтакефальнай царквы айцец Вікенцій і актывістка Алена Талстая зладзілі акцыю пратэсту супраць затрыманых напярэдадні удзельнікаў святкавання Дня Волі. Алена Талстая прыкавала сябе ланцугом да слупа і трымала ў руках плакат з надпісам: “Дзень Волі ў няволі. Свабаду народу!”. Айцец Вікенцій трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг. Пазней абоіх затрымала міліцыя, а ланцуг зрэзалі з дапамогай супрацоўнікаў МНС.
Вечарам у цэнтры Мінска вядомыя музыкі, Лявон Вольскі, Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч і Ігар Варашкевіч планавалі зладзіць святочны канцэрт да Дня Волі. Перад пачаткам міліцыянты папярэдзілі музыкаў, што канцэрт будзе расцэнены імі, як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Адразу пасля гэтага іх затрымалі. Людзі, якія прыйшлі на канцэрт, пачалі самі спяваць іх песні і пляскаць у далоні.
У розных месцах, па інфармацыі “Вясны”, было затрымана больш за 15 чалавек. Сярод іх — палітыкі і актывісты, а таксама вядомыя рок-музыкі, якія збіраліся зладзіць імправізаваны канцэрт на пешаходнай вуліцы ў цэнтры горада.
2020 Пандэмія і анлайн-святкаванне
Праз пандэмію каронавіруса ў 2020 годзе публічнае святкаванне Дня Волі вырашылі не праводзіць. У той год беларусы глядзелі трансляцыю святочнага анлайн-канцэрта з удзелам музыкаў, грамадскіх актывістаў і дзеячаў культуры. Але з пачаткам трансляцыі адразу пачаліся праблемы з інтэрнэтам і жывога паказу не атрымалася. У 2020 годзе ў Беларусі падчас масавых пратэстаў актыўна выкарыстоўвалася практыка запавольвання інтэрнэту.
2021. Затрыманне палітвязня Анджэя Пачобута, выкрыванне “тэрарыста” і апошняя буйная акцыя пасля прэзідэнцкіх выбараў
У 2021 годзе адбываецца значнае пагаршэнне сітуацыі з правам на мірныя сходы.
З 1 сакавіка ўступілі ў сілу новыя Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Новы КаАП зрабіў больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў, якія праводзяцца без дазволу ўладаў: максімальны штраф устаноўлены ў памеры 200 базавых велічынь – 5 800 беларускіх рублёў, а максімальны тэрмін адміністрацыйнага арышту – 30 сутак.
Напярэдадні Дня Волі ў гарадах Беларусі прайшлі масавыя зачысткі актывістаў. 25 сакавіка гэтыя затрыманні таксама адбываліся на працягу дня ў розных гарадах. Паводле дадзеных “Вясны” было 176 затрыманых. МУС паведаміла пра больш за 200 затрыманых. Яшчэ каля 250 чалавек былі затрыманыя 27 сакавіка: у Мінску была анансаваная акцыя пратэсту ў раёне плошчы Бангалор. Тым часам Следчы камітэт абвясціў, што пачаў крымінальную справу па артыкуле аб грубым парушэнні парадку (арт. 342 КК) за заклікі ў телеграм-каналах да ўдзелу ў гэты дзень у несанкцыянаваных мерапрыемствах.
25 сакавіка 2021 у Гродна сілавікі прыйшлі да палітзняволенага Анджэя Пачобута, журналіста і актывіста Саюза палякаў у Беларусі. Мужчыну даставілі на допыт у Цэнтральны апарат СК у Мінску, пасля чаго затрымалі ў межах крымінальнай справы. У абвінавачанні супраць журналіста гаварылася, што Пачобут у медыях назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе.
8 лютага 2023 г. суддзя Дзмітрый Бубенчык асудзіў Анджэя Пачобута паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму) на восем гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
26 сакавіка 2021 года МУС заявіла аб затрыманні ў Мінску Вячаслава Малейчука. Яго абвінавацілі ў “падрыхтоўцы тэракту” на Дзень Волі. На відэа, апублікаваным уладамі, паказалі мужчыну, які казаў, што атрымаў загад ад кагосці з “BYPOL”. Адразу ж пасля затрымання Малейчук паведамляе на камеру, што мэтай “тэракту” было “выяўленне грамадзянскай пазіцыі”. А блізкія мужчыны паведамляюць СМІ пра нехарактэрныя для яго сухія пратакольныя словы і выразы.
30 траўня 2022 года ў Мінскім абласным судзе Вячаслава Малейчука асудзілі на 22 гады калоніі строгага рэжыму па шэрагу артыкулаў, сярод якіх падрыхтоўка і замах на акт тэрарызму.
2022. Дзень Волі падчас вайны
Летась, за месяц да Дня Волі, пачалася поўнамаштабная вайна Расіі ва Украіне. У Беларусі ўжо трэці год адбываліся беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. Большасць актывістаў патрапілі за краты або вымушана з’ехалі з краіны. Масавага святкавання ў той год не праводзілася.
Нягледзячы на ўсю небяспеку, дзяўчаты з парасонамі ў Мінску на Дзень Волі зладзілі акцыю. Да беларускіх нацыянальных колераў яны дадалі ўкраінскую сімволіку на знак салідарнасці з Украінай.
2023. Масавыя рэпрэсіі перад Днём Волі
Сёлета практыка ўладаў не змянілася. Перад 25 сакавіка па ўсёй краіне адбываюцца масавыя затрыманні, вобшукі і прафілактычныя размовы. Як паведамляе “Радыё Свабода”, сілавікі не хаваюць, што рэпрэсіі звязаныя з набліжаючымся святам.
“Мне ў аддзеле міліцыі проста сказалі, што затрыманьні і вобшукі зьвязаныя з Днём Волі, які раней адзначаўся ў Беларусі 25 сакавіка. Сказалі, што „трусіць“ будуць усіх да 27 сакавіка, гэта дакладна”, - распавёў Свабодзе адзін з затрыманых жыхароў абласнога цэнтра.
21 сакавіка ў Гомеле на заводе ЗліН адбыліся масавыя затрыманні, дзе затрымалі 14 чалавек.
Былога палітвязня Валадара Цурпанава выклікалі ў міліцыю. Магілёўскі актывіст у сябе на старонцы ў Facebook пакінуў запіс, што 24 сакавіка каля 7:40 раніцы да яго дадому заявіліся трое супрацоўнікаў міліцыі, адзін з якіх здымаў усё на камеру. Цурпанаву паказалі з'явіцца да 15: 00 У, верагодна, Кастрычніцкі РАУС Магілёва "на прафілактычную гутарку".
Пад рэпрэсіі таксама патрапілі жыхары Мазыра і Рэчыцы. У Рэчыцы затрымалі некалькіх супрацоўнікаў Метызнага завода.
У на гутаркі ў міліцыю выклікаюць тых, хто ўжо адсядзеў па “палітычным” артыкуле. Сілавікі прыходзяць і да тых, хто ў 2020 годзе адбыў адміністратыўны арышт за ўдзел у пратэсных акцыях.
"Гэта ўсё ёсць у нашай гісторыі": як палітвязні спрычыняліся да святкавання Дня Волі ў розныя часы
"Вясна" распавядае пра ўдзел палітзняволеных у святкаванні Дня Волі ў розныя часы.
Крыніца: Рэпрэсаваны Дзень Волі. Хроніка пераследу 25 сакавіка за апошнія гады ў Беларусі